Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ва ўступным слове на адкрыцці V Усебеларускага народнага сходу.
“Права чалавека і грамадзяніна на ўдзел у кіраванні справамі дзяржавы з’яўляецца неад’емным патрабаваннем часу. Актыўнасць, з якой жыхары краіны ўключыліся ў падрыхтоўку і правядзенне сходаў у працоўных калектывах, па месцы вучобы, службы, жыхарства, яшчэ раз даказала, што наш з’езд — рэальна дзеючы механізм народаўладдзя”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што дэвіз “Разам — за моцную і квітнеючую Беларусь” сімвалізуе пераемнасць і згуртаванасць грамадства на карысць Радзімы. “Мы цэнім грамадскую думку, пажаданні і плённыя ідэі, якія накіраваны на паступальнае развіццё рэспублікі ў эканамічным, сацыяльным і культурным планах. Беларусы хочуць захаваць мір і спакой у краіне, настроены на стваральную работу ў імя сваёй будучыні і будучыні падрастаючага пакалення”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, галоўная мэта форуму — абмеркаваць актуальныя пытанні жыцця грамадства, разгледзець на агульнарэспубліканскім узроўні праблемы рэгіянальнага маштабу, прыйсці да кансалідаванага меркавання адносна вырашэння стратэгічных задач і планаў развіцця эканомікі на новы пяцігадовы перыяд. “Людзі розных узростаў, пакаленняў і прафесій — вы прадстаўляеце насельніцтва ўсёй нашай краіны, усіх рэгіёнаў нашай Радзімы. Вам не толькі аказаны найвышэйшы давер грамадзян, але і ўскладзена велізарная адказнасць. Разам мы павінны прыняць рашэнне па самых важных пытаннях развіцця беларускай дзяржавы і нашага грамадства”, — сказаў прэзідэнт, звяртаючыся да ўдзельнікаў усебеларускага форуму.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Усебеларускі народны сход па праве з’яўляецца адной з найважнейшых форм прамой дэмакратыі і грамадскім інстытутам сучаснай Беларусі, які апраўдаў сябе. “Адкрытая і сумленная размова з людзьмі стала нормай жыцця для ўлады і ўсіх службовых асоб дзяржавы”, — падкрэсліў беларускі лідар.
На парадку дня сходу — абмеркаванне праекта асноўных палажэнняў праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016—2020 гады. “Гэты дакумент даволі аб’ёмны і ахоплівае разнастайныя сферы жыццядзейнасці беларускага народа. Ён накіраваны на салідарныя дзеянні дзяржавы і грамадства ў дасягненні пастаўленых мэт. У ім абгрунтаваны шляхі павышэння канкурэнтаздольнасці эканомікі і якасці жыцця беларускіх грамадзян, удасканалення інстытуцыянальнага асяроддзя. Распрацаваны прававыя і сацыяльна-эканамічныя механізмы рэалізацыі пастаўленых задач і прыярытэтаў, адлюстраваны найбуйнейшыя інвестыцыйныя праекты, якія плануюцца да ўкаранення ў бягучай пяцігодцы”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Галоўным прэзідэнт лічыць выразнае бачанне будучыні краіны. “Мы павінны ўдакладніць задачы па рэалізацыі нашага стратэгічнага развіцця, таму патрэбна вельмі адкрытая, сумленная і прынцыповая размова”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама звярнуў увагу на даклад прэзідэнта: “Яго асаблівасць у тым, што мы паспрабавалі сказаць тое, што не было сказана раней па тэме, абагульніць ужо вядомыя палажэнні аб развіцці краіны ў мэтах вызначэння стратэгіі развіцця Беларусі на будучую пяцігодку”.
“Выказвайце сваё меркаванне ўпэўнена, акцэнтуйце ўвагу на запытах і спадзяваннях людзей, якія вас упаўнаважылі іх прадстаўляць. Прапаноўвайце рашэнні. Вельмі спадзяюся, што прагучыць шмат карысных і канструктыўных прапаноў, якія будуць улічвацца пры падрыхтоўцы нарматыўных прававых актаў дзяржаўнымі органамі”, — заклікаў дэлегатаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў прысутнасць на мерапрыемстве прадстаўнікоў брацкай Расіі, замежных гасцей і зарубежных дыпламатаў.
Сёння V Усебеларускі народны сход працягне сваю работу.
Па матэрыялах БелТА.