“Стала весці больш экалагічны лад жыцця, зацікавілася ваеннымі старонкамі гісторыі сям’і”. Студэнтка Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Ірына Каляда расказала, як прафсаюзная работа заахвочвае яе не толькі дапамагаць іншым, але і мяняцца самой.
У вядучую ўстанову лінгвістычнай адукацыі краіны, прычым на бюджэтную форму навучання, дзяўчына паступіла, скончыўшы сярэднюю школу ў вёсцы Хільчыцы Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Яе прыклад яскрава паказвае, што для таленавітай і матываванай моладзі ў Беларусі адкрыты ўсе дзверы.
Зараз Ірына — студэнтка 5 курса факультэта нямецкай мовы, будучы лінгвіст і выкладчык замежных моў. Прызнаецца, што педагагічны шлях выбрала невыпадкова, былі дастойныя прыклады для пераймання. Дзяўчына з настаўніцкай сям’і: маці шмат гадоў выкладае ў школе рускую мову і літаратуру, бацька — фізіку. Добрым прыкладам былі і педагогі Хільчыцкай школы, якія з любоўю ставяцца да сваёй працы. Звязаць жыццё з нямецкай мовай Ірыну натхнілі настаўніцы гэтага прадмета Людміла Мікалаеўна Сергяевіч і Ніна Фёдараўна Венгура. Бацькі рашэнне дачкі падтрымалі.
Неўзабаве пасля пачатку вучобы дзяўчына наведала традыцыйны ўніверсітэцкі “Кірмаш талентаў”, дзе аб’яднанні ўніверсітэта прадстаўляюць першакурснікам сваю дзейнасць у розных кірунках. Ірына зацікавілася прафсаюзнай работай і вырашыла паспрабаваць у ёй свае сілы. Пачынала з прафгрупарга, ужо больш за 2 гады з’яўляецца старшынёй цэхавай прафсаюзнай арганізацыі факультэта нямецкай мовы.
— Мне вельмі падабаецца атмасфера, якая ў нас пануе: сяброўства, раўнапраўе, кожнага заўсёды выслухаюць, падтрымаюць. Тут сабраліся пазітыўныя людзі, якія хочуць дапамагаць іншым не на словах, а на справе. Прыемна быць у іх ліку, — дзеліцца мая суразмоўніца.
Як старшыня цэхавай прафсаюзнай арганізацыі факультэта Ірына Каляда інфармуе студэнтаў аб іх правах і абавязках, вядзе ўлік прафсаюзнага членства. Асаблівая ўвага — сацыяльнай падтрымцы. Іншагародняй моладзі прафсаюз дапамагае атрымаць месца ў інтэрнаце. А апынуўшыся ў асаблівых жыццёвых абставінах, члены арганізацыі могуць разлічваць на матэрыяльную дапамогу.
Чытайце матэрыял Аксаны Мыцько ў нумары ад 6 студзеня 2023 года.