Усміхніся таму, што будзе…

- 11:50Адукацыйная прастора

Чым запомніўся адыходзячы год? Якія падзеі ў ім сталі яркімі і запамінальнымі? Якія традыцыі сустрэчы Новага года і Каляд існуюць у вашай установе адукацыі, сям’і? Чаго чакаеце ад года Сабакі? Якія планы на яго? На гэтыя пытанні мы папрасілі адказаць добрых сяброў “Настаўніцкай газеты”, вядомых у краіне педагогаў, якія ўдзельнічалі ў конкурсным руху або маюць непасрэднае дачыненне да яго.

Святлана Леанідаўна РУМЯНЦАВА, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Баравухскай сярэдняй школы № 15 Наваполацка, пераможца Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года — 2017”:

— Адыходзячы год быў для мяне вельмі напружаны і складаны, але ў той жа час плённы і паспяховы. Чаму? З аднаго боку, мне давялося шмат рыхтавацца да ўсіх этапаў конкурсу “Настаўнік года — 2017” і маё жыццё сёлета было падзелена на пэўныя перыяды: горад і поспех на ім, падрыхтоўка да вобласці і перамога, яркі запамінальны паўфінал і фінал. Гэта вымагала і душэўных, і фізічных сіл. З іншага боку, перамогі ў прафесійнай дзейнасці былі патрэбныя і важныя, таму што я заслужыла павагу і давер педагагічнай грамадскасці, бацькоў, вучняў, бачыла падтрымку і калег, і сяброў, і адміністрацыі горада.

Самыя яркія падзеі былі звязаны якраз з конкурсам. Запомніліся і ўсе ўрокі, і тое, як я заходзіла ў незнаёмыя класы, як праводзіла майстар-клас для студэнтаў БДУ. Вельмі запомніўся дзень 28 верасня, калі былі аб’яўлены вынікі конкурсу, таму што да апошняга моманту захоўвалася інтрыга і ні адзін з суперфіналістаў не мог ведаць, хто будзе пераможцам. Ніколі не забуду хвіліны, калі прагучала маё імя і прозвішча. І, нягледзячы на тое, што перамога далася напружанай працай, раю настаўнікам спрабаваць, удзельнічаць у прафесійных конкурсах, бо атрымліваеш задавальненне, адчуваеш сапраўднае шчасце.

Асабіста я сустракаю Новы год у сям’і, абавязкова еду ў сваю родную вёску Краснаполле Расонскага раёна, дзе жывуць мае сёстры і маці. І Новы год для нас — сапраўднае сямейнае свята ў бацькоўскім доме за святочным сталом (штораз стараемся прыгатаваць штосьці новае са страў). Напярэдадні свята ў нас існуе традыцыя паходу ў лазню. З сям’ёй, з добрымі ўспамінамі пра адыходзячы год, з надзеяй на лепшае і сустракаем Новы год.

Ад надыходзячага года чакаю больш вольнага часу, каб прысвяціць яго сям’і, дачцэ, любімым заняткам. Чакаю цікавых сустрэч з калегамі, у тым ліку і з кім пазнаёмілася падчас конкурсу, чакаю плённай шчырай працы. Хацелася б, каб надыходзячы год быў мірны, багаты на добрыя справы. Хочацца, каб мае вучні былі паспяховыя — і ў алімпіядным руху, і ў творчых конкурсах, а я ім у гэтым буду дапамагаць. У наступным годзе мая дачка заканчвае ўніверсітэт і хоча паступіць у магістратуру. Жадаю, каб яе мара спраўдзілася.

Калегам у новым годзе шчыра жадаю здароўя, дабрабыту, узаемаразумення ў сям’і, душэўнай раўнавагі і поспехаў ва ўсіх пачынаннях, новых здзяйсненняў! Ідзіце наперад, не спыняйцеся на дасягнутым і верце ў цуды, бо, калі нечага вельмі хочаш, яно абавязкова здзейсніцца. У гэтым я пераканалася асабіста.

Іна Рычардаўна ВІННІК, настаўніца рускай мовы і літаратуры, настаўнік-метадыст Сноўскай сярэдняй школы Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці:

— Адыходзячы год быў насычаны падзеямі, адкрыццямі, новымі знаёмствамі. Самая вялікая прафесійная радасць — поспехі і перамогі маіх вучняў. Год прынёс 12 дыпломаў у навукова-даследчых конкурсах школьнікаў ад раённага ўзроўню да міжнароднага, 7 дыпломаў алімпіяд. Сачыненне пераможцы Усерасійскага конкурсу эсэ з міжнародным удзелам “Паднімі галаву, і ты ўбачыш неба” адпраўлена ў ліку лепшых на касмічную арбіту. Месяц назад чацвёра маіх вучняў (Ангеліна Слабко, Мікалай Наруць, Віталіна Віннік, Уладзіслаў Прымака) сталі фіналістамі Міжнароднага конкурсу “Знаўцы Расіі і рускай мовы” ў Маскве. А Новы 2017 год мая вучаніца Валерыя Барташэвіч сустракала ў Артэку, стаўшы фіналісткай міжнароднага конкурсу.

Яркія ўражанні пакінуў абмен вопытам з калегамі з іншых краін. У маі я прадставіла свой даклад і прымерала ролю мадэратара секцыі на V Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Мова і міжкультурныя камунікацыі” ў Вільнюсе, у верасні правяла майстар-клас у латвійскім Аўцэ. У нашай краіне ўдзельнічала амаль у двух дзясятках мерапрыемстваў па абмене вопытам, у рабоце розных камісій, у праектах абласной і рэспубліканскай творчых груп.

Цікавым і запамінальным быў вопыт удзелу ў двух адкрытых усерасійскіх конкурсах (конкурс на лепшы тэкст для “Пушкінскай дыктоўкі” і конкурс да юбілею А.К.Талстога), у Міжнародным конкурсе педагагічных праектаў у Маскве і Міжнародным конкурсе прафесійнага майстэрства педагогаў “Пазнанне ў сутворчасці” (прадстаўленне вопыту арганізацыі даследчай дзейнасці навучэнцаў) у Мінску. Дзякуй за падтрымку і метадычнае суправаджэнне Мінскаму абласному інстытуту развіцця адукацыі, асабліва Т.С.Праліска, С.Г.Янкоўскай, А.А.Махавіковай, Т.І.Паўлючэнка.

Новы год — маё любімае свята, сустракаем яго ў вузкім сямейным коле. Аднолькава важныя для мяне каталіцкія і праваслаўныя Каляды. Ужо каторы год накрываць святочны стол мне дапамагае мая дачка Віталіна. Сёлета яна ўвайшла ў лік 25 навучэнцаў, якім прысвоена ганаровае званне “Вучань года Мінскай вобласці — 2017”. Яшчэ адна важная падзея года — сын скончыў УВА, паўгода ўжо працуе інжынерам-хімікам і вельмі задаволены сваім выбарам.

Для мяне лепшы падарунак — гэта ўвага. У наш час зносіны, шчырыя адносіны — вялікая раскоша. Сын з дачкой заўсёды рыхтуюць сюрпрызы пад ёлачку. Больш за ўсё з навагодніх свят мне запомніліся ролі Снягуркі на рэспубліканскіх конкурсах “Ёлка-фэст” у 2010 і 2011 гадах.

Хочацца, каб надыходзячы год быў мірны — у краіне, у сям’і, у калектыве. Каб не пакідала натхненне і хапала сіл на задуманае. Каб усё было добра ў родных, сяброў, калег. Хочацца новых адкрыццяў, станоўчых эмоцый, яркіх уражанняў.

Напярэдадні Новага года хачу ў першую чаргу павіншаваць сваіх настаўнікаў з клецкай сярэдняй школы № 2. Ведаеце, чым больш я чытаю, чую і думаю пра кампетэнтнасны падыход, тым больш здзіўляюся: менавіта ў такім ключы вучылі нас яшчэ ў 80-я ў невялікай правінцыяльнай школе. А яшчэ вучылі самастойнасці, адказнасці і ўменню быць удзячным. Віншую сваіх калег са сноўскай школы, з якой маё жыццё звязана амаль чвэрць стагоддзя, і дзякуй ім за разуменне, падтрымку і дапамогу. Віншую ўсіх педагогаў з надыходзячым Новым годам, жадаю цеплыні ў душы і ў адносінах, захопленых вучняў, цярпення, натхнення і новых ідэй! Памятайце словы Г.Г.Маркеса: “Не сумуй аб тым, што было, — усміхніся таму, што будзе!”

Дзмітрый Барысавіч ДОЎНАР, настаўнік працоўнага навучання, настаўнік-метадыст сярэдняй школы № 13 Жлобіна Гомельскай вобласці:

— Для мяне самая яскравая падзея 2017 года — удзел у конкурсе “Настаўнік года”, дзе я дайшоў да фіналу. Сказаць шчыра, не планаваў нават станавіцца ўдзельнікам, таму пра тытул фіналіста нават не марыў. Але Віталь Васільевіч Гузаў стварыў такія ўмовы, што я не проста захацеў, а стаў фіналістам. У нашай школе працуе яшчэ адна фіналістка “Настаўніка года” — Алена Аляксандраўна Ананчыкава.

Назіраючы ў свой час за падрыхтоўкай да конкурсу Віталя Васільевіча і Алены Аляксандраўны, я бачыў, наколькі гэта затратна і адказна, і быў перакананы, што ніхто мяне ў гэтую авантуру не зацягне. Калі ж трапіў у конкурсны рух, то зразумеў каштоўнасць такой школы як і у прафесійным плане, так і для асабістага росту.

Конкурс дадаў упэўненасці ў сабе і самапавагі. Да конкурсу я ведаў, што нядрэнны настаўнік. Цяпер, пасля конкурсу, я ведаю значна больш і разумею, куды трэба рухацца, каб развівацца далей. Каштоўнасць конкурсу і ў тым, што, хоць ён закончыўся, нашы прафесійныя стасункі працягваюцца. А гэта вельмі важна, бо ты заўсёды можаш параўнаць вынікі сваёй педагагічнай дзейнасці з вынікамі калег, якія ў цябе выклікаюць захапленне. Пачуццё раўнапраўнасці і салідарнасці матывуе да далейшага самаразвіцця.

Конкурс зрабіў мяне больш прыкметным у педагагічнай супольнасці. Важным для мяне і маіх калег стаў рэспубліканскі семінар “Інавацыйнае развіццё — стратэгічны вектар адукацыі” з удзелам намесніка прэм’ер-міністра Васіля Жарко. Для педагогаў важна быць пачутымі.

Яшчэ сёлета, пасля конкурсу “Настаўнік года”, я здаў кваліфікацыйны экзамен і стаў настаўнікам-метадыстам. Выдатна, што з’явілася такая кваліфікацыйная катэгорыя. У сваёй рабоце ў гэтым амплуа я раўняюся на В.В.Гузава і А.А.Ананчыкаву. Гэтыя настаўнікі ўвесь час дэманструюць шляхі для самаразвіцця. Метадычная работа — гэта аналітычная работа дзеля дапамогі калегам. У новым годзе буду працаваць у гэтым кірунку больш актыўна. А сваім шматлікім калегам жадаю ў новым годзе ўдачы і каб не здарылася творчага выгарання.

Новы год — час чараўніцтва. Гэта тое свята, калі хочацца адчуць цеплыню сям’і, таму мы сваёй сям’ёй абавязкова збіраемся за святочным сталом. Чакаем з жонкай дачку-студэнтку. Сын са сваёй сям’ёй жывуць побач. Свята адбудзецца, калі збяромся ўсе разам. А першага студзеня па даўняй традыцыі сустрэнемся са сваякамі, каб павіншаваць адзін аднаго і проста пабыць разам. Усім добрых свят!

Іван Віктаравіч ФЁДАРАЎ, каардынатар клуба “Крыштальны журавель”, начальнік цэнтра развіццёвых педагагічных тэхналогій Акадэміі паслядыпломнай адукацыі:

— Самай першай яркай падзеяй 2017 года года стаў VІ калядны фестываль педагагічнага майстэрства, які прайшоў у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі ў студзені. Фестываль стаў маштабным, цікавым, атрымаў шмат станоўчых водгукаў.

Затым хачу ўспомніць два ўзаемазвязаныя мерапрыемствы, якія сталі знакавымі для 2017 года. Гэта конкурс “Настаўнік года” і 10-гадовы юбілей клуба “Крыштальны журавель”. Шмат уражанняў пакінуў юбілей клуба. За 10 гадоў яго члены сталі сапраўднымі сябрамі-аднадумцамі. Клубаўцы — адзіная каманда высакакласных прафесіяналаў. Клуб, будучы нефармальнай арганізацыяй, дапамагае не толькі расці прафесіянальна, але і мець платформу як для прафесійнага росту, так і асобаснага.

Я вельмі ўдзячны членам клуба за іх ідэі і бясконцы рух наперад. Яны бачаць перспектывы руху нашай адукацыі і гатовы шмат працаваць на карысць беларускай школы. І мы ў сваю чаргу таксама імкнёмся ісці ў нагу з часам і рабіць мерапрыемствы для педагогаў больш змястоўнымі і актуальнымі.

Страта года — гэта сыход Віталіны Папко. Мы страцілі аднаго нашага “жураўля”, але Віталіна назаўсёды застанецца з намі. Яна была выдатным педагогам і цудоўным чалавекам.

Увогуле, год быў напружаны. Было шмат мерапрыемстваў, пасяджэнняў, саветаў. Асобна хочацца вылучыць Рэспубліканскі педагагічны савет з удзелам прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Лукашэнкі і Рэспубліканскі семінар “Інавацыйнае развіццё — стратэгічны вектар адукацыі” з удзелам намесніка прэм’ер-міністра Васіля Жарко.

Завяршаецца гэты год тым, з чаго мы і пачыналі, — ужо VІІ калядным фестывалем педагагічнага майстэрства. Такога ў нас яшчэ не было. Удзельнікамі сталі больш за 500 чалавек, было праведзена 113 майстар-класаў, вядучымі сталі 117 чалавек. Занялі ўсю акадэмію. Такога маштабнага фестывалю мы яшчэ не праводзілі. На будучыню ёсць задумы ўключыць у фестываль педагогаў спецадукацыі. Магчыма, асобны фестываль будзе для ўстаноў, якія рэалізуюць інавацыйныя праекты.

Напярэдадні Новага года хачу пажадаць усім здароўя і насычанага жыцця. Жадаю набыць новых сяброў, якія змогуць падставіць плячо ў цяжкую хвіліну і зматываваць на дасягненне новых вяршынь. І тут жа хачу адзначыць, што я заўсёды магу разлічваць на членаў клуба “Крыштальны журавель”, за што ўдзячны кожнаму з іх.

Новы год — сямейнае свята, таму цяпла ўсім і больш радасці ў святочныя дні. Для мяне ж Новы год пачнецца 1 студзеня, бо менавіта ў гэты дзень прыйдуць мае любімыя ўнучкі. Дарэчы, 2017 год падарыў мне трэцюю ўнучку! У мяне вялікая сям’я, якая пастаянна падтрымлівае добрымі словамі, маральна, мудрымі парадамі.

Матэрыялы падрыхтавалі
Наталля КАЛЯДЗІЧ. 
Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва І.Р.ВІННІК.