Установа адукацыі, сям’я, соцыум: умацоўваем здароўе дзяцей разам

- 12:06Адукацыйная прастора

Галоўная задача бацькоўскіх сходаў — разам з татамі і мамамі знайсці рашэнні праблем, якія ўзнікаюць у выхаванні і навучанні дзяцей. Абласны бацькоўскі сход, правядзенне якога стала на Міншчыне традыцыйным, заўсёды ўзнімае надзённыя пытанні, якія хвалююць і тычацца кожнага, а вырашыць іх можна толькі разам. Сёлета на IX абласным бацькоўскім сходзе абмяркоўвалі тэму “Здаровая сям’я — аснова грамадства і дзяржавы”.

—Сёння мы ўзнімаем дзяржаўна важнае пытанне. Калі зараз нешта не заўважым, прапусцім, то ў будучыні могуць быць катастрафічныя наступствы. З’яўляюцца ўсё новыя выклікі часу, якім мы павінны супрацьстаяць. Інтэрнэт паглынае нашых дзяцей, не заўсёды бацькі ведаюць, што дзіця робіць у сетцы, з кім кантактуе і да чаго гэта можа прывесці. Усё часцей у дзяцей сустракаюцца неўрозы, парушэнні зроку, расце колькасць навучэнцаў з лішняй вагой. Яшчэ нядаўна мы не ведалі, што такое спайсы, а сёння яны становяцца рэальнай пагрозай не толькі здароўю, але і жыццю нашых дзяцей. Вось чаму тэма здароўя дзяцей, здароўя сям’і выходзіць на першы план, — падкрэсліла значнасць узнятай на сходзе праблемы Галіна Мікалаеўна Казак, начальнік упраўлення Мінаблвыканкама, якая брала ўдзел у рабоце сходу ў Лагойскім раёне.

Паколькі пытанні бацькоўскага сходу заўсёды актуальныя і патрабуюць агульных намаганняў для вырашэння, да ўдзелу ў мерапрыемстве запрашаецца як мага больш бацькоў. Сёлета ўдзельнікаў было каля 18 тысяч. Да бацькоў і педагогаў далучыліся прадстаўнікі Мінскага аблвыканкама і рай(гар)выканкамаў, Беларускай Праваслаўнай Царквы, супрацоўнікі медыцынскіх устаноў і праваахоўных органаў, раённых аддзелаў па надзвычайных сітуацыях, дзіцячых і маладзёжных грамадскіх арганізацый.

Сход па агульнай тэме праводзіўся ў кожным раёне вобласці. Агульны для ўсіх быў і план правядзення, але ў кожным раёне гэты план напоўнілі разнастайнымі цікавымі мерапрыемствамі. Адначасова ва ўсіх 23-х раёнах стартавала пленарнае пасяджэнне, папярэдне працавалі выставы, а пасля пасяджэння работа сходу працягвалася на тэматычных пляцоўках. Завяршыўся сход сустрэчай для рэфлексіі і падвядзення вынікаў.

Выставы “Свет сям’і: тэрыторыя здароўя” раскрылі розныя аспекты выбранай тэмы сходу, прадэманстравалі, што робяць для зберажэння здароўя дзяцей ва ўстановах адукацыі і прапанавалі цікавыя ідэі, як можна рабіць гэта дома. Напрыклад, у Лагойску ўдзельнікаў сходу віталі на спартыўнай пляцоўцы выхаванцы КСДЮШАР, якія сваім прыкладам паказвалі, што займацца спортам ніколі не рана. Складаныя прыёмы дэманстравалі маленькія каратысты, высокую хуткасць паказвалі біятланісты, трэніроўкі праводзілі барцы і баскетбалісты. На выставе ўрокі фітатэрапіі давалі педагогі Цэнтра дзіцячай творчасці Лагойскага раёна, прапаноўваючы паспрабаваць гарбату са збораў лекавых раслін, карысныя парады давалі ў кутку педагога-псіхолага і медыцынскага работніка, можна было пазнаёміцца з тэматычнай літаратурнай панарамай і даведацца пра аздараўленне ў раёне на выставе-прэзентацыі. Аб неабходнасці весці здаровы лад жыцця нагадвала сваім выступленнем агітбрыгада атрада “Пазітыў”.

Пленарнае пасяджэнне праходзіла ў форме ток-шоу на тэму “Здароўе — гэта…”. Адказы разам шукалі бацькі, педагогі і прадстаўнікі розных ведамстваў і арганізацый. Працаваў адкрыты мікрафон, і бацькі маглі задаць пытанні, якія іх хвалююць, спецыялістам. Тэматычныя пляцоўкі ў Лагойску размясціліся ў сярэдняй школе № 3 і ДЦРД “Лясная казка”. На першай пляцоўцы, у дашкольнай установе, абмяркоўвалі тэму “Традыцыі сям’і — фактар фарміравання здароўя дзіцяці”. На базе школы размясцілася адразу некалькі пляцовак. На пляцоўцы “Школа, сям’я, соцыум: умацоўваем здароўе разам” працавалі прадстаўнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Напрыклад, педагогі Засоўеўскага дзіцячага сада — базавай школы расказалі аб духоўна-маральным праекце, які рэалізоўваецца ва ўстанове. “Стратэгія развіцця: здаровыя дзеці, адказныя бацькі, граматныя педагогі” — пляцоўку пад такой назвай ладзілі супрацоўнікі ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Яны расказалі, як умацоўваюць здароўе дзяцей пры дапамозе музыка, колератэрапіі і мастацтватэрапіі, а яшчэ прапанавалі бацькам здзейсніць падарожжа ў свет пахаў і сабраць мяшочак здароўя.

Міні-трэнінг “Здаровыя сямейныя адносіны — залог паспяховай будучыні” правялі на аднайменнай пляцоўцы супрацоўнікі раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Разам з педагогамі раённага ЦКРНіР на пляцоўцы “Сям’я і школа: выхаванне талерантнасці” ўдзельнікі сходу ўсведамлялі, што такое талерантнасць і навошта яна патрэбна.

Мноства цікавых мерапрыемстваў адбылося ў рамках абласнога бацькоўскага сходу ў розных раёнах. Так, у Маладзечне была прадстаўлена выстава нетрадыцыйнага спартыўнага абсталявання, бацькі сталі ўдзельнікамі інтэрактыўнага форуму-тэатра і творчых майстэрань. У Крупскім раёне бацькі пабывалі на флэш-трэнінгу, сталі ўдзельнікамі інтэрактыўных гульняў і спартландыі, іх увазе былі прапанаваны флэш-моб і псіхалагічны практыкум. Інтэрактыўныя заняткі, кірмаш здаровых ідэй, круглы стол, прома-квест, удзел у пасяджэнні сямейнага савета і бацькоўскага клуба чакалі ўдзельнікаў сходу ў Валожынскім раёне. На Мядзельшчыне адбыўся сямейны турнір па шахматах, танцавальныя батлы і пленэр мастакоў-імпрэсіяністаў. У Любані дашкольнікі і іх бацькі ладзілі тэатральную пастаноўку, а ў Вілейцы навучэнцы арганізавалі паказ тэатра моды.

У выніку работы сходу па прапановах удзельнікаў мерапрыемства быў складзены і агучаны збор правіл здаровай сям’і Мінскай вобласці. Кожны ўдзельнік сходу пакідаў мерапрыемства з дакладным разуменнем таго, што ад нашых узгодненых дзеянняў, якасці ўзаемадзеяння ўсіх структур залежыць здароўе нашых дзяцей, наш сямейны дабрабыт.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.