Установы адукацыі Полацка, Наваполацка і Курска падпісалі дагаворы аб сяброўстве і супрацоўніцтве

- 10:02Новости

Віцебск першым сустрэў удзельнікаў XXXIV Міжнароднага маршу міру, прысвечанага 80-­годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка­-фашысцкіх захопнікаў, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Марш міру арганізаваны Курскім абласным аддзяленнем Расійскага фонду міру. У складзе дэлегацыі — старшыня камітэта адукацыі Курска Лідзія Асадчых, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, кіраўнікі школ. На працягу маршруту, які ўключае ў сябе абласныя цэнтры Беларусі, а таксама Мінск і Нясвіж, удзельнікі плануюць бліжэй пазнаёміцца з прадстаўнікамі міратворчага руху, абмяняцца вопытам работы. Праграма прадугледжвае падпісанне дагавораў аб сяброўстве і супрацоўніцтве паміж беларускімі і расійскімі ўстановамі адукацыі. Два з іх заключылі ў Віцебску: паміж сярэдняй школай №16 Полацка і сярэдняй агульнаадукацыйнай школай № 43 імя Г.К.Жукава Курска, сярэдняй школай № 2 імя Я.А.Трапезнікавай Наваполацка і сярэдняй школай № 61 імя П.А.Міхіна Курска.

На базе сярэдняй школы №16 Полацка дзейнічае Музей гісторыі развіцця адукацыі Полацкага рэгіёна, які з’яўляецца цэнтрам грамадзянска-патрыятычнага і духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў.

— Наш музей інтэрактыўны, сучасны, ён не спыняецца ў сваім развіцці, з кожным разам прыцягваючы ўсё больш і больш наведвальнікаў, у тым ліку і віртуальных, — адзначыла дырэктар школы Ірына Зімніцкая. — У мінулым навучальным годзе мы прынялі ўдзел у анлайн-выставе “Фестываль школьных музеяў”, якая праводзілася ў дзвюх намінацыях: “Знаёмства з музеем. Мост сяброўства” (маецца на ўвазе супрацоўніцтва з музеем установы адукацыі Расійскай Федэрацыі) і “Гісторыя аднаго экспаната”. Такім чынам, дзякуючы Асацыяцыі школ Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь, мы пазнаё­міліся з музеем сярэдняй агульнаадукацыйнай школы № 43 імя Г.К.Жукава Курска. З лютага пачалося наша плённае ўзаемадзеянне. У красавіку мы правялі тэлемост, падчас якога навучэнцы расказалі пра гісторыю нашых гарадоў, іх славутасці і вядомых людзей, прадставілі школьныя музеі. У сваю чаргу, іх кіраўнікі падзяліліся адметнымі формамі і метадамі работы, абмяняліся прэзентацыйнымі матэрыяламі, а затым у фармаце інтэрактыўных заданняў нашы юныя музейныя актывісты прайшлі праверку атрыманых ведаў. Мы дамовіліся аб далейшай сумеснай рабоце, намецілі бліжэйшыя мерапрыемствы.

Асабліва спадабалася навучэнцам з абедзвюх краін арганізаванае ў анлайн-фармаце знаёмства з беларускімі і расійскімі народнымі промысламі, майстар-класы па вырабе лялькі-мотанкі і кажлянскай глінянай цацкі.

Школьнікі пасябравалі, актыўна кантактуюць праз сацыяльныя сеткі і педагогаў. Цяпер установы адукацыі падпісалі дагавор, які адкрывае новыя перспектывы. У прыватнасці, палачане запрасілі каманду курскай школы на Скарынаўскія дні ў Полацку.

Сярэдняя школа № 2 імя Я.А.Трапезнікавай Наваполацка мае значны вопыт міжнароднага партнёрства, уключаючы моцныя кантакты з Расійскай Федэрацыяй. Гэтаму спрыяюць статус “Школы міру” і, безумоўна, заснаваны легендарнай Яўгеніяй Трапезнікавай народны музей баявой славы. Справу Яўгеніі Анатольеўны актыўна працягвае Ксенія Антонава. Менавіта праз школьны музей новапалачане, напрыклад, наладзілі супрацоўніцтва з Кемераўскім дзяржуніверсітэтам і сёлета разам рэалізавалі ўжо трэці сумесны праект, прысвечаны землякам і воінам-вызваліцелям, удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. У рамках “Маршу міру” дагавор падпісалі дырэктар установы адукацыі Святлана Федзюкова і яе калега з сярэдняй школы № 61 імя П.А.Міхіна Курска Алена Весялова.

— Прыкладна год назад першы крок зрабілі расіяне — выйшлі на нас і прапанавалі сябраваць, — паведаміла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце школы № 2 імя Я.А.Трапезнікавай Святлана Патапава. — За гэты час нас многае з’яднала. Так, нашы навучэнцы па запрашэнні расіян прынялі ўдзел у конкурсах антынаркатычнай тэматыкі, былі ўзнагароджаны дыпломам ІІ ступені. Калі ў чэрвені кіраўнік адміністрацыі цэнтральнай акругі Курска Андрэй Барысаў прыяз­джаў на святкаванне 66-годдзя Наваполацка, ён па просьбе школы № 61 імя П.А.Міхіна завітаў да нас і перадаў японскую тую, якую мы пасадзілі ля ўвахода ў школу. Як Школа міру мы ажыццяўляем маштабны праект “Міравы марафон”. Гэта распрацаваны творчымі групамі педагогаў і навучэнцаў цыкл інтэлектуальных гульняў па асноўных напрамках дзейнасці Беларускага фонду міру. Ужо правялі дзве гульні, прысвечаныя міратворчаму руху і ўвекавечванню памяці загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. У кожным з этапаў марафону ўдзельнічалі школьнікі з Курска, што нас яшчэ больш зблізіла. Між тым наперадзе ў нас яшчэ 4 новыя гульні. Цяпер у сумесных планах падключыць да гэтага праекта партнёраў школы № 61 імя П.А.Міхіна з розных рэгіёнаў Расіі.

Таксама мы плануем запусціць новы патрыятычны праект “Іл-2: палёт працягваецца”. Ён будзе прысвечаны ваенным лётчыкам, паколькі першы помнік з ліку ўстаноўленых дзякуючы рабоце пошукавікаў і нашага школьнага музея — гэта мемарыяльны знак на месцы гібелі савецкага самалёта Іл-2 і пахавання камандзіра экіпажа Аляксея Шкарпетава.

Праект разлічаны на ўвесь наступны навучальны год: штомесяц будзе праводзіцца шэраг невялікіх мерапрыемстваў і адно цэнтральнае тэматычнае. Рэалізацыя прадугледжвае супрацоўніцтва з НАН Беларусі, ПДУ імя Еўфрасінні Полацкай, Кемераўскім дзяржуніверсітэтам, прадпрыемствамі і арганізацыямі нашага горада. Плануем далу­чыць і Курск.

Яркімі старонкамі “Маршу міру” сталі прэзентацыі праекта “Курскі характар” і ваенна-гістарычнага музея “Юныя абаронцы Радзімы”. Юбілейнымі медалямі да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў былі ўзнагаро­джаны старшыня ДТСААФ па Курскай вобласці, намеснік сакратара Курскага рэгіянальнага аддзялення партыі “Адзіная Расія” Надзея Панамарова і начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота прадастаўлена сярэдняй школай № 2 імя Я.А.Трапезнікавай Наваполацка