Устойлівае функцыянаванне пенсіённай сістэмы — прыярытэт дзяржаўнай палітыкі

- 11:26Інфармацыйная гадзіна, Рознае

У Беларусі развіццё пенсіённай сістэмы ў 2016—2020 гадах будзе накіравана на забеспячэнне яе фінансавай устойлівасці і сацыяльна прымальнага ўзроўню пенсій. Аб гэтым паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, каменціруючы прыярытэты на сярэднетэрміновы перыяд.

Паводле слоў спецыялістаў, плануецца падтрыманне ўзроўню і пакупной здольнасці пенсій, а таксама суадносін сярэдняй пенсіі па ўзросце і сярэдняй зарплаты работнікаў на ўзроўні, не меншым за 40% (з улікам фінансавых магчымасцей дзяржавы). Для адаптацыі пенсіённай сістэмы да зменлівых умоў функцыянавання будуць праводзіцца штогадовае павышэнне пенсіённага ўзросту на 6 месяцаў; штогадовае павелічэнне на 6 месяцаў мінімальнага страхавога стажу для назначэння працоўных пенсій па ўзросце і за выслугу гадоў; штогадовае павелічэнне перыяду, з заработку за які вылічваецца пенсія. Прадугледжваецца падрыхтоўка нарматыўных прававых актаў, накіраваных на падтрыманне збалансаванасці бюджэту Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН). Будзе прадоўжана работа па заключэнні міжнародных дагавораў, якія прадугледжваюць сумеснае фінансаванне дзяржавамі выплаты пенсій за стаж работы на іх тэрыторыі (у ЕАЭС, а таксама з іншымі дзяржавамі, адносна якіх адзначаецца высокая працоўная міграцыя). Гэтыя напрамкі развіцця пенсіённай сістэмы ўключаны ў праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016—2020 гады.

У міністэрстве адзначылі, што пастаянна праводзіцца маніторынг функцыянавання і фінансавага стану сістэмы дзяржаўнага сацыяльнага страхавання і пенсіённага забеспячэння. З улікам змянення сацыяльна-дэмаграфічных і эканамічных умоў прымаюцца і планамерна рэалізоўваюцца меры, накіраваныя на ўтрыманне росту пенсіённых расходаў, на забеспячэнне збалансаванасці бюджэту ФСАН і ўстойлівага функцыянавання пенсіённай сістэмы.

У 2012—2015 гадах у Беларусі прымаліся актыўныя меры па адаптацыі пенсіённай сістэмы да змяненняў сацыяльна-дэмаграфічнай сітуацыі. У пенсіённым заканадаўстве замацаваны нормы, накіраваныя на рацыяналізацыю пенсіённых расходаў і спыненне ўтрыманскіх установак.

З улікам актывізацыі міграцыйных працэсаў значная ўвага ўдзяляецца развіццю міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне пенсіённага забеспячэння. Дагаворы (пагадненні), якія заключаюцца ў апошнія гады ў гэтай галіне, заснаваны на прынцыпе прапарцыянальнасці, па якім пенсію выплачвае тая дзяржава, дзе грамадзянін працаваў з выплатай узносаў на пенсіённае страхаванне, гэта значыць, для фінансавання пенсій прыцягваюцца рэсурсы іншай дзяржавы. Такія дагаворы ўжо заключаны з Расіяй, Літвой і Латвіяй. У чэрвені 2014 года прэзідэнтам падпісаны Закон “Аб ратыфікацыі пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Азербайджанскай Рэспублікі аб супрацоўніцтве ў галіне пенсіённага забеспячэння”, праводзіцца работа над праектам адміністрацыйнага пагаднення аб парадку яго прымянення. Таксама распрацоўваюцца праекты міжнародных дагавораў у галіне сацзабеспячэння ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, з Малдовай, Эстоніяй, Польшчай, Чэхіяй.