Уступная кампанія пачалася. І, як заўсёды, першым прадметам, па якім абітурыенты здавалі ЦТ, была беларуская мова. Яе ў якасці выпрабавання выбралі 24 тысячы 20 чалавек.
Дарэчы, беларускую мову выбралі не так ужо і шмат абітурыентаў. Для параўнання: на рускую зарэгістравалася больш як 77 тысяч чалавек. Усяго ж у гэтым годзе ЦТ па розных прадметах плануюць прайсці амаль 101,7 тысячы маладых людзей.
У Мінску для здачы ЦТ было падрыхтавана 19 участкаў. Па краіне іх колькасць дасягнула 51. Усюды работа праходзіла па адладжанай схеме.
У пункты здачы ЦТ пускалі толькі па пашпарце. На ўваходзе, а пасля і ў самой аўдыторыі, перад тым як былі раздадзены бланкі заданняў, абітурыентам нагадвалі асноўныя правілы праходжання тэсціравання. Так, падчас іспыту дазваляецца мець пры сабе толькі пашпарт, пропуск і ручку. Безумоўна, узгадвалі і пра забарону размаўляць, спісваць, мяняць нумар тэста, мяняцца тэстамі. Невыкананне гэтых патрабаванняў пагражае выдаленнем з аўдыторыі і, адпаведна, стратай магчымасці стаць студэнтам універсітэта ці навучэнцам сярэдняй спецыяльнай установы адукацыі ў гэтым годзе.
За ходам правядзення ЦТ сёлета сочаць каля 200 супрацоўнікаў Дзяржкантролю. “Не думаю, што будзе нешта надзвычайнае. Працэдура адпрацавана. Выкладчыкі, якія задзейнічаны ў камісіях, маюць дастатковы вопыт”, — адзначыў Аляксандр Курлыпа, начальнік Галоўнага ўпраўлення кантролю бюджэтна-фінансавай сферы Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі.
Канверты з заданнямі распакоўваліся адначасова ва ўсіх пунктах здачы ЦТ — у 11 гадзін. Пасля гэтага ў аўдыторыю ўжо нікога не пускалі. Праўда, былі і такія, хто прымчаўся амаль за некалькі хвілін да пачатку, паспеўшы, як кажуць, ускочыць у апошні вагон. Таму парада для абітурыентаў: старайцеся прыходзіць на іспыты загадзя.
Даведацца аб колькасці набраных балаў абітурыенты змогуць праз 10—12 дзён пасля іспытаў у пунктах здачы ЦТ альбо на афіцыйным сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў. Таксама можна скарыстаць магчымасці SMS-запыту.
Святлана ШЫЯН.
Фота БелТА.