Усведамленне асабістай значнасці

- 9:52Актуально, Апошнія запісы

У рамках Усебеларускай патрыятычнай акцыі “Мы — грамадзяне Беларусі!”, якая стартавала ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці, у Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь міністр адукацыі Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў вітаў лепшых навучэнцаў краіны, якім споўнілася
14 гадоў, і ўручыў ім першы і самы галоўны дакумент у іх жыцці — пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.

15 сакавіка — асаблівая дата ў гісторыі нашай дзяржавы. У гэты дзень 22 гады назад была прынята Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Асноўны Закон стаў пачаткам новай эпохі ў летапісе Беларусі, новай старонкай у яе развіцці, ва ўмацаванні суверэнітэту. Стала добрай традыцыяй гэты гістарычны дзень ператвараць у незабыўную, хвалюючую падзею, калі школьнікі навучальных устаноў атрымліваюць свае пашпарты з рук высокіх асоб нашай краіны. Так было і на гэты раз. Кіраўнік адукацыйнай галіны Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў уручыў выдатнікам вучобы, пераможцам і прызёрам шматлікіх спаборніцтваў, юным спартсменам, актывістам іх першы і самы галоўны дакумент. Атрымаўшы пашпарт, які з’яўляецца своеасаблівай пуцёўкай у дарослае жыццё, юнакі і дзяўчаты нясуць адказнасць не толькі за ўласны лёс, але і за лёс сваёй краіны, грамадзянамі якой яны афіцыйна сталі. Менавіта ў дзень атрымання свайго галоўнага дакумента да юных грамадзян нашай краіны прыходзіць усведамленне высокага сэнсу і сваёй асабістай значнасці ў будучыні Радзімы, фарміруецца дух патрыятызму і грамадзянская пазіцыя. Безумоўна, атрыманне пашпарта ў афіцыйнай урачыстай абстаноўцы, што, канечне, застанецца ў памяці маладых людзей назаўсёды, мае яшчэ і выхаваўчы момант.
У час сустрэчы М.А.Жураўкоў падкрэсліў, што, атрымаўшы пашпарт, малады чалавек становіцца паўнапраўным грамадзянінам нашай краіны, а гэта значыць, што на яго накладваецца грамадзянская адказнасць не толькі за сябе, але і за ўсю краіну.
— Тады будзе квітнець наша Беларусь, калі кожны яе грамадзянін будзе працаваць не толькі на сваю асабістую карысць, але і ў імя сваёй краіны і нашага грамадства, — адзначыў Міхаіл Анатольевіч.
— Для кожнага чалавека атрыманне пашпарта з’яўляецца ўрачыстым і запамінальным момантам у жыцці, — выказалася Наталля Іванаўна Пшанічная, начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі. — Але менавіта з гэтага моманту пачынаецца ваша сталае жыццё, калі трэба будзе самастойна вырашаць праблемы, праяўляць цвёрдасць, імкнуцца дасягаць пастаўленых задач. На сённяшні дзень ваша задача — добра вучыцца, весці здаровы лад жыцця, актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці. У нашай краіне маладым грамадзянам прадастаўлены ўсе магчымасці, каб яны маглі паспяхова рэалізоўваць свае таленты, творчыя ідэі і памкненні.
Навучэнка сталічнай гімназіі № 24 лаўрэат шматлікіх міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў Лізавета Мураўёва ў адказ на пажаданні кіраўніцтва галіновага міністэрства заверыла, што моладзь гатова дастойна працягваць справу старэйшага пакалення і стане трывалай апорай краіны.
Гэтыя словы падтрымалі Даяна Гарнашэвіч з сярэдняй школы № 43, Ксенія Саратава з сярэдняй школы № 164, Уладзіслаў Войтка з сярэдняй школы № 182 і іншыя школьнікі. Разам з пашпартамі навучэнцы сталічных устаноў адукацыі таксама атрымалі маляўнічы альбом “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь” выдавецтва “Пачатковая школа”. У выданні выкладзены асноўныя палажэнні Канстытуцыі, дапоўненыя каментарыямі, тлумачэннямі, выказваннямі вядомых дзеячаў.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.