Усвядоміць сапраўдную ступень крохкасці навакольнага асяроддзя

Разбурэнне ў апошнія дзесяцігоддзі сусветнага парадку істотна павялічыла рызыку глабальнага ядзернага канфлікту паміж галоўнымі сусветнымі дзяржавамі. Аб гэтым заявіў пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Андрэй Дапкюнас у час удзелу ў адкрытай дыскусіі Савета Бяспекі ААН “Прадухіленне канфліктаў і захаванне міру”, паведамілі ў прэс-службе МЗС.

У сваім выступленні беларускі дыпламат адзначыў, што паступовае разбурэнне ў апошнія дзесяцігоддзі сусветнага парадку, заснаванага на правілах і прынцыпах, істотна павялічыла рызыку глабальнага ядзернага канфлікту паміж галоўнымі сусветнымі дзяржавамі — наўмысна, з-за памылкі або па трагічным збегу акалічнасцей.

У гэтых умовах і ў адсутнасць дамоўленасці паміж вядучымі ядзернымі дзяржавамі аб іх агульнай першаснай адказнасці за прадухіленне глабальнай вайны і ўстанаўленне калектыўнай сістэмы падтрымання міру ўсе спробы міжнароднай супольнасці, у тым ліку ў рамках ААН, знайсці трывалае вырашэнне неглабальных канфліктаў будуць дарэмнымі. Па вызначэнні пастаяннага прадстаўніка гэтыя намаганні азначаюць мікракіраванне сістэмай, не адрэгуляванай на макраўзроўні.

На думку Андрэя Дапкюнаса, свет павінен усвядоміць сапраўдную ступень крохкасці навакольнага асяроддзя — фізічнага, сацыяльнага, культурнага і палітычнага — і спыніць праверку на яго ўстойлівасць.

Беларускі дыпламат узняў пытанне аб асаблівай адказнасці найбольш магутных у ваенных адносінах дзяржаў свету за лідарскія ўчынкі па стварэнні і ахове калектыўнай прававой сістэмы падтрымання міру.

Адносна ролі Савета Бяспекі ААН у гэтым працэсе Андрэй Дапкюнас выказаў меркаванне, што паказчыкам рэальнага поспеху ў рабоце Савета Бяспекі з’яўляецца не колькасць праведзеных пасяджэнняў і прынятых рэзалюцый, а здольнасць кожнага члена Савета Бяспекі садзейнічаць стварэнню ўнутры аднаго з галоўных органаў сістэмы ААН атмасферы большай маральнай запатрабаванасці пастаяннага дыялогу паміж сусветнымі звышдзяржавамі і іх здольнасці ўзаемнага суперажывання.

Кіраўнік беларускай місіі пры ААН выказаў меркаванне, што Савет Бяспекі прыносіць мала карысці для свету ў якасці палітычнага тэатра. Разам з тым свету вельмі неабходны Савет Бяспекі, які вызначаецца не столькі рухам шасцерань яго палітычнага механізма, колькі шчырым узаемадзеяннем людзей, якія робяць высакародную спробу пабудовы дыялогу паміж партнёрамі для лепшага ўзаемаразумення.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *