Усвядомленае рашэнне: ці паўплываў удзел ва ўніверсітэцкай алімпіядзе на выбар месца навучання

- 13:26Образование

Ці паўплываў удзел ва ўніверсітэцкай алімпіядзе на выбар будучай прафесіі і месца навучання, расказалі карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” віцебскія абітурыенты і іх настаўнікі.

Дар’я Семянюк, выпускніца 11 “Б” класа ся­рэдняй школы № 46 Віцебска імя І.Х.Баграмяна:

— Спецыяльнасць “Мік­рабіялогія”, на якую я падала дакументы, новая для ВДУ імя П.М.Машэрава. Вельмі хочацца пасту­піць менавіта ў гэты ўніверсітэт! Біялогіяй дадаткова я зай­маюся некалькі гадоў, бо прадмет прывабіў мяне адразу, як пачалося знаёмства з ім у школе. У 7 класе нас запрасілі ў школу юных хімікаў-біёлагаў у рамках падрыхтоўчых курсаў пры ВДУ. З першых хвілін універсітэт прыемна ўразіў, прычым далей жаданне тут вучыцца толькі ўмацоўвалася. Спадабаліся выкладчыкі, было вельмі цікава пабываць на профільнай кафедры, у лабараторыях. Пазней я пачала наведваць дні адкрытых дзвярэй, што яшчэ больш натхніла на паступленне сюды. У 11 класе мне пашчасціла дакрануцца да творчага жыцця ўніверсітэта. Мы з сябрамі паспрабавалі свае сілы ў адкрытым чэмпіянаце каманд КВЗ ВДУ. Дайшлі, між іншым, да паўфіналу. Думаю, для школьнага дэбюту гэта поспех. Раней я ўдзельнічала ў Рэспубліканскай алімпіядзе па біялогіі, на раённым этапе займала прызавыя месцы, а па выніках універсітэцкай алімпіяды па любімым прадмеце ў мяне дыплом ІІ ступені. Гэта канчаткова прадвызначыла наступны крок. Спадзяюся, перамога дапаможа мне стаць неўзабаве першакурсніцай.

Ганна Ткачова, класны кіраўнік 11 “Б” класа сярэдняй школы № 46 Віцебска імя І.Х.Баграмяна:

— Па маім меркаванні, універсітэцкія алімпіяды патрэбны ў першую чаргу для матывацыі навучэнцаў і ўсвядомленага выбару імі як прафесійнага напрамку, так і месца вучобы пасля атрымання агульнай сярэдняй адукацыі. Таксама такія алімпіяды адлюстроўваюць вынікі работы навучэнца і педагогаў. Гэта сур’ёзны шанс для выпускнікоў паступіць у выбраны ўніверсітэт не на агульных падставах, а з прыемным, ганаровым для яго і нас, настаўнікаў, бонусам. Нашы дзеці мэтанакіраваныя, яны з ахвотай і паспяхова прымаюць удзел у рэс­публіканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах, розных дыстанцыйных алімпіядах. У школе наладжана цеснае супрацоўніцтва з рэгіянальнымі ўстановамі вышэйшай адукацыі, асаб­ліва з ВДУ імя П.М.Машэрава і ВДМУ. Гэта, несумненна, уплывае на прафесійны выбар будучых абітурыентаў. Сёлета ў маім класе па выніках універсітэцкіх алімпіяд ёсць прэтэндэнты на залічэнне, прычым нямала. У тым ліку сярод іх ёсць пераможцы алімпіяды ў ВДУ па біялогіі, хіміі, матэматыцы, гісторыі. Усе яны маюць дадатковую магчымасць для паступлення на профільныя спецыяльнасці. А хтосьці з падобным бонусам нацэліўся ў нашы тэхналагічны, медыцынскі ўніверсітэты. Тут варта адзначыць, што многія ацанілі перавагу вучобы па мэтавым накіраванні. Напрыклад, у апошні з названых універсітэтаў паступаюць два мэтавікі з майго класа і яшчэ чатыры з паралелі.

Уладзіслаў Сушко, выпускнік 11 “А” класа гімназіі № 2 Віцебска, пераможца шостага сезона інтэлектуальнага шоу “Я ведаю”:

— Універсітэцкую алімпіяду з самага пачатку я разглядаў як дадатковы рэсурс для паступлення. У старшых класах выразна ўсведамляў, што выбар устаноў вышэйшай адукацыі па маім профілі дастаткова шырокі і кожная дае пэўныя перспектывы. Аднак найлепшы для сябе варыянт я даўно выбраў у родным горадзе — Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Добра арыентавацца ў прафесіях і УВА дапамагло захапленне інтэлектуальнымі гульнямі, якімі займаюся амаль сем гадоў у аб’яднанні па інта­рэсах пад кіраўніцтвам Сяргея Мікалаевіча Крывенкі. Разам з камандай мы неаднаразова заваёўвалі медалі рэспубліканскіх ін­тэлектуальных турніраў, у індывідуальнай “Сваёй гульні” я станавіўся чэмпіёнам краіны сярод навучэнцаў. Інтэлектуальныя гульні пашыраюць кругагляд і на­цэльваюць на ўдасканальванне, развіццё. Тое ж самае можна сказаць пра алімпіяды, розныя конкурсы па вучэбных прадметах, сярод якіх маім прыярытэтам спачатку была геаграфія, але потым больш прывабілі хімія і біялогія. Гэта невыпадкова, бо з сярэдніх класаў я на­цэліўся на медыцынскую спецыяльнасць і паступленне ў ВДМУ. У гімназіі даволі вынікова я займаўся даследчай дзейнасцю. Напрыклад, на маім рахунку два дыпломы І ступені Рэспуб­ліканскага конкурсу работ даследчага характару (канферэнцыі) па біялогіі і перамога на International Conference of Young Scientists (ICYS) у Бялградзе. Калі з’явілася магчымасць па­ўдзельнічаць ва ўніверсітэцкай алімпіядзе, канечне, скарыстаўся ёй. У выніку стаў пераможцам, а гэта прамы шлях да паступлення. Падаў дакументы, чакаю рашэння прыёмнай камісіі.

Сяргей Крывенка, настаўнік гімназіі № 2 Віцебска, заслужаны настаўнік Рэс­публікі Беларусь:

— Характэрны факт: з чатырох прадстаўнікоў нашай гімназічнай каманды па інтэлектуальных гульнях, якія ў гэтым сезоне змянілі статус з навучэнскіх на абітурыенцкія, трое збіраюцца паступаць у ВДМУ. Усе яны ўдзельнічалі ва ўніверсітэцкай алімпіядзе. Гэта добрае пачынанне, эфектыўнасць якога пацвярджаецца практыкай. Пагля­дзіце, як спрытна ўжо не першы год праз унутраныя алімпіяды завабліваюць да сябе абітурыентаў расійскія УВА! Перамога ў алімпіядах, уключаючы ўніверсітэцкія, — перавага для навучэнца выпускнога класа пры паступленні. Не варта скідваць з рахунку і элементы спаборніцтва: умець сканцэнтравацца, здолець у нечым выйсці за межы ўласных магчымасцей важна для развіцця і станаўлення маладога чалавека.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара