ДУБІНА Максім Віктаравіч,
настаўнік фізікі сярэдняй школы № 1 Фаніпаля Дзяржынскага раёна.
У 2012 годзе скончыў з адзнакай Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна па спецыяльнасці “Фізіка. Матэматыка”. У 2013 годзе атрымаў акадэмічную ступень магістра фізіка-матэматычных навук. Мае больш за 20 навуковых публікацый. Са жніўня 2013 года працуе настаўнікам: пачынаў у Скірмантаўскай сярэдняй школе, а зараз выкладае ў сярэдняй школе № 1 Фаніпаля Дзяржынскага раёна. Педагагічнае крэда выказвае словамі І.Канта: “Не думкам трэба вучыць, а думаць”.
Намінацыя “Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка”
Як навучыць вучыцца з захапленнем? Як уцягнуць у працэс навучання ўсіх навучэнцаў класа? Як павысіць матывацыю навучэнцаў да спасціжэння вучэбнага прадмета “Фізіка”? На гэтыя актуальныя для маладога настаўніка пытанні Максім Віктаравіч стараўся знайсці адказы ўжо ў першыя гады работы ў школе.
Сёння настаўнік не з’яўляецца адзінай крыніцай ведаў, таму што навучэнцы могуць атрымліваць інфармацыю з розных крыніц, таму Максім Віктаравіч паставіў перад сабой задачы навучыць школьнікаў пераадольваць цяжкасці ў асваенні новых ведаў, правільна арыентавацца ў патоку інфармацыі, выкарыстоўваць розныя крыніцы інфармацыі ў дасягненні вучэбных мэт.
У якасці найбольш эфектыўных у практыцы настаўніка метадаў і прыёмаў варта адзначыць калектыўную работу на ўроку, дэманстрацыйны эксперымент, задачы нестандартнага зместу і пазаўрочную дзейнасць.
У час правядзення лабараторных работ на ўроках любога настаўніка фізікі навучэнцы працуюць у групах. Тут важны падыход да фарміравання групы (брыгады — групы, якая выконвае лабараторную работу). Настаўнік фарміруе брыгады з навучэнцаў роўных магчымасцей, зыходзячы з адзнак за мінулую чвэрць, або па сярэднім бале за бягучую чвэрць. Гэта служыць навучэнцам стымулам для актывізацыі і прыняцця адказнасці на сябе, а таксама нагодай павысіць сваю паспяховасць, каб наступны раз трапіць у больш моцную брыгаду. Гэтую форму М.В.Дубіна прымяняе ўжо каля трох гадоў. Яна дазваляе выканаць адразу некалькі задач: дыягнаставаць узровень засваення вучэбнага матэрыялу навучэнцамі; развіць у навучэнцаў навыкі калектыўнай работы і работы з інфармацыяй; спрыяць фарміраванню адэкватнай самаацэнкі ў навучэнцаў.
Дэманстрацыйны эксперымент з’яўляецца неабходным элементам ўрока фізікі і адначасова павышае матывацыю навучэнцаў да вывучэння прадмета. Работа навучэнцаў з тым ці іншым абсталяваннем часта займае шмат часу на ўроку, але дазваляе кожнаму дзіцяці пабыць у ролі даследчыка. Навучэнцы атрымліваюць пазітыўны вопыт у вывучэнні фізічных з’яў, з задавальненнем паўтараюць гэтыя доследы дома. Правядзенне дэманстрацыйнага эксперымента пазітыўна ўплывае на павышэнне матывацыі навучэнцаў да вывучэння фізікі, а значыць, дазваляе павысіць якасць ведаў.
З развіццём інфармацыйных тэхналогій змяніліся і падыходы навучэнцаў да рашэння задач. Часта школьнікі не рашаюць задачы, а спісваюць іх рашэнне, выкарыстоўваючы розныя сайты-рашэбнікі. Узнікае неабходнасць у выкарыстанні задач, “не знаёмых” інтэрнэту. І паколькі гэтыя задачы ўсё роўна прыходзіцца складаць, у мяне ўзнікла ідэя выкарыстоўваць імёны рэальных навучэнцаў ва ўмовах задач. Бываюць сітуацыі, калі слабыя навучэнцы нават не бяруцца за выкананне самых простых практыкаванняў. Калі ж яны бачаць ва ўмове задачы імёны аднакласнікаў, павышаецца цікавасць да задачы, а пасля і жаданне разабрацца з ёю. Такія задачы ўяўляюць сабой міні-гісторыі, якія змяшчаюць не толькі прадметны складнік, але і выхаваўчы аспект.
Працяг вывучэння прадмета пасля ўрокаў дазваляе павысіць узровень цікавасці да фізікі. Звычайна такую дзейнасць настаўнік звязвае з падрыхтоўкай навучэнцаў да алімпіяд, канферэнцый, конкурсаў, турніраў. Але не заўсёды навучэнцы жадаюць у гэтых мерапрыемствах удзельнічаць, бывае, што яны проста задавальняюць сваю цікаўнасць. Таму педагог дае магчымасць працаваць у пазаўрочны час, але не настойвае на рэалізацыі ідэй навучэнцаў у выглядзе ўдзелу ў конкурсах, калі яны гэтага не хочуць.
Тым не менш на сёння ў скарбонцы дасягненняў Максіма Віктаравіча ўжо ёсць 4 дыпломы за ўдзел у раённых конкурсах работ даследчага характару (канферэнцыях) па вучэбным прадмеце “Фізіка”.
Апісаныя вышэй прыёмы арганізацыі вучэбнай дзейнасці, накіраваныя на павышэнне матывацыі навучэнцаў да вывучэння фізікі, спрыяюць зніжэнню трывожнасці ў навучэнцаў перад рашэннем складаных задач. Бо не ўсё так складана, як здаецца, але не так проста, як бы хацелася. Навучэнцы вучацца пераадольваць цяжкасці, з захапленнем праводзяць фізічныя эксперыменты, рашаюць нестандартныя задачы, і як вынік — павышаюць якасць ведаў.
Настаўнік не спыняецца на дасягнутым і гаворыць, што для яго пошук эфектыўных форм арганізацыі адукацыйнага працэсу працягваецца.