Стратэгічнае вучэнне Узброеных Сіл Беларусі і Расіі “Захад-2017” праходзіць празрыста і адкрыта. Аб гэтым заявіў на палігоне “Асіповіцкі” міжнародны наглядальнік з Эстоніі Томас Леетс.
Перад пачаткам практычнага разыгрывання баявых дзеянняў для наглядальнікаў правялі брыфінг і азнаёмілі падрабязна са сцэнарыем. “Усё прайшло дакладна па этапах. Ніякіх парушэнняў мы не ўбачылі. Усё ідзе, як і запланавана”, — адзначыў Томас Леетс.
“Хоць вучэнне яшчэ не завяршылася, мы вельмі задаволены тым, што ўбачылі. Важна, што ўсё праходзіць адкрыта, мы атрымліваем адказы на ўсе пытанні, якія нас хвалююць”, — падкрэсліла міжнародны наглядальнік з Нарвегіі Ранхілд Хустад.
Усяго назіранне за вучэннем на палігоне “Асіповіцкі” 18 верасня вялі 14 міжнародных наглядальнікаў з 7 краін: Латвіі, Літвы, Нарвегіі, Эстоніі, Польшчы, Украіны і Швецыі. У асвятленні мерапрыемства было задзейнічана больш за 50 журналістаў, з іх 30 — прадстаўнікі міжнародных СМІ.