Абапіраючыся на свой практычны вопыт, бачу, што многія бацькі малышоў ад 2 да 3 гадоў асабліва востра адчуваюць сваю значнасць у жыцці сваіх дзяцей і, сутыкаючыся з цяжкасцямі ў дзіцяча-бацькоўскіх адносінах, звяртаюцца да педагогаў, адміністрацыі, спецыялістаў. Вельмі важна, каб гэты кантакт быў наладжаны.
Мне як педагогу-псіхолагу ясляў-сада № 6 Навагрудка важна з першых дзён устанавіць кантакт з бацькамі, асабліва ў дашкольны перыяд жыцця дзіцяці, калі зацікаўленасць бацькоў у псіхалагічнай асвеце вельмі высокая. Бацькі выхаванцаў прызнаюцца, што ў іх ёсць патрэба ў павышэнні сваёй псіхолага-педагагічнай дасведчанасці ў пытаннях выхавання, развіцця, арганізацыі гульнявой дзейнасці дзяцей.
Сумесныя дзіцяча-бацькоўскія заняткі праводзяцца пад кіраўніцтвам педагога-псіхолага, а ў практыкумы ўключаюцца сучасныя формы і метады. Сярод іх — гульнявы трэнінг, псіхалагічныя практыкаванні, гульні, эцюды, элементы казкатэрапіі, арт-тэрапіі.
Маладыя бацькі часта купляюць шмат гульняў сваім дзецям, самі пры гэтым не заўсёды цікавячыся правіламі гульні, не ўдзельнічаючы ў сумесных гульнях са сваім дзіцем. У той жа час на практычных занятках “Гульнятэкі” таты і мамы могуць перадаць дзецям свой станоўчы вопыт узаемадзеяння. Важна, гуляючы, выхоўваць у дзіцяці ўпэўненасць ва ўласных сілах.
Гульнявыя практыкумы — гэта своеасаблівыя “трэніроўкі” для бацькоў, адказы на пытанні “Як развіць у малыша ўвагу, успрыманне, памяць, мысленне?”, “Як вырабіць гульні дома і без вялікіх затрат?”, а таксама новая форма зносін у гульні для дзіцяці.
У якія гульні любяць гуляць вашы дзеці? Такое пытанне педагогі часта задаюць бацькам выхаванцаў устаноў дашкольнай адукацыі. Дыдактычныя і ролевыя гульні, арганізаваныя ў асяроддзі сям’і, даюць магчымасць бацькам і дзецям знайсці новыя спосабы ўзаемадзеяння.
Назіральныя педагогі заўважаюць, як дзеці праяўляюць цікавасць да гульні ў групе ясляў-сада, яны часта дэманструюць вопыт, засвоены ў сваёй сям’і, — “Я — як тата”, “Я — як мама”.
Падчас дыдактычных гульняў могуць быць як пераможцы гульні, так і тыя, хто прайграў. Часам дзеці эмацыянальна няпроста ўспрымаюць пройгрыш, засмучаюцца, нават плачуць.
Навучыць дзяцей радавацца поспехам іншых дзяцей і пераадольваць свой страх “быць тым, хто прайграе” — таксама важная задача педагога-псіхолага.
Гуляючы ў камандзе з дарослым, дзіця становіцца назіральным, а пазней само прысвойвае сабе вопыт паводзін іншага гульца.
Даросламу ў гульні з малышом важна прадэманстраваць свае правільныя паводзіны і навыкі зносін падчас гульні, паказаць прыклад, як ставіцца да няўдачы.
Вельмі добра, калі на практыкум “Гульнятэка” знаходзяць час прыйсці адразу некалькі членаў адной сям’і.
Бацькі тут могуць убачыць рэальныя поспехі дзяцей, навучыцца гуляць са сваімі малышамі, знаходзіць словы падтрымкі, фарміраваць ўяўленні аб развіцці свайго дзіцяці і яго дзіцячых здольнасцях.
Сустрэчы ў “Гульнятэцы” арганізуюцца па плане педагога-псіхолага, а таксама запытах бацькоў і разлічаны на ўдзел усіх членаў сям’і. На адным практыкуме могуць прысутнічаць адзін з бацькоў і двое ці трое яго дзяцей дашкольнага ўзросту.
У рабоце з бацькамі выхаванцаў педагогу-псіхолагу асабліва важны сістэмны характар работы, улік узросту дзяцей пры арганізацыі гульні. Важна, гуляючы, выхоўваць у дзецях упэўненасць ва ўласных магчымасцях. Важна навучыць бацькоў прымяняць у жыцці правіла “Усё ў тваіх руках”.
Ала ЖДАН,
педагог-псіхолаг ясляў-сада № 6 Навагрудка.
Фота аўтара.