Усё залежыць ад нас

- 12:05Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Прыярытэты развіцця Беларусі на пяцігодку выбраны абсалютна правільна. Аб гэтым заявіў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў, каменціруючы вынікі V Усебеларускага народнага сходу.

“У нас добры патэнцыял — вытворчы, кадравы, у нас добрая інфраструктура, сацыяльна-палітычная абстаноўка, у нас ёсць стабільнасць, упэўненасць людзей у тым, што прынятыя рашэнні ў пераважнай большасці правільныя, а гэта дарагога каштуе. Мы намецілі чарговыя напрамкі развіцця на пяцігоддзе. Упэўнены ў тым, што мы абсалютна правільна іх вызначылі”, — адзначыў Андрэй Кабякоў.

Паводле яго слоў, усё гэта ў сукупнасці дае ўпэўненасць, што Беларусь у найбліжэйшае пяцігоддзе павінна істотна прыбавіць у эканамічным развіцці. “Некаму хацелася б у два разы лепш, некаму — у паўтара. Але нам здаюцца дастатковымі 12—15 працэнтаў, як гэта прадугледжана ў асноўных палажэннях праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця. Прэзідэнт сказаў: ніякай “манілаўшчыны”. Тое, што мы аб’явілі, зыходзячы з канкрэтных трэндаў развіцця, — гэта рэальна магчыма, дасягальна, — лічыць прэм’ер-міністр. — Будуць магчымасці зрабіць лепш, зробім лепш. Будзе горш, будзем максімальна дабівацца таго, каб усё ж такі забяспечыць выкананне зададзенага ўзроўню. Усё залежыць ад нас, ад людзей, імкненняў, жаданняў, правільнасці рашэнняў кіраўніцтва. Думаю, усё будзе нармальна”.