Увага, палацы, вас здымаюць!

- 11:13Выхаванне

Завяршылася рэспубліканская акцыя “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”. Аб экскурсіях, якія арганізоўваліся ў межах акцыі, засталіся самыя прыемныя ўспаміны, калі мы з відэакамерай падарожнічалі па Беларусі, аб’язджалі маляўнічыя краявіды, памятныя месцы. За час акцыі нашы дзеці пасталелі, набылі сяброў, раскрылі свае таленты, атрымалі новыя веды па гісторыі краіны.

У 2013 годзе мы наведвалі населеныя пункты Гродзенскай і Брэсцкай абласцей. Былі зняты два фільмы. На абласным конкурсе работы занялі другое месца, на рэспубліканскім — аб’яўлены лаўрэатамі. У 2014 годзе здымалі Віцебскую і Мінскую вобласці. На абласным этапе фільм пра Міншчыну заняў другое месца, пра Віцебшчыну — першае. Такія ж месцы яны занялі і на рэспубліканскім этапе конкурсу. Летам мінулага года нам пашчасціла падарожнічаць па Магілёўскай і Гомельскай абласцям. Пачалася экскурсія з Клічаўскага раёна нашай роднай Магілёўшчыны.
Андрэй Цывілька з’яўляецца ўдзельнікам акцыі ўжо тры гады. Для яго асабліва важным было наведванне Клічаўскай партызанскай зоны, бо ў Вялікую Айчынную вайну партызанамі былі два яго прадзеды — Мікалай Раманавіч Грышчанка і Уладзімір Іосіфавіч Шахрай. Для Машы Лявіцкай паездка, наадварот, была першай, таму дзяўчынка чакала ад падарожжа новых уражанняў. Кацярыне Фурманавай спадабалася здымацца. Яе крануў помнік дзецям — ахвярам Вялікай Айчыннай вайны ў Чырвоным Беразе. Аляксандры Навуменка спадабаўся палац Румянцавых-Паскевічаў. Для дзяўчынкі гэта была першая паездка па Беларусі. Павел Кудзелка быў уражаны палацам Козел-Паклеўскіх. Ганна Ткачэнка таксама выказала падзяку за экскурсіі. Ёй спадабаліся чароўныя беларускія мястэчкі, гарады. Яна набыла новых сяброў, як сярод дзяцей, так і сярод дарослых.

У Клічаве мы наведалі яшчэ і аграрна-тэхнічны каледж. Яго прыветлівыя супрацоўнікі правялі для нас экскурсію, расказалі пра багатую гісторыю ўстановы. Потым мы накіраваліся ў аграгарадок Мышкавічы Кіраўскага раёна. Гэта радзіма Кірылы Пракоф’евіча Арлоўскага, які быў старшынёй калгаса пасля вайны. Пры ім калгас стаў адным з лепшых у Савецкім Саюзе. У Бабруйску мы наведалі крэпасць, плошчу Леніна, Лядовы палац, Свята-Нікольскі храм, помнік бабру і іншыя цікавыя месцы. На наступны дзень адправіліся ў Гомельскую вобласць, у першую чаргу ва ўжо згаданы Чырвоны Бераг. Чакаў нас і Жлобін — адзін з найпрыгажэйшых гарадоў Беларусі. У Гомелі мы наведалі плошчу Леніна. За ёй знаходзіцца ўваход у гарадскі парк культуры і адпачынку, які раскінуўся на высокім беразе Сожа. Гэты парк — адзін з самых прыгожых у Еўропе. На яго тэрыторыі размяшчаецца палац Румянцавых-Паскевічаў, які пабудаваны ў канцы XVIII — першай палове XIX стагоддзя. Завяршыла нашу экскурсію Ветка, якая вядома як горад старавераў. У XVIII стагоддзі тут склаліся свае мясцовыя асаблівасці іканапісу, афармлення рукапіснай кнігі, сфарміравалася самабытная школа разьбы.
У Быхаўскім цэнтры турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі адбылася творчая сустрэча ўдзельнікаў акцыі. Мы прагледзелі фільмы, абмеркавалі іх. Усе прысутныя падзяліліся ўражаннямі ад паездкі. Самыя актыўныя ўдзельнікі акцыі ўзнагароджаны дыпломамі аддзела адукацыі, спорту і турызму Быхаўскага райвыканкама, памятнымі падарункамі і пуцёўкамі ў НДЦ “Зубраня”.

Алена ЦЫВІЛЬКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Макранскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Быхаўскага раёна.