Узорнаму ансамблю танца “Мілавіца” Уваравіцкага цэнтра дзіцячай творчасці БудаКашалёўскага раёна ў 2022 годзе прысвоена званне “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь”. Яго кіраўнік Людміла Кабаева расказала аб дасягненнях і планах.
— Да нас ва Уваравічы, — пачынае размову Людміла Аляксандраўна, — прыязджаюць займацца дзеці з усіх навакольных вёсак і, вядома, навучэнцы мясцовай сярэдняй школы і райцэнтра — Буда-Кашалёва. Мы набіраем дзетак з 3—4 гадоў. Бяром усіх жадаючых. Я кажу: тых, хто хоча танцаваць, я заўсёды змагу навучыць. Некаторыя пачынаюць з дзіцячага сада і займаюцца да выпускнога.
На генным узроўні
Сёння калектыў ансамбля “Мілавіца” — гэта 80 чалавек. У цэнтры дзіцячай творчасці кожная з чатырох груп рознага ўзросту трэніруецца два-тры разы на тыдзень. Заганяць на заняткі нікога не трэба. Жаданне танцаваць у многіх на генным узроўні. Дагэтуль ва Уваравічах ёсць прадстаўнікі старэйшага пакалення, да якіх юныя танцоры звяртаюцца пераняць вопыт і сакрэты майстэрства.
— У нас жывуць носьбіты традыцый выканання танцаў, распаўсюджаных менавіта ў гэтай мясцовасці, — адзначае Людміла Кабаева. — Старажылы вёскі Ларыса Іванаўна Якіменка і Іван Максімавіч Барсукоў не толькі памятаюць танцы продкаў, але, нягледзячы на ўзрост, дагэтуль танцуюць у пары. Здавалася б, у Беларусі народна-побытавыя танцы падобныя — “Субота”, “Заёнец”, “Весялуха”, “Прывітальная”, “Гэй, хлопцы”, “Бульба”, але ў кожным рэгіёне ёсць свае асаблівасці ў манеры выканання. Напрыклад, там, дзе багністая мясцовасць, танец выконваецца са скачкамі, з высокім узняццем ног. У нас няма балот і няма скачкоў. Такія асаблівасці апісаць складана, трэба глядзець. Гэта могуць быць пэўныя камбінацыі рухаў. Дзесьці заварот — налева ці направа, дзесьці характэрнае прытопванне нагой.
Этнаграфічныя экспедыцыі многія мясцовыя жыхары здзяйсняюць, звярнуўшыся да старых куфраў. Справа ў тым, што гарнітуры юных танцораў вышываюцца строга па тых узорах, што адпавядаюць традыцыям Уваравіч і найбліжэйшых вёсак.
Мае былыя выхаванцы, якія цяпер працуюць у розных галінах, не забываюць хобі, якім займаліся ў школьныя гады. Многія з задавальненнем удзельнічаюць у аматарскіх конкурсах. Беларускі танец стаў часткай нашага жыцця.
— Мы гарнітуры робім самі, — усміхаецца харэограф. — Бацькі і дзеці вышываюць, бабулі дапамагаюць. Наша майстрыха на ўсе рукі Ларыса Іванаўна Якіменка знайшла стары фартух сваёй маці — на канцэртных сукенках і кашулях цяпер узноўлены ромб, характэрны для Уваравіцкага строю.
Людміла Аляксандраўна ва Уваравічах нарадзілася, тут пачынала займацца танцамі ў школьным гуртку, створаным у 1994 годзе. Сюды ж, ужо ў цэнтр дзіцячай творчасці, вярнулася працаваць у 2005 годзе, скончыўшы спачатку Гомельскі дзяржаўны каледж мастацтваў імя Н.Ф.Сакалоўскага, а потым і Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Музычнае мастацтва, рытміка і харэаграфія”. Тут стварыла сям’ю, і сёння дзве яе дачкі — Маша і Каця — таксама ўдзельніцы калектыву “Мілавіца”. Запэўнівае: з роднай вёскі з’язджаць ніколі не збіралася.
— Мы цяпер працуем па праграме павышанага ўзроўню, — дзеліцца педагог. — Я стварыла яе і зацвердзіла ў Міністэрстве адукацыі. Сюды ўключаны народна-сцэнічны і народна-побытавы танец. У нас сёлета адбыўся першы выпуск — 20 навучэнцаў атрымалі пасведчанне аб дадатковай адукацыі па кірунку “Харэаграфія”.
Для вясковых дзяцей
Нядаўна ансамбль прыняў удзел у інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі фарміравання метапрадметных кампетэнцый у навучэнцаў на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі і ва ўмовах установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі” (2018—2021). Людміла Аляксандраўна тлумачыць, што за складанай фармулёўкай — псіхалагічная адаптацыя вясковых дзяцей да ўмоў сучаснага свету:
— Калі я прыехала з вёскі вучыцца ў Гомель, пачала разумець, што ў вясковых дзяцей, у адрозненне ад гарадскіх, больш комплексаў — мы сарамлівыя і не ўмеем арганічна будаваць зносіны. Калі пачынала выкладаць, сутыкнулася з тым, што дзеці хацелі больш выконваць сучасныя танцы, чым народныя. А цяпер бачу цікавасць да народных танцаў і ганаруся гэтым. Прыемна, што мае вучні могуць з лёгкасцю мець зносіны з равеснікамі як у сваім калектыве, так і за яго межамі. Дарэчы, сёлетні наш паспяховы ўдзел у такіх фестывалях, як “Славянскае адзінства” ў Бранску, “Спадчыннікі традыцый” у Валагодскай вобласці Расіі, “Славянскі базар у Віцебску”, дапамагае сфарміраваць і ўмацаваць пачуццё ўласнай годнасці і гордасці за Беларусь і яе традыцыі.
Незабыўнае лета
Для ансамбля, які з 2015 года носіць званне ўзорнага, 2022 год стаў знакавым. “Мілавіцы” нядаўна прысвоена званне “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь”. Людмілу Аляксандраўну эмоцыі перапаўняюць:
— Мы ўсім даказалі, што ў вёсцы можна стварыць унікальны танцавальны калектыў. У старшай групе ўсе выхаванцы — салісты і ўсе — руплівыя і старанныя. З намі працуюць прафесіяналы. Музычнае суправаджэнне забяспечвае акампаніятар Ірына Уладзіміраўна Усава. Наша выпускніца Настасся Луцкіна іграе на цымбалах. На ўдарных і шумавых — бубнах і ляскотках — іграюць дзеці. Акрамя таго, мы яшчэ займаемся сцэнічнай апрацоўкай фальклорнага танца. У выніку ў рэпертуары ёсць і фальклорныя, і народна-сцэнічныя танцы, таму мы імкнёмся выступаць на фестывалях розных кірункаў.
Некаторыя вучні Л.А.Кабаевай ужо сталі яе паслядоўнікамі і таксама выкладаюць мастацтва танца.
Нядаўні ўдзел у VII Усерасійскім дзіцячым фестывалі народнай культуры “Спадчыннікі традыцый”, які прайшоў на беразе Анежскага возера, прынёс ансамблю абсалютнае лідарства ў намінацыі “Фальклор”. Дарэчы, сапернікамі былі прадстаўнікі 71 рэгіёна Расійскай Федэрацыі, Беларусі, Казахстана, Кіргізіі. Але галоўнае, на думку Людмілы Аляксандраўны, бясцэнны вопыт:
— На фестываль у Валагодскую вобласць мы ездзілі з танцамі, якія некалі выконвалі нашы бабулі і дзядулі. Прадставілі “Вянок побытавых танцаў” і такім чынам паказалі арыгінальную нацыянальную культуру нашай краіны. Беларускія танцы на вельмі разнастайным фоне танцаў народаў Расіі не згубіліся. У майстар-класе, які мы далі, удзельнічаў губернатар Валагодскай вобласці Алег Куўшыннікаў. Мы ўключаем у рэпертуар ансамбля танцы розных народнасцей, таму вопыт удзелу ў гэтым фестывалі для нас быў вельмі важным. Мы імкнуліся разгледзець каларыт іншых нацыянальных танцаў, заўважыць ментальнасць розных народнасцей, якая прасочваецца ў кожным руху.
Са “Славянскага базару ў Віцебску” ансамбль “Мілавіца” прывёз у родныя Уваравічы два дыпломы — І і ІІІ ступеней — і эмоцыі, якія зрабілі гэтае лета для дзяцей незабыўным.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.