Беларусь разлічвае выйсці на якасна новы ўзровень узаемадзеяння з Міжнародным камітэтам Чырвонага Крыжа. Аб гэтым заявіў намеснік прэм’ер-міністра Васіль Жарко на сустрэчы з кіраўніком МКЧК Петэрам Маўрэрам.
“Спадзяюся, што незалежная і непрадузятая дзейнасць вашай арганізацыі і яе дэлегацыі ў Мінску дасць магчымасць вывесці наша ўзаемадзеянне на яшчэ больш высокі і якасна новы ўзровень”, — сказаў Васіль Жарко.
Віцэ-прэм’ер адзначыў, што гэты візіт у Беларусь — першы для Петэра Маўрэра. “Ён, без сумнення, важны для далейшага развіцця і паляпшэння супрацоўніцтва Беларусі і Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа”, — падкрэсліў Васіль Жарко. Ён падзякаваў МКЧК і асабіста Петэру Маўрэру за высакародную гуманітарную місію па аблягчэнні пакут людзей, абароне іх чалавечай годнасці, садзейнічанне ўрэгуляванню ваенных канфліктаў і падтрыманню міру.
“Мы высока цэнім існуючы ўзровень супрацоўніцтва паміж Міжнародным камітэтам Чырвонага Крыжа і Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа. Толькі за апошнія пяць гадоў аб’ём сродкаў бязвыплатнай дапамогі, якая паступіла ў нашу краіну па гэтай лініі, перасягнуў $2,5 млн, што дало магчымасць рэалізаваць шэраг сацыяльна значных праектаў па аказанні дапамогі насельніцтву пры надзвычайных сітуацыях, вышуку прапаўшых без вестак, аднаўленні страчаных сямейных сувязей і іншых”, — падкрэсліў Васіль Жарко.
Ён асабліва адзначыў канструктыўнае супрацоўніцтва па аказанні садзейнічання перасяленцам з Украіны, якіх Беларусь прыняла без якіх-небудзь умоў і ваганняў. “У сувязі з гэтым бачыцца важным далейшае ўключэнне Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа ў работу з незаконнымі мігрантамі, затрыманымі ў Беларусі, уключаючы аказанне медыцынскай дапамогі, актывізацыю ўзаемадзеяння па іншых актуальных напрамках. Гэта стане арганічным дадаткам да сацыяльна арыентаванай палітыкі, якая рэалізуецца ў Беларусі і адным з ключавых элементаў якой з’яўляецца абарона і падтрымка слабаабароненых катэгорый насельніцтва”, — канстатаваў віцэ-прэм’ер.
Васіль Жарко таксама звярнуў увагу, што Беларусь мае высокі ўзровень імплементацыі міжнароднага гуманітарнага права, з’яўляецца адным з лідараў на прасторы СНД у гэтай сферы, пры Савеце Міністраў створана адпаведная камісія. “Мы вельмі сур’ёзна падыходзім да выканання міжнародных абавязацельстваў па распаўсюджванні ведаў у гэтай галіне не толькі ў вышэйшых навучальных установах, Узброеных Сілах, але і ў нашых школах”, — запэўніў ён.
Намеснік прэм’ер-міністра выказаў упэўненасць, што новы імпульс узаемавыгаднаму супрацоўніцтву надасць падпісанае пагадненне аб статусе, прывілеях і імунітэтах МКЧК у Беларусі.
Петэр Маўрэр падзякаваў Васілю Жарко за магчымасць сустрэцца. Паводле яго слоў, узаемаадносіны Беларусі і Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа развіваюцца ў станоўчым рэчышчы. “Мы значна ўмацавалі адносіны з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа і высока ацэньваем сумесную работу”, — дадаў Петэр Маўрэр.