Узаемадзеянне ў барацьбе з карупцыяй у агульных інтарэсах

- 11:11Інфармацыйная гадзіна

Беларусь і Казахстан будуць развіваць супрацоўніцтва ў барацьбе з карупцыяй. Пра гэта паведамілі ў беларускім Пасольстве ў Казахстане па выніках сустрэч, якія правяла ў час свайго візіту ў гэтую краіну кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава.

Наталля Качанава сустрэлася з дзяржаўным сакратаром Казахстана Гульшарай Абдыкалікавай, кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Казахстана Адыльбекам Джаксыбекавым і намеснікам старшыні Агенцтва па справах дзяржаўнай службы і супрацьдзеянні карупцыі Айгуль Шаімавай.

“Бакі абмяняліся меркаваннямі па пытаннях дзяржкіравання і супрацьдзеяння карупцыі. Дасягнута дамоўленасць развіваць супрацоўніцтва паміж адпаведнымі структурамі дзяржаўнага кіравання Беларусі і Казахстана”, — праінфармавалі ў пасольстве.

Акрамя таго, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта прыняла ўдзел у міжнародным форуме “Жанчына — за энергію будучыні”, дзе прадставіла падыходы Беларусі да зялёнай эканомікі. Форум арганізаваны на палях Міжнароднай спецыялізаванай выставы “ЭКСПА-2017”, яго мэта — разгледзець магчымасці і шляхі пераходу сусветнай супольнасці да зялёнай эканомікі і выкарыстання альтэрнатыўных крыніц энергіі.

“Выступаючы з прывітальным словам, Наталля Качанава расказала пра падыходы Беларусі да развіцця зялёнай эканомікі, дзеючае заканадаўства краіны”, — адзначылі ў пасольстве.