Узаемнае ўзбагачэнне

- 11:18Актуально, Апошнія запісы

У ходзе рабочага візіту ў Рэспубліку Беларусь дэлегацыі Ніжагародскай вобласці Расійскай Федэрацыі яе губернатар В.П.Шанцаў разам з першым намеснікам дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы А.А.Кубрыным, міністрам адукацыі рэгіёна С.В.Наумавым, кіраўнікамі навучальных устаноў вобласці наведалі шэраг устаноў адукацыі Мінска, у тым ліку Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. Гасцей сустракалі міністр адукацыі нашай краіны М.А.Жураўкоў і рэктар БНТУ Б.М.Хрусталёў.

— Сённяшняя сустрэча праходзіць у знамянальны дзень — 2 красавіка, які аб’яўлены Днём яднання Беларусі і Расіі і з’яўляецца знакавым у шматвяковай гісторыі нашых народаў, — сказаў Барыс Міхайлавіч Хрусталёў. — Таму прыезд дэлегацыі Ніжагародскай вобласці ў нашу краіну менавіта ў гэты дзень можна назваць сімвалічным і яшчэ адным пацвярджэннем таго, што супрацоўніцтва нашых краін пад эгідай Саюзнай дзяржавы працягваецца і набывае ўсё новыя грані.
Б.М.Хрусталёў нагадаў, што БНТУ ўжо шмат гадоў падтрымлівае цесныя сувязі з навучальнымі ўстановамі Ніжагародскай вобласці, асабліва з Ніжагародскім тэхнічным універсітэтам. Прадукцыйныя зносіны склаліся паміж выкладчыкамі, вучонымі, студэнтамі дзвюх устаноў, наладжаны стажыроўкі, рэалізоўваюцца шматлікія праекты. Як заўважыў рэктар БНТУ, сёння УВА працуе над павышэннем якасці вышэйшай адукацыі, у першую чаргу практыканакіраванасці падрыхтоўкі будучых спецыялістаў, іх максімальнай адаптацыі да інавацыйнай эканомікі за кошт больш цеснага ўзаемадзеяння непасрэдна з наймальнікамі кадраў. Яскравым прыкладам з’яўляецца стварэнне кафедр універсітэта на прадпрыемствах і ў арганізацыях, дзе тэорыя і практыка цесны пераплецены ў падрыхтоўцы будучых спецыялістаў. Такое ўзаемадзеянне ўстаноў з вытворцамі ажыццяўляюць і расійскія калегі. Магчыма, у хуткім часе пачнецца рэалізацыя праектаў паміж навучальнымі ўстановамі вышэйшай адукацыі Беларусі і Ніжагародскай вобласці і адпаведных прадпрыемстваў дзвюх краін, каб зрабіць падрыхтоўку кадраў найбольш адэкватнай да тых перамен, якія адбываюцца ў эканоміцы.
— Інтэграцыя адукацыі, навукі і вытворчасці, практычная накіраванасць навучання, адпаведнасць патрэбнасцям эканомікі нашых краін павінны стаць адным з галоўных кірункаў нашага ўзаемадзеяння, — заявіў Б.М.Хрусталёў. — Таму супрацоўніцтва з Ніжагародскай вобласцю, якая з’яўляецца адной з лідараў сярод іншых рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі ў развіцці навуковага і інтэлектуальнага патэнцыялу, прыдасць нашаму ўзаемадзеянню не толькі новы імпульс, але і стане істотнай падтрымкай у рэалізацыі новых сумесных праектаў.
Губернатар В.П.Шанцаў падтрымаў ініцыятывы рэктара БНТУ Б.М.Хрусталёва ў пашырэнні ўзаемадзення паміж установамі адукацыі дзвюх краін, ва ўзмацненні практыканакіраванасці ў падрыхтоўцы кадраў для вытворчасці.
— У нашым рэгіёне сёння вядзецца інтэнсіўнае развіццё вытворчых сфер, асабліва па тых галінах, якія займаюцца вырабам экспартазамяняльнай прадукцыі, — падкрэсліў Валерый Паўлінавіч. — Адкрываюцца ўсё новыя і новыя прадпрыемствы, якім патрэбны высокапрафесійныя кадры, здольныя засвойваць новыя тэхналогіі, сучаснае абсталяванне і працаваць у новых эканамічных умовах. Згодна з імі павінен быць адкарэкціраваны змест навучання, улічана практыканакіраванасць прафесійнай падрыхтоўкі. Непасрэдна на прадпрыемствы кладзецца задача стварэння спрыяльных умоў працаўладкавання маладых кадраў, іх паспяховай адаптацыі непасрэдна на вытворчасці. Толькі пры такіх умовах мы зможам забяспечыць нашу вытворчасць неабходнымі кадрамі.
Штогод УВА Ніжагародскай вобласці выпускаюць каля 50 тысяч маладых інжынераў. У апошнія гады інтарэс да гэтых спецыяльнасцей істотна ўзрос, і ў кожнай УВА інжынернага профілю конкурс сярод абітурыентаў у час паступлення расце. Акрамя таго, значна ўзрасла папулярнасць рабочых прафесій сярод моладзі. Маладых людзей прыцягваюць новыя падыходы ў змесце прафесійнай адукацыі, інтэграванасць прафесій, засваенне асноў вядзення бізнесу, фарміраванне прадпрымальніцкіх якасцей, сучаснай карпаратыўнай культуры. Эфектыўным кірункам у гэтым з’яўляецца стварэнне рэсурсных цэнтраў, ідэю якіх ніжагародцы запазычылі ў беларускіх калег. Сёння колькасць такіх цэнтраў у вобласці імкліва расце і ўжо дасягнула 17. Стварэнне цэнтраў хоць і адбываецца на базе былых тэхнікумаў, прафтэхвучылішчаў, але аснашчаны яны па апошнім слове тэхнікі. Найноўшыя механізмы імітуюць тыя тэхналагічныя працэсы, якія праходзяць на вытворчых канвеерах, што дазваляе ажыццяўляць падрыхтоўку кадраў па сутнасці адзін у адзін з патрэбамі прадпрыемства. Вельмі важна, што работадаўцы зацікаўлены ў высокай кваліфікацыі кадраў і самі займаюцца аснашчэннем рэсурсных цэнтраў. Іх абсталяванне пастаянна абнаўляецца паралельна з укараненнем новых тэхналогій на самой вытворчасці. Попыт на кадры, падрыхтаваныя ў рэсурсных цэнтрах, імкліва расце. Сёння заказчыкі кадраў заяўляюць патрэбнасць у кадрах у 2 разы большую, чым ёсць на самай справе. Таму да 2020 года плануецца павялічыць колькасць рэсурсных цэнтраў да 30. Але, безумоўна, адным з галоўных складнікаў павышэння іміджу прафесійнай адукацыі ёсць і будзе яе матэрыяльная аснова, дастойны заробак рабочага, выкананне сацыяльных гарантый, спрыяльнае асяроддзе для маладых кадраў у рабочых калектывах прадпрыемстваў. Усе гэтыя ўмовы павінны паўплываць на ўдасканаленне прафесійных навыкаў рабочых ва ўмовах інавацыйнай сучаснай вытворчасці, на прафесійны рост маладых людзей і далейшае паспяховае жыццеўладкаванне.
— Беларусь з’яўляецца адным з ключавых партнёраў Ніжагародскай вобласці, — адзначыў на сустрэчы В.П.Шанцаў. — Няма, па сутнасці, ніводнай галіны, дзе б мы не супрацоўнічалі. Гэта прамысловасць, сельская гаспадарка, навука, адукацыя. Апошнім часам пашырыліся нашы сувязі ў галіне энергетыкі. Ніжні Ноўгарад — гэта прызнаны атамны кластар, у цэнтры якога знаходзіцца ўсерасійскі ядзерны цэнтр, а ў самім Ніжнім Ноўгарадзе вядзецца падрыхтоўка кадраў для будаўніцтва і абслугоўвання атамных электрастанцый. Практычным прыкладам развіцця нашага супрацоўніцтва стала будаўніцтва АЭС у Беларусі. Акрамя таго, нашы прадпрыемствы вядуць сумесны праект па стварэнні новага рухавіка для аўтобуса з Мінскім маторным заводам.
У час візіту ніжагародцы наведалі холдынг “АМКАДОР”, вядучае прадпрыемства Беларусі па вытворчасці дарожна-будаўнічай, камунальнай, снегаўборачнай, аэрадромнай, лясной, сельскагаспадарчай і іншай спецыяльнай тэхнікі і абсталявання, якое заваявала на айчынным і сусветным рынку высокую ацэнку за надзейнасць і эфектыўнасць. Ніжагародскі бок выказаў пажаданні ўмацаваць сувязі з прадпрыемствам для набыцця яго тэхнікі.
— У цэлым мы плануем актывізаваць свае сувязі з Беларуссю, — падкрэсліў В.П.Шанцаў. — Пытанні дзелавых адносін на гэты год будзем разглядаць на чарговым савеце дзелавога супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Ніжагародскай вобласцю. Дарэчы, Беларусь — адзіная краіна, з якой мы маем пастаянна дзеючы орган, якім з’яўляецца гэты савет.
Далейшая размова паміж міністрамі адукацыі Беларусі і Ніжагародскай вобласці была прысвечана новым формам ацэньвання ведаў у час прыёмнай кампаніі, вызначэнню новых кірункаў узаемадзеяння ў адукацыйнай сферы. Як адзначыў міністр адукацыі Ніжагародскай вобласці С.В.Наумаў, сёння адзіны дзяржаўны экзамен у Расійскай Федэрацыі з’яўляецца не самай дасканалай сістэмай ацэньвання ведаў. Пры ўвядзенні АДЭ вучэбны працэс у навучальных установах скіроўваецца на нацягванне вучня менавіта на гэты адзіны экзамен. Адчуваючы гэтыя хібы, было прынята рашэнне структуравання сістэмы ацэньвання ведаў. Сёння ўжо не існуе АДЭ, як кажуць, у чыстым выглядзе. У школах для выпускных класаў уведзена напісанне сачынення, праводзяцца вусныя экзамены па замежнай мове і матэматыцы. УВА дадзена права праводзіць для абітурыентаў экзамены па тых прадметах, якія яны лічаць неабходнымі.
С.В.Наумаў пацвердзіў, што ў развіцці адукацыі важную ролю адыгрываюць рэсурсныя цэнтры, якія створаны на розных узроўнях адукацыі. У сферы прафесійнай адукацыі рэсурсныя цэнтры ахопліваюць усе галіны эканомікі, якія развіваюцца ў Ніжагародскай вобласці, — гэта будаўніцтва, машынабудаванне, энергетыка і шэраг іншых галін. У дашкольнай адукацыі створаны цэнтр для падрыхтоўкі дашкольнікаў, які стаў вельмі папулярным. Акрамя таго, пры УВА будзе створаны цэнтр для адораных дзяцей, якія пражываюць у сельскай мясцовасці. Прыкметным напрамкам у развіцці сістэмы адукацыі стала вытворчасць вучэбнага абсталявання для кабінетаў фізікі, хіміі, біялогіі, якія вырабляюць прадпрыемствы вобласці.
У цэнтры ўвагі кіраўніцтва адукацыі, увогуле губернатара вобласці стала развіццё рэгіянальнай праграмы падтрымкі маладых спецыялістаў, у аснове якой закладзена стварэнне спрыяльных умоў для працаўладкавання.
— Сёння ў педагагічных УВА няма адбою ад абітурыентаў, якія вырашылі паступаць на педагагічныя спецыяльнасці, — заявіў С.В.Наумаў. — У настаўнікі ідуць выдатнікі, аднавіліся педагагічныя дынастыі. І гэта невыпадкова. Мы імкнёмся стварыць спрыяльныя ўмовы для работы будучых педагогаў, выпрацаваць эфектыўныя стымулы і тым самым вярнуць прэстыж педагагічных УВА.
Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў пацвердзіў значнасць цесных сувязей у адукацыйнай галіне Беларусі і Расійскай Федэрацыі.
— Паміж нашымі краінамі наладжаны прадукцыйны дыялог, які спрыяе развіццю нашых сістэм адукацыі, — зазначыў М.А.Жураўкоў. — Супрацоўніцтва паміж нашымі ўніверсітэтамі, рэалізацыя сумесных праектаў студэнтаў, выкладчыкаў, вучоных узаемна нас узбагачае. Асабліва прадукцыйнымі сталі для абедзвюх краін адносіны ў прыродазнаўча-тэхнічным кірунку, у сферы гуманітарных навук. Стала эфектыўна развівацца ўзаемадзеянне ў энергетычнай галіне, звязанае з будаўніцтвам АЭС у нашай краіне. У перспектыве — новыя шматгранныя праекты, якія будуць рэалізоўвацца на карысць дзвюх краін.
Напрыканцы сустрэчы губернатару Ніжагародскай вобласці В.П.Шанцаву было прысвоена званне “Ганаровы прафесар БНТУ”.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.