Узнагароды студэнтам за лепшыя навуковыя работы

- 10:20Актуально, Апошнія запісы

У актавай зале Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта віншавалі лаўрэатаў XXI Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў. Памятныя дыпломы маладыя людзі атрымлівалі ад вядомых асоб нашай краіны — першага намесніка міністра адукацыі Вадзіма Богуша, намесніка старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргея Кіліна, старшыні Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Генадзя Пальчыка, першага намесніка старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Андрэя Касоўскага.

Сёлета на конкурс было даслана больш за 3700 работ з 58 устаноў вышэйшай адукацыі рэспублікі і іх філіялаў. З іх 70 работ атрымалі званне лаўрэатаў.
Вынікі многіх навуковых даследаванняў студэнтаў і выпускнікоў дакладваліся на канферэнцыях і апублікаваны. Сярод работ таксама ёсць і тыя, якія, акрамя высокай навуковай скіраванасці, маюць прыкладны характар і могуць выкарыстоўвацца ў эканоміцы і сацыяльнай сферы, напрыклад, работа Міхаіла Якельчыка, студэнта 4 курса БДУ, дзе распрацоўваюцца новыя метады і сродкі разбурэння тромбаў. Яго вынаходніцтвы маюць вялікае значэнне для лячэння ішэмічнай хваробы сэрца, галаўнога мозга і канечнасцей.
У сумеснай рабоце студэнтаў 6 курса Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта Кацярыны Кухарчык і Андрэя Міхайлоўскага апісваюцца вынікі выкарыстання палепшаных метадаў хірургічнага лячэння хранічнага панкрэатыту, ускладненага стэнозам інтрапанкрэатычнай часткі агульнай жоўцевай пратокі з развіццём механічнай жаўтухі.
“Тое, што работы былі такога высокага ўзроўню, — заслуга студэнтаў. Аднак вялікая доля ў гэтым належыць і навуковым кіраўнікам”, — адзначыў Вадзім Богуш.

Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.