Узнагароды “Святлазара”

- 11:14Адукацыйная прастора

У студзені ў Маскве прайшоў ХІV вочны тур Адкрытай міжнароднай алімпіяды школьнікаў па рускай мове “Святлазар”, які сабраў 22 школьнікаў з 14 краін свету — лепшых сяброў рускай мовы. У ліку запрошаных былі і дзве прадстаўніцы Беларусі: сямікласніца гімназіі № 2 Гродна Дар’я Спорык і вучаніца 8 класа гімназіі № 6 Маладзечна Надзея Чаеўская.

Алімпіяда “Святлазар”, якую з 2004 года праводзіць пры падтрымцы ўрада Масквы і Дэпартамента знешнеэканамічных і міжнародных сувязей горада Масквы некамерцыйная арганізацыя “Маскоўскі выдавецкі і мультымедыйны цэнтр “Руская філалогія” на чале з Уладзімірам Якаўлевічам Замскім, ужо многа гадоў з’яўляецца нітачкай, якая злучае школьнікаў і настаўнікаў з розных краін, аддзеленых велізарнымі адлегласцямі і межамі. Удзел у алімпіядзе дае магчымасць не толькі ўдасканальваць свае веды па рускай мове, але і далучаць да гэтага працэсу родных, настаўнікаў, аднакласнікаў. Вучні працуюць на працягу пэўнага часу — паўгода, год, два, збіраючы ў сваю скарбонку балы, тым самым падымаючыся па прыступках рэйтынга ўсё вышэй і вышэй. І, вядома ж, галоўным падарункам пераможцам-лідарам становіцца паездка ў Маскву на вочны тур, які праходзіць штогод у студзені.Так адбылося і ў гэтым годзе. На працягу трох дзён у займальным спаборніцтве вызначаліся самыя лепшыя знаўцы рускай мовы ў дзвюх узроставых катэгорыях: вучні 7—8 класаў і вучні 9—11 класаў. Юным аматарам давялося прайсці тры этапы: выступіць з вусным выказваннем-прэзентацыяй, выканаць лінгвістычныя заданні і напісаць сачыненне на адну з трох тэм, агучаных непасрэдна перад пачаткам напісання. Удзельніцы з Беларусі прадэманстравалі выдатную падрыхтоўку, апынуўшыся ў ліку лідараў пасля вуснага выказвання. У выніку нялёгкага спаборніцтва Надзея Чаеўская заняла 3-е месца, а Дар’я Спорык атрымала грамату за дасягненні ў вывучэнні рускай мовы. Граматамі за супрацоўніцтва і актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні Міжнароднай алімпіяды школьнікаў па рускай мове ўзнагароджаны і настаўнікі — Марына Пятроўна Чаеўская і Таццяна Мікалаеўна Чурык.
Арганізатары алімпіяды падрыхтавалі традыцыйна цікавую і насычаную культурную праграму. Удзел у ярмарцы (майстар-класы па валенні валёнак “Лямцавыя цуды”) і цікава арганізаваным псіхалагічным трэнінгу “Я, ты, ён, яна — разам дружная сям’я” адразу сцерлі межы ў сотні кіламетраў паміж школьнікамі і настаўнікамі з розных краін. Прагляд спектакля па творы І.Тургенева “Месяц у вёсцы” ў Новым драматычным тэатры выклікаў у сэрцах гасцей адчуванне судакранання з чымсьці неспазнаным, таемным. Экскурсія па Маскве і прагулка па Краснай плошчы, любаванне чароўным відам Новадзявочага манастыра і ўпрыгожанай сталіцы з Вараб’ёвых гор пакінулі моцныя ўражанні ў канкурсантаў і іх настаўнікаў. Пакуль канкурсанты змагаліся ў лінгвістычным туры і пісалі сачыненні, настаўнікі за круглым сталом дзяліліся вопытам выкладання рускай мовы і вялі актыўны дыялог з рэдактарам часопіса “Літаратура” С.Ф.Дзмітрэнкам.
Дарэчы, стаць сябрам “Святлазара” можа любы вучань 5—11 класаў. Дастаткова спачатку зайсці на сайт svetozar.ru, зарэгістравацца на ім, пасля адказваць на пытанні дня, тыдня і месяца, прымаць удзел у творчых конкурсах, для чаго неабходна шмат чытаць, і сістэматычна выконваць заданні дыстанцыйных тураў, размешчаныя не толькі на сайце, а і ў прыгожа аформленых, ілюстраваных часопісах “Веснік алімпіяды “Святлазар”, якія кожны сябар-удзельнік атрымлівае па звычайнай пошце. Карыснымі будуць матэрыялы сайта і часопісаў і настаўнікам-філолагам: яркія ілюстрацыі да самых розных тэм і правіл, цікавыя артыкулы і займальныя заданні значна папоўняць метадычную скарбонку кожнага настаўніка.

Марына ЧАЕЎСКАЯ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры Выверскага дзіцячага сада — базавай школы,
кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў рускай мовы і літаратуры
Маладзечанскага раёна.