Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа і сябе асабіста выказаў шчырыя спачуванні Прэзідэнту Турэцкай Рэспублікі Рэджэпу Таіпу Эрдагану, родным і блізкім загінуўшых у выніку тэрарыстычнага акта ў аэрапорце Стамбула. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
“У Рэспубліцы Беларусь узрушаны вераломствам тэрарыстаў, якія ўчынілі бязлітасную атаку на пасажыраў і персанал міжнароднага аэрапорта Стамбула”, — гаворыцца ў спачуванні.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што паведамленне аб вялікай колькасці загінуўшых і параненых мірных грамадзян адгукнулася глыбокім болем у сэрцы кожнага беларуса. “Наяўнасць сярод іх жанчын і дзяцей асабліва падкрэслівае нялюдскую сутнасць заказчыкаў і выканаўцаў тэрактаў”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Нагадаем, што тэракт адбыўся каля ўваходу ў будынак міжнароднага тэрмінала аэрапорта імя Атацюрка. Спачатку тэрарысты адкрылі агонь са зброі па людзях, пасля чаго злачынцы ўчынілі самападрыў.
Як перадаюць інфармацыйныя агенцтвы са спасылкай на даныя турэцкага бюро судмедэкспертыз, колькасць загінуўшых у выніку тэракта ў аэрапорце Стамбула павялічылася да 43 чалавек.