Узяты добры старт

- 11:20Інфармацыйная гадзіна

Беларусь узяла добры старт у арганізацыі Еўрагульняў-2019. Такое меркаванне Каардынацыйнай камісіі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў (ЕАК) агучыў дырэктар фонду “Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года” Георгій Катулін.

У Мінску завяршыла сваю работу Каардынацыйная камісія ЕАК. Паводле слоў Георгія Катуліна, госці задаволены спартыўнай інфраструктурай Мінска. “ЕАК упэўнены ў добрай арганізацыі спартыўнага форуму, які мае адбыцца. На працягу двух дзён працавалі эксперты па напрамках, у іх таксама не ўзнікла сур’ёзных пытанняў. На падагульняючым пасяджэнні старшыня камісіі Спірас Капралас адзначыў, што Беларусь узяла добры старт у арганізацыі Еўрагульняў, але важна ўтрымаць гэты тэмп”, — расказаў Георгій Катулін.

Каардынацыйная камісія ЕАК засяродзіла ўвагу на стане Студэнцкай вёскі, якая прыме спартсменаў менш як праз два гады. Георгій Катулін заўважыў, што ў параўнанні з ранейшым візітам камісіі ў маі ўсе патрабаванні і стандарты выкананы, усе сумненні адносна камфортнага пражывання былі развеяны. “Адзінае, ЕАК настойвае, каб Wi-Fi злучэнне пакрывала як мага большую плошчу. Плюс харчаванне. Не думаю, што гэта складанае пытанне для арганізатараў”, — падкрэсліў ён.

Усё больш актыўна выбудоўвае сваю работу дырэкцыя Еўрагульняў. Як адзначыў кіраўнік гэтай арганізацыі, бліжэй да старту Еўрагульняў колькасць супрацоўнікаў будзе павялічвацца. “У Баку каля 1 тысячы замежных экспертаў дапамагалі ў арганізацыі форуму. Беларусь плануе задзейнічаць максімальную колькасць айчынных спецыялістаў, з прыцягненнем замежных экспертаў, каб Еўрагульні сталі добрай школай для нашых спартыўных менеджараў, якія маглі б і далей праводзіць іншыя вялікія мерапрыемствы на самым высокім узроўні”, — расказаў Георгій Катулін.

Права правядзення II Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе Беларусь атрымала на 45-м пасяджэнні Генеральнай асамблеі ЕАК, якое адбылося ў кастрычніку 2016-га ў Мінску. Адкрыццё спартыўнага форуму адбудзецца 21 чэрвеня 2019 года на стадыёне “Дынама”.