Ва ўніверсітэтах Беларусі хутка з’явяцца рэсурсныя цэнтры

- 9:48Актуально, Образование

Ва ўніверсітэтах краіны хутка з’явяцца рэсурсныя цэнтры. Пра гэта паведаміў міністр адукацыі Андрэй Іванец на пашыраным пасяджэнні калегіі профільнага ведамства, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— Вядзецца сур’ёзная работа па стварэнні рэсурсных цэнтраў ва УВА, аналагічных тым, што існуюць на базе ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Плануем гэтую работу завяршыць за два месяцы. У першую чаргу задача гэтых цэнтраў будзе заключацца ў выкарыстанні сваіх рэсурсаў для арганізацыі пілотных вытворчасцей з прымяненнем іх у адукацыйным кантэнце. У кожнага ўніверсітэта павінна быць свая вытворчасць, як мінімум адна. Таму мы цяпер ствараем палажэнне аб гэтых рэсурсных цэнтрах ва УВА. Прапановы ўніверсітэты ўжо накіроўвалі, але актыўнасць пакуль недастатковая. Да рэктараў павінна прыйсці разуменне, што для іх гэта выратавальны круг і абавязковы інструмент развіцця, без якога рана ці позна пытанні фінансавай дзейнасці і ўзроўню адукацыі будуць ісці ўніз. Мы не можам гэтага дапусціць, — падкрэсліў Андрэй Іванец.

Пашыранае пасяджэнне калегіі Міністэрства адукацыі “Аб прапановах універсітэтаў па рэалізацыі да 2030 года стратэгічна важных інавацыйных праектаў” прайшло на базе Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Яго ўдзельнікамі сталі рэктары і прарэктары па навуковай рабоце УВА, прадстаўнікі галіновых органаў дзяржкіравання, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Гомельаблвыканкама, структурных падраздзяленняў апарату Мінадукацыі.

— Сёння востра паўсталі пытанні развіцця нашага навукова-тэхналагічнага патэнцыялу, яго эфектыўнага выкарыстання для садзейнічання нацыянальнай эканоміцы. Месца навукі ў развіцці краіны павінна быць больш заўважным. Універсітэцкія вучоныя прапаноўва­юць рэалізаваць да 2030 года шэсць інавацыйных праектаў ад пяці нашых вядучых тэхнічных УВА. Ступень іх прапрацоўкі ў асноўным дастаткова высокая. Па двух праектах распрацаваны бізнес-планы, па астатніх — разгорнутыя тэхніка-эканамічныя абгрунтаванні, — адзначыў першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч.

Сярод гэтых інавацыйных распрацовак — праект навукова-тэхналагічнага парка БНТУ “Палітэхнік” па стварэнні кардыяхірургічных імплантатаў — розных відаў эндапратэзаў клапана сэрца. Рэзідэнты навукова-тэхналагічнага парка “Унітэхпрам БДУ” прапануюць арганізацыю вытворчасці па прынцыпах GMP поліфункцыянальных ветэрынарных прэпаратаў на аснове відаспецыфічных рэкамбінантных бялкоў жывёл і стварэнне станкоў з ЛПК.

У сваю чаргу БДТУ займаецца распрацоўкай цэха па вытворчасці тэхнічнай керамікі (керамічных матэрыялаў) на базе Лоеўскага камбіната будаўнічых матэрыялаў для выкарыстання ў цеплавых устаноўках і агрэгатах. А ГДТУ імя П.В.Сухога хацеў бы пабудаваць завод вогнеўпораў у Гомельскім рэгіёне для выпуску бетонных сумесей. Беларуска-Расійскі ўніверсітэт прэзентаваў праект па стварэнні вытворчасці спрэдараў для выпуску навясной прылады для аўтаматычнага захопу транспартных кантэйнераў.

— Канечне, універсітэцкая навука ніколі не будзе заводам, але мы за гэта і не змагаемся. Наша задача — навуковае суправаджэнне, каб кожны наш вучоны разумеў: яго распрацоўкі ўкараняюцца ў жыццё, — рэзюмаваў міністр адукацыі.

Вольга АНТОНЕНКАВА