Ва УВА краіны працуе звыш 6,5 тыс. маладых вучоных ва ўзросце да 35 гадоў

- 9:55Актуально, Образование

Вынікі навуковай і інавацыйнай дзейнасці ўніверсітэтаў краіны за мінулы год і задачы на бягучы разгледзелі на пасяджэнні выязной калегіі Міністэрства адукацыі Беларусі ў БрДТУ, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Адкрываючы мерапрыемства, у якім удзель­нічалі кіраўнікі УВА і прадстаўнікі савета маладых вучоных галіновага ведамства, міністр адукацыі Андрэй Іванец адзначыў, што ў 2022 го­дзе было шмат зроблена па развіцці навукова-тэхнічнай інфраструктуры ўніверсітэтаў і ўдасканаленні работы 6 навукова-тэхналагічных паркаў на іх базе. Летась там з’явіліся 7 новых рэзідэнтаў. Гэта свед­чыць пра выніковую дзей­насць у галіне прыкладных даследаванняў і паспяховае ўкараненне навуковых распрацовак, якія патрабуюць належнага фінансавага забеспячэння і эфектыўнага выкарыстання выдаткаваных бюджэтных сродкаў.

Па словах міністра, ва ўмовах санкцыйнага націску і выканання найважнейшых задач па імпартазамяшчэнні даследаванні айчынных навукоўцаў павінны быць накіраваны на вырашэнне праблем рэальнага сектара эканомікі. У гэтай рабоце не абысціся без адпаведнага кадравага забеспячэння. Радуе, што летась універсітэцкія вучоныя абаранілі 20 доктарскіх і 147 кандыдацкіх дысертацый. Гэта сведчыць пра эфектыўную работу аспірантуры і дактарантуры. Сёння ва УВА краіны працуе звыш 6,5 тысячы маладых вучоных ва ўзросце да 35 гадоў. У айчыннай навукі — дастойная змена, для развіцця патэнцыялу якой неабходна стварыць належныя ўмовы.

Першы намеснік мініст­ра адукацыі Аляксандр Бахановіч расказаў, што летась у сістэме галіновага міністэрс­т­­ва навукова-тэхнічную дзейнасць ажыццяўлялі 35 навуковых арганізацый, у тым ліку 21 універсітэт. Асноў­ная форма іх удзелу ў такой дзейнасці — фундаментальныя даследаванні па заданнях дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў.

У 2022 годзе выконваліся 1,1 ты­сячы праектаў у рамках 313 комплексных заданняў ва ўсіх 12 ДПНД, якія рэалізуюцца ў краіне. У гэтых даследаваннях былі задзейнічаны больш за 4,8 тысячы супрацоўнікаў навуковых арганізацый Міністэрства адукацыі. Абаронены 41 кандыдацкая, 13 доктарскіх і 189 магістарскіх дысертацый, атрыманы 47 патэнтаў, апублікаваны 122 манаграфіі і 218 падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў. 

Разам з тым айчынныя навуковыя арганізацыі выконвалі 3 інавацыйныя праекты і шэраг навукова-тэхнічных і дзяржаўных праграм па дагаворах з дзяржорганамі і арганізацыямі, у тым ліку замежнымі (“Перспектыўныя хімічныя і біялагічныя тэхналогіі”, “Нацыянальныя эталоны і высокатэхналагічнае даследчае абсталяванне”). Дзякуючы гэтаму, у адукацыйны працэс былі ўкаранёны 22 віды новых навуковых установак і лабараторных комплексаў.

Сёння ва УВА краіны працуе звыш 6,5 тысячы маладых вучоных ва ўзросце да 35 гадоў. У айчыннай навукі — дастойная змена, для развіцця патэнцыялу якой неабходна стварыць належныя ўмовы.

У сістэме Міністэрства адукацыі дзейнічае сетка інавацыйных падраздзяленняў, якая ўключае 3 зарэгістраваныя цэнтры трансферу і 7 навукова-тэхналагічных паркаў (6 з іх маюць статус суб’ектаў інавацыйнай інфраструктуры). Сёння ва ўніверсітэцкіх тэхнапарках зарэгістраваны 78 рэзідэнтаў. Аб’ём іх мінулагодняй выручкі склаў больш за 40 млн рублёў, у тым ліку 14,3 млн ад інавацыйнай прадукцыі. Экспарт — 8,7 млн рублёў.

Ва УВА паспяхова працуюць 33 галіновыя лабараторыі, створаныя ў інтарэсах 17 профільных міністэрстваў і ведамстваў краіны. Аб’ём работ, выкананых імі летась, дасягнуў 31,6 млн рублёў, што перавышае аналагічны паказчык 2021 года больш як у 4 разы. Істотна ўзрос экспарт паслуг у галіне навукі і экспарт высокатэхналагічнай прадукцыі. 

Падрыхтоўкай навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі летась займаліся 26 УВА. У аспірантуру былі прыняты 472 грамадзяніны Беларусі, з іх 451 — за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, а ў дактарантуру — 60.

Аляксандр Бахановіч засяро­дзіў увагу і на праб­лемных пытаннях, звязаных з дыспрапорцыяй у фінансаванні прыкладных і фундаментальных даследаванняў, удзелам універсітэтаў у рэалізацыі дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм і Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця, фарміраваннем праектаў праграм Саюзнай дзяржавы, камерцыялізацыяй распрацовак універсітэцкіх вучоных і інш.

Прарэктар па навуковай рабоце БДУІР Віктар Сцямпіцкі азнаёміў калег з выкананнем установамі вышэйшай адукацыі краіны Праграмы развіцця мікра­электроннай прамысловасці Беларусі да 2030 года, прынятай з мэтай забеспячэння незалежнасці рэспуб­лікі ад знешніх фактараў, імпартазамяшчэння стратэгічнай прадукцыі, распрацоўкі новых перадавых тэхналогій і матэрыялаў для розных галін, у тым ліку касмічнай, у галіновых лабараторыях. УВА краіны ўдзельніча­юць у 45 са 140 праграмных мерапрыемстваў.

Рэктар БНТУ Сяргей Харытончык падзя­ліўся вопытам рэалізацыі праектаў Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця, звязаных са стварэннем інавацыйна-вытворчага цэнт­ра па выпуску вырабаў медыцынс­кага прызначэння, распрацоўкай тэхналогій, стварэн­нем і арганізацыяй вытворчасці абсталявання для магнітна-абразіўнай апрацоў­кі паверхняў вярчэння і складанай формы дэталей машын і прыбораў, а таксама са стварэннем імпартазамяшчальнай выт­вор­часці кардыяхірургічных імплантатаў і распрацоўкай тэхналогіі апрацоўкі і стэ­рылізацыі біялагічных матэрыя­лаў для іх вырабу. Гэтыя праекты прыносяць важкую штогадовую выручку і адыгрываюць важную ролю ў імпартазамя­шчэнні.

Дырэктар Інстытута ядзер­ных праблем БДУ Сяргей Максіменка далажыў пра пад­рыхтоўку праекта навукова-тэхнічнай праг­рамы Саюзнай дзяржавы “Навукаёмістыя кампазіцыйныя матэрыялы для альтэрнатыўнай энергетыкі, сістэм бесправадной сувязі і біямедыцынскіх дадаткаў”, а рэктар ВДТУ Андрэй Кузняцоў расказаў пра дзей­насць і перспектывы развіцця ўніверсітэцкага навукова-тэхналагічнага парка, 7 рэзідэнтаў якога займаюцца выпускам інавацыйнай прадукцыі ў галіне металаапрацоўкі, лёгкай прамысловасці і ІТ-тэхналогій. Ва ўніверсітэце дзейнічае вучэбна-навукова-вытворчая лабараторыя “Цэнтр адытыўных тэхналогій”. Яе супрацоўнікі аказваюць паслугі па інжынірынгу і рэінжынірынгу.

На калегіі быў разгле­джаны таксама план работы савета маладых вучоных галіновага міністэрства на бягучы год.

Удзельнікі мерапрыемс­тва вызначылі прыярытэтныя задачы ў навуковай і інавацыйнай дзейнасці ўніверсітэтаў на перспектыву, наведалі вучэбныя і галіновыя лабараторыі БрДТУ, а таксама Брэсц­кі навукова-тэхналагічны парк.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота аўтара