Вадзім Пафераў: сучасныя гаджэты можна выкарыстоўваць з карысцю на любым прадмеце

- 14:34Первое рабочее место

Настаўнік матэматыкі і інфарматыкі Лудчыцкай сярэдняй школы Быхаўскага раёна Вадзім Пафераў, беручыся за любую справу, выконвае яе на выдатна. У гэтым можна пераканацца, паглядзеўшы на вынікі яго працы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Быць педагогам — мой усвядомлены выбар. У дзяцінстве я не марыў аб гэтай прафесіі, а па-сапраўднаму знайшоў сябе ў ёй, будучы ўжо студэнтам факультэта матэматыкі і прыродазнаўства Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова. Мне падабалася матэматыка заўсёды, і да гэтага дадалося жаданне вучыць дзяцей. Цяпер я ведаю, што знаходжуся на сваім месцы, — расказвае малады спецыяліст.  

На чацвёртым курсе юнаку далі магчымасць прыступіць да паўнавартаснай работы ў школе. Месца працы вызначылася не выпадкова. Малады спецыяліст пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай ва ўніверсітэце. Жонка, калі была школьніцай, вучылася ў Лудчыцкай сярэдняй школе. Таму, калі прыйшоў час студэнцкай практыкі, маладыя людзі разам адправіліся праходзіць яе ў родную школу дзяўчыны.

— А калі я быў на апошнім курсе, ва ўніверсітэт патэлефанаваў дырэктар школы Ігар Броўка з запытам на настаўнікаў матэматыкі. Канечне, я не ўпусціў такой магчымасці. Я ўжо ведаў установу адукацыі, і мяне ўсё задавальняла для далейшай прафесійнай дзейнасці ў гэтым месцы. Але больш за ўсё мне пашанцавала з калектывам. Кожны дзень радуюся такой прыемнай рабочай атмасферы. З дырэктарам у нас склаліся вельмі даверлівыя адносіны. Праца ў калектыве ідзе лёгка і зладжана, і гэта ў большай ступені заслуга Ігара Мікалаевіча. А калі мы даведаліся, што ён пераходзіць на пасаду начальніка аддзела па адукацыі, я адчуў лёгкі сум. Цяжка расставацца з такім выдатным кіраўніком. Па гэты дзень мы падтрымліваем зносіны, і я дакладна ведаю, да каго магу звярнуцца па прафесійную параду. А яшчэ я рады, што цяпер астатнія школы маюць магчымасць супрацоўнічаць з выбітным прафесіяналам, — дзе­ліцца педагог.

На сённяшні момант Вадзім Пафераў выкладае матэматыку, і ў сувязі са зменамі складу настаўнікаў дадаліся гадзіны па англійскай мове ў пяцікласнікаў. Настаўнік лёгка знаходзіць кантакт з дзецьмі. Прадметы вядзе ў 5—8-х і 11-х класаў. Таксама з гэтага навучальнага года педагог з’яўляецца класным кіраўніком у сямікласнікаў. 

— Галоўнае — знайсці правільны падыход да кожнага вучня. Лічу, што 5—6-м класам трэба ўдзяляць больш увагі, больш падрабязна разбіраць матэрыял. З 7—8-мі класамі — быць больш строгім, усё ж такі пераходны ўзрост. А са старшакласнікамі лепш прымяняць метад “роўны — роўнаму”, яны будуць слухаць матэрыял, калі з імі паво­дзіць сябе па-сяброўску, захоўваючы субардынацыю. Што тычыцца майго класа, мы даволі хутка наладзілі кантакт. У нас з вучнямі ёсць традыцыя ў апошнія 15 мінут класнай гадзіны ладзіць чая­ванне, дзе мы дзелімся гісто­рыямі. Для класнага кіраўніка гэта карысны спосаб даведацца патрэбную інфармацыю. Аднойчы здарылася прыемная гісторыя. Педагог-арганізатар неяк папрасіла на перапынку сфатаграфавацца са сваім класам. Мы зрабілі фота, і я пайшоў на ўрок. Праз некаторы час вучні прэзентавалі кубак з агульным фота для нашых чаяванняў, — расчульваецца настаўнік матэматыкі.  

Вадзім Алегавіч з гордасцю ўспамінае, як рыхтаваў першага вучня да алімпіяды па матэматыцы. Тады васьмікласнік Сяргей Лазараў заняў на раённым этапе 3-е месца. Цяпер ён займаецца з васьмікласніцай Настассяй Пінчуковай. Да гэтага вучаніца ўдзельнічала ў алімпіядах па мовах. Але, працуючы ў тандэме з Вадзімам Алегавічам, дзяўчынка адчула азарт і вырашыла паспаборнічаць у матэматычных ведах. Хоць першы раз і не хапіла аднаго бала, каб заняць трэцяе месца, дзяўчына не здаецца і ра­зам з настаўнікам старанна рыхтуецца да алімпіяды ў гэтым годзе. Акрамя падрыхтоўкі да алімпіяд, настаўнік не забывае пра іншыя мерапрыемствы і вядзе даволі актыўную дзейнасць.

— У мінулым навучальным годзе ўдзельнічаў у конкурсе “Прызванне — педагог”, дзе заняў 1-е месца на раён­ным этапе: матэматыка і інфарматыка. У задачы ўвахо­дзіла зняць відэаўрок з пяцікласнікамі. Тэма была “Прыкметы дзялімасці на 3, 5, 9”. На занятках я выкарыстаў мультыборд для больш цікавага інтэрактыву з дзецьмі. Таксама мы спрабавалі новыя метады і падыходы навучання на гэтых занятках. Вучні далі станоўчую зваротную сувязь, усе засталіся з прыемнымі ўражаннямі, — расказвае Вадзім Алегавіч.

У будучыні ў В.Паферава ёсць жаданне паспрабаваць сябе ў педагагічных конкурсах, але для гэтага яму трэба набрацца вопыту. Таксама ў планах — узяцца за даследчую работу.

— Разглядаю тэмы, звязаныя з прымяненнем новых тэхналогій у навучанні. Цікава і тое, што ўсе сучасныя гаджэты можна выкарыстоўваць з карысцю на любым прадмеце. Галоўнае — ведаць, як іменна. Напрыклад, з 5—6-мі класамі эфектыўна дзейнічае візуальны складнік — паказваць усё з яркімі і выразнымі ілюстрацыямі. А старэйшым дзецям цікавей назі­раць за канкрэтнымі і дэталізаванымі рэчамі. Дапусцім, праводзячы ўрок фізікі, уключыць відэа, дзе маятнік разгойдваецца. Старшакласнікі лепш засвойваюць інфармацыю, замацаваную відэаролікамі, — тлумачыць малады спецыяліст.

На гэтым ініцыятыва педагога не заканч­ваецца. Вадзім Алегавіч робіць накіды на яшчэ адну даследчую работу сумесна са сваёй вучаніцай Васілісай Сідарэнка, каб з ёй выступіць у наступным навучальным годзе на раённым этапе. Тэму выбралі даволі цікавую — матэматыкі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Настаўнік дае заданне па пошуку інфармацыі вучаніцы, далей ён будзе апрацоўваць матэрыял, і яны разам змогуць адрэпеціраваць вы­ступленне.

— Акрамя вучэбнай дзейнасці, не забываю пра вольны час. Таму стараюся арганізаваць мерапрыемствы і для свайго класа. З найбліжэйшых планаў — паездка вясной у Быхаўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей. Яшчэ ёсць намер выбрацца на летні турнір па міні-футболе. Маленькім аматарам спорту гэтая ідэя даспадобы. Наогул спорт займае значнае месца ў маім жыцці. Я займаўся футболам з ранняга дзяцінства, а цяпер знаходжуся ў камандзе па міні-футболе “Днепр-Быхаў”. Мы ўдзельні­чаем у раённых чэмпіянатах. Яшчэ падабаецца хакей, балею за наш “Дынама-Мінск”. Стараюся вучням прывіваць любоў да спорту і здаровага ладу жыцця, — дзеліцца настаўнік.

Летні час малады настаўнік запаўняе карыснымі справамі. У першы месяц працуе выхавальнікам у летнім лагеры пры школе. А наступныя два месяцы Вадзім Алегавіч дапамагае ў будаўніцтве мясцовай царквы.

— Тата майго сябра — бацюшка. І ён некалькі гадоў назад пачаў узвядзенне царквы, пры якой плануецца царкоўнапрыходская школа. Горад выдзеліў двухпавярховы даваенны будынак. Я дапамагаю выносіць смецце, фарба­ваць і тынкаваць сцены. Праца ідзе павольна, але ўпэўнена. Агульнымі сіламі дасягнём выніку, — спадзяецца Вадзім Алегавіч. 

Цікава, што асабістае жыццё маладога спецыяліста цесна звязана з прафесійным, бо яго жонка працуе настаўніцай матэматыкі і інфарматыкі ў гімназіі Быхава.

— Мы лічым нашай перавагай тое, што працуем у адной сферы. Па вечарах пасля работы дзелімся навінамі і падзеямі за дзень. Не саромеемся прасіць прафесійнай парады адно ў аднаго, — расказвае настаўнік.

У маладой пары ёсць двухгадовы сын. Быхаўскі раённы выканаўчы камітэт вы­дзеліў сям’і арэнднае жыллё.

— Кватэра вельмі добрая, двухпакаёвая. Для жыцця ўсё ёсць. Хачу выказаць вялікую па­дзяку нашаму кіраўніцтву раёна. Акрамя дапамогі з жыллём, заўсёды арганізоўваюць цікавыя раённыя мерапрыемствы, дзе такія ж маладыя сем’і, як і мы, могуць правесці карысны вольны час, — дзеліцца малады педагог.

Малады спецыяліст робіць упэўненыя крокі ў педагогіцы, але таксама развіваецца ў іншых напрамках. Напрыклад, задумваецца аб другой вышэйшай адукацыі па спецыяльнасці “Юрыспрудэнцыя”.

Настасся ЧАРКАНАВА
Фота аўтара і з архіва