“Ваенна-палявая” гісторыя

- 14:43Адукацыйная прастора

Малады педагог Павел Генадзьевіч Ястрэмскі сур’ёзна даследуе ваенную гісторыю і называе сябе некабінетным настаўнікам. За паўтара года ён сабраў вакол сябе неабыякавых да свайго прадмета школьнікаў і здолеў выбудаваць цэлую сістэму паходных заняткаў, падчас якіх дзеці на ўласныя вочы спасцігаюць гісторыю краіны і роднай мясцовасці.

Тандэм педагогікі і ваеннай справы

“Я заўсёды цікавіўся ваеннай гісторыяй, у прыватнасці Другой сусветнай вайной і іншымі буйнымі ваеннымі канфліктамі XX—XXI стагоддзяў. Свой адбітак наклала і тое, што дзед і бацька ў мяне — вайскоўцы, таму ўсё дзяцінства і юныя гады прайшлі ў вайсковых гарнізонах. А вось прадзед быў педагогам, выкладаў матэматыку. На жаль, увосень 1944 года ён загінуў пры вызваленні Польшчы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Напэўна, на мне гэтыя абсалютна розныя кірункі дзейнасці і супалі. Дзякуючы захапленню ваеннай гісторыяй і педагогікай, пайшоў вучыцца на гістарычны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Падчас вучобы даследаваў ваенную гісторыю, стаў займацца навуковай дзейнасцю, прымаў удзел і дагэтуль удзельнічаю ў разнастайных канферэнцыях на гістарычную тэматыку”, — расказвае малады настаўнік.

У сярэдняй школе № 16 Полацка малады педагог працуе другі год. Паступова ў навуковую дзейнасць настаўнік уцягвае і сваіх навучэнцаў. У мінулым годзе адзінаццацікласнік Аляксей Мяшкоў пад куратарствам Паўла Генадзьевіча ўдала выступіў з навуковым даследаваннем на Міжнароднай маладзёжнай навукова-практычнай канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна 1941—1945 гадоў у гістарычнай памяці народа”, якая праходзіла ў Мінску.

Да ўрокаў — як да адказу ля дошкі

Ініцыятыўны педагог пастаянна шукае новыя шляхі, каб зацікавіць дзяцей сваім прадметам, зрабіць яго менш кабінетным і больш практыка-арыентаваным, візуальным. На думку Паўла Генадзьевіча, вывучыць гісторыю можна, толькі прапусціўшы яе праз сябе. Падчас урокаў настаўнік вучыць пашыраць свае веды за кошт вывучэння архіўных дакументаў, пошуку дадатковай інфармацыі ў інтэрнэце.

“Нягледзячы на тое, што працую ў школе другі год, да ўрокаў рыхтуюся, як выдатнік да адказу ля дошкі, — з грунтоўным падыходам. Тэкст чарговага параграфа дзеці могуць прачытаць і самі, я ж даю ім інфармацыю, якая не ўваходзіць у падручнікі, — расказвае малады настаўнік. — У гэтым годзе выкладаю прадмет у 8-х, 9-х і 11-х класах. Падчас заняткаў праводжу віртуальныя экскурсіі: паказваю фотаздымкі з паходаў, прэзентацыі з помнікамі і знакавымі месцамі роднага краю і іншыя нагляднасці. Школьнікі ў сваю чаргу таксама рыхтуюць творчыя заданні, заснаваныя на мясцовым матэрыяле”.

Ёсць у П.Ястрэмскага яшчэ адзін важны пункт: каб заняткі былі як мага больш насычанымі і якаснымі, дошкі і карты для ўрокаў гісторыі недастаткова. У кабінеце абавязкова павінны прысутнічаць мультымедыя, камп’ютарная тэхніка. Час ад часу педагогу ўдаецца здабыць і прадметы гістарычнага мінулага па тэматыцы ўрока. “Калі вывучаем перыяд Расійскай імперыі, паказваю навучэнцам імперскія манеты, гузікі з мундзіраў тых часоў і іншыя прадметы даўніны — гэтымі сведкамі гісторыі дзеляцца са мной знаёмыя калекцыянеры. Дзякуючы насычанасці разнастайнымі нагляднымі матэрыяламі, урокі для дзяцей і для мяне як настаўніка пралятаюць імгненна. Адзіная праблема — укласці безліч цікавай інфармацыі ў 45 хвілін”.

Марш-паходы па ваенных месцах

Першае месца ў вывучэнні гісторыі Павел Генадзьевіч усё ж адводзіць практычнай дзейнасці — паходам па ваенных месцах, экскурсіям, збору інфармацыі і г.д.

“Я працягваю традыцыі свайго школьнага настаўніка гісторыі, з якім мы таксама часта хадзілі ў вандроўкі і экспедыцыі. Паходную дзейнасць са сваімі вучнямі пачынаў з тэматыкі пачатковага этапу Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі, мы вывучалі агнявыя кропкі. Не раз бывалі на лініі полацкага ўмацаванага раёна каля вёсак Мяругі, Лясіны, Пашкі, Двор Гомель, Баравуха-1”, — расказвае Павел Генадзьевіч.

Паходная дзейнасць пачыналася з супрацоўніцтва настаўніка з мясцовым раённым цэнтрам дзяцей і моладзі, які падтрымаў жаданне весці ваенна-патрыятычнае выхаванне моладзі праз паходную дзейнасць. Зараз педагог працягвае супрацоўніцтва з цэнтрам, але значная колькасць выхадаў адбываецца і па ўласнай ініцыятыве. Бацькі ставяцца да такой актыўнай паходнай дзейнасці дзяцей станоўча. Хаця, па прызнанні П.Ястрэмскага, спачатку яны здзіўляліся: “Як гэта педагог свае вольныя дні марнуе на вучняў?” Але пасля і самі ўцягнуліся: актыўна дапамагаюць інвентаром, прадуктамі, праводзяць і сустракаюць каманду вандроўнікаў, збіраюцца далучыцца да навукова-практычных экспедыцый школьнікаў.

“Марш-паходы па ваенных месцах, месцах воінскіх пахаванняў, ваенных аб’ектах здзяйсняем, калі дазваляе надвор’е, напрыканцы кожнага тыдня — у суботу ці нядзелю. Да нашай актыўнай ваенна-патрыятычнай дзейнасці далучаюцца дзеці з іншых школ горада. Таксама мы супрацоўнічаем са школамі вобласці, напрыклад, Сар’янскай сярэдняй школай Верхнядзвінскага раёна, дзе працуе мой калега-аднадумец. Час ад часу разам з калегам і яго навучэнцамі здзяйсняем паходы. Зараз распрацоўваем тэму ваенных злачынстваў і карных аперацый супраць мірнага насельніцтва на паўночным усходзе Беларусі. Так, мы з дзецьмі знайшлі людзей, якія былі сведкамі тых падзей, пагутарылі з вязнем Саласпілскага канцлагера на тэрыторыі Латвіі, — працягвае педагог. — Тэмы, якія мы са школьнікамі вывучаем у паходных умовах, заўсёды будуць актуальнымі, таму што, колькі б фільмаў пра вайну ні было знята і колькі б кніг ні было напісана, белыя плямы ўсё роўна застаюцца, існуе шмат засакрэчаных дакументаў. Адна справа — вывучаць прадмет некалькі разоў на тыдзень на працягу 45 хвілін, іншая — бачыць канкрэтныя адбіткі вайны, чуць ваенныя гісторыі ад тых людзей, якія сталі яе сведкамі.

У такіх паходах школьнікі атрымліваюць не толькі новыя веды, але і карысць для здароўя: адніміце шматгадзіннае сядзенне за камп’ютарам, дадайце пастаянны рух, фізічную загартоўку і пэўныя турыстычныя навыкі”.

Класнае кіраўніцтва “па-армейску”

З гэтага года Паўлу Генадзьевічу даручылі класнае кіраўніцтва. “Пасля летняга адпачынку адміністрацыя школы паставіла перада мной задачу стаць класным кіраўніком 8 “Г” класа. Клас няпросты, накладвае свой адбітак і пераходны ўзрост дзяцей. Але ў мяне ўсё па-ваеннаму: задачу паставілі — трэба выконваць, — гаворыць класны кіраўнік. — Прызнаюся, працую класным кіраўніком з вялікім задавальненнем. Мне даспадобы, што клас разнастайны і ў вучэбным плане, і ў паводзінах. Таму кіраваць маімі васьмікласнікамі пад сілу толькі мужчыну, а выхаванне павінна весціся “па-армейску”, праз бізун і пернік. Выхаваўчай дзейнасці надаю асаблівае значэнне і стараюся быць карысным сваім навучэнцам: шмат размаўляю з імі, абапіраючыся на свой школьны вопыт (падчас вучобы я часам сам ствараў настаўнікам праблемы), тлумачу іх памылкі, даю парады, вучу разумець сутнасць асабістых учынкаў і несці за іх адказнасць. У выхаваўчай і прафарыентацыйнай дзейнасці дапамагаюць і бацькі: дзякуючы ім мы наладзілі супрацоўніцтва з мясцовай ваеннай часцю. Але ўсё ж асноўны выхаваўчы працэс праходзіць падчас далучэння праблемных вучняў да нашых экспедыцый па месцах ваеннай гісторыі”.

Малады педагог прызнаецца, што яго “ваенна-палявая” методыка дае вынікі: дысцыпліна ў класе палепшылася, васьмікласнікі сталі больш адказнымі. “Ёсць і канкрэтныя станоўчыя прыклады: адзін з маіх вучняў, які раней вылучаўся цяжкасцямі ў вучобе і праблемнымі паводзінамі, пасля ўцягнення ў актыўную ваенна-патрыятычную дзей-насць стаў больш сур’ёзным, у падлетка з’явілася цікавасць да вывучэння прадмета і да вучобы ў цэлым. Зразумела, дзякуючы таму, што ваенная тэматыка — асноўная зацікаўленасць майго класа, гэтыя раздзелы ў курсе школьнай праграмы навучэнцы будуць ведаць дасканала. Але яшчэ адна задача, якую я стаўлю перад сабой як настаўнік, — вывучыць з дзецьмі гісторыю мясцовасці, дзе яны нарадзіліся, тым больш што багатая гісторыя Полацкага раёна спрыяе новым адкрыццям як краязнаўчага, так і навуковага характару”, — перакананы Павел Генадзьевіч.

Настаўнік калекцыяніруе прадметы, звязаныя з ваенным мінулым краіны. Далучаюцца да гэтай справы і яго вучні. Такое сумеснае хобі вылілася ў стварэнне экспазіцыі ў школе, якая пастаянна абнаўляецца і папаўняецца. У мінулым годзе з выставай ваенных прадметаў вучні П.Ястрэмскага ездзілі ў Віцебск, пабывалі і ў Мінскай вобласці. Частку выставачных экспанатаў Павел Генадзьевіч перадаў калегу з Сар’янскай сярэдняй школы Верхнядзвінскага раёна.

Малады педагог марыць стварыць на базе школы пошукавую групу, атрад ваенна-патрыятычнага напрамку са сваёй назвай і сімволікай, які вёў бы краязнаўчую працу, звязаную з ваеннай гісторыяй.

Алёна КРЫВЯНКОВА.