Ваенная аперацыя ў Сірыі завяршаецца

- 11:59Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін правёў у Сочы перагаворы з лідарамі некалькіх краін: Прэзідэнтам Сірыі Башарам Асадам, Прэзідэнтам Турцыі Раджэпам Таіпам Эрдаганам і Прэзідэнтам Ірана Хасанам Раўхані.

У ходзе сустрэчы з Прэзідэнтам Сірыі Башарам Асадам кіраўнікі краін сышліся на тым, што ваенная аперацыя ў Сірыі блізкая да завяршэння і цяпер трэба перайсці да палітычных працэсаў.

“Думаю, праблема тэрарызму мае глабальны характар. Да поўнай перамогі над тэрарызмам, вядома, яшчэ вельмі далёка. Але што тычыцца нашай сумеснай работы па барацьбе з тэрарыстамі на тэрыторыі Сірыі, гэтая ваенная аперацыя сапраўды завяршаецца”, — сказаў Уладзімір Пуцін. “Думаю, цяпер самае галоўнае, вядома, перайсці да палітычных працэсаў, і з задавальненнем адзначаю вашу гатоўнасць працаваць з усімі, хто хоча міру і ўрэгулявання”, — дадаў Прэзідэнт Расіі.

Між тым У.Пуцін выказаў меркаванне, што канчатковая кропка ў барацьбе з тэрарызмам у Сірыі будзе пастаўлена ў найбліжэйшы час, хоць ачагі гэтай праблемы яшчэ будуць узнікаць.

Расійскі лідар таксама абмеркаваў з Башарам Асадам асноўныя прынцыпы палітычнага працэсу ў Сірыі і падрыхтоўку Кангрэса народаў рэспублікі.

Сірыйскі кіраўнік заявіў, што разлічвае на падтрымку Расіі ў пытанні палітычнага ўрэгулявання ў Сірыі.

На трохбаковай сустрэчы з лідарамі Турцыі і Ірана Уладзімір Пуцін адзначыў асаблівую ролю Прэзідэнта Турцыі Раджэпа Таіпа Эрдагана і Прэзідэнта Ірана Хасана Раўхані, без удзелу якіх палітычнае ўрэгуляванне ў Сірыі было б немагчыма.

“Маштабныя баявыя дзеянні супраць тэрарыстычных груп у Сірыі завяршаюцца. Дзякуючы намаганням Расіі, Ірана і Турцыі, удалося прадухіліць распад Сірыі, не дапусціць захопу краіны міжнароднымі тэрарыстамі, пазбегнуць гуманітарнай катастрофы”, — адзначыў Уладзімір Пуцін.

Прэзідэнт Расіі асабліва падкрэсліў, што тром краінам неабходна сумесна распрацаваць комплексную праграму адраджэння Сірыі пасля працяглай вайны ў гэтай краіне. “У першую чаргу трэба аднавіць прамысловасць, сельскую гаспадарку, інфраструктуру, сістэму аховы здароўя і адукацыі, правесці размініраванне вызваленых тэрыторый, аказаць садзейнічанне ў вяртанні бежанцаў”, — сказаў расійскі лідар.

Уладзімір Пуцін дадаў, што праведзеная сустрэча ў Сочы таксама была накіравана на палітычнае ўрэгуляванне на аснове рэзалюцыі Савета Бяспекі ААН 2254. Гэты дакумент прадугледжвае правядзенне шырокага міжсірыйскага дыялогу з удзелам усіх без выключэння этнічных, канфесійных і палітычных груп насельніцтва.