Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што пазітыў, які намеціўся паміж Беларуссю і ЗША, стане новым этапам адносін. Аб гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў на сустрэчы з намеснікам памочніка міністра абароны ЗША Майклам Карпентэрам.
Паводле слоў прэзідэнта, у Беларусі з заходнім светам, ЗША намеціўся нейкі пазітыў. “Я вельмі хацеў бы, каб гэта быў новы этап у нашых адносінах”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу, што палітызаванасць адносін Беларусі з заходнімі краінамі вельмі высокая. “Нам не шкодзіла б паглядзець перш за ўсё на эканоміку, на гандлёва-эканамічныя адносіны са Злучанымі Штатамі Амерыкі, з Еўрапейскім саюзам. І гэта было б добрым фундаментам пабудовы добрых адносін па ўсіх напрамках”, — перакананы кіраўнік беларускай дзяржавы.
Беларусь гатова абмяркоўваць з заходнімі партнёрамі любыя праблемы, супрацоўнічаць з ЗША. “Не толькі таму, што гэта глабальная імперыя, вядучая дзяржава свету, з якой супрацоўнічаюць усе”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што ў беларускім грамадстве склалася паважлівае стаўленне да Амерыкі. Гэтаму не перашкодзілі і санкцыі супраць Беларусі, якія дзейнічалі ў мінулым. “Наш народ добры, адукаваны і разбіраецца ў тых працэсах, якія адбываюцца ў свеце”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка і прапанаваў наладжваць адносіны ў духу пажаданняў беларускага і амерыканскага народаў.
“Наша Ваенная дактрына — выключна абарончая, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы ніколі ні на каго не будзем нападаць, прымяняць зброю супраць якой бы там ні было краіны. Ніколі суседзі на нас пальцам не пакажуць у сувязі з гэтым”.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь з’яўляецца членам АДКБ. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што пазіцыя беларускага боку ў гэтай арганізацыі вельмі простая: “Мы ніколі не будзем ваяваць на чужой тэрыторыі з-за таго, што мы будуем, прытрымліваемся абарончай дактрыны”. Пры гэтым прэзідэнт падкрэсліў, што калі нехта паспрабуе ваяваць з намі, то мы будзем абараняцца, а таксама выконваць саюзніцкія абавязацельствы з Расіяй. “Галоўнае для нас — абарона цэласнасці і суверэнітэту нашай краіны, процістаянне любым пагрозам, адкуль бы яны ні ішлі”, — сказаў беларускі лідар.
Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, Беларусь вельмі цэніць міжнароднае меркаванне наконт яе ролі ва ўрэгуляванні ўкраінскага канфлікту. Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што беларускі бок заўсёды будзе прытрымлівацца прынцыпаў міру — яму вайна ва Украіне не патрэбна. “З нашай зямлі, з нашай тэрыторыі пагроз Украіне ніколі не было і не будзе. Мы схільны праводзіць міралюбівую палітыку, зрабіць усё для таго, каб нармалізаваць сітуацыю ва Украіне”, — падкрэсліў прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што на тэрыторыі Беларусі знаходзяцца 160 тысяч украінскіх грамадзян, якія пакінулі краіну ў сувязі з канфліктам. У Беларусі, як адзначыў кіраўнік дзяржавы, гэтым людзям прадастаўлены роўныя правы з грамадзянамі краіны. Яны працаўладкаваны, іх дзеці змаглі пайсці ў беларускія дзіцячыя сады, школы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што выклікі, якія складваюцца ва Усходняй Еўропе, калі не сёння, то заўтра здольны сур’ёзна паўплываць на сітуацыю ў Еўропе наогул. “Збалансаваць сітуацыю тут, маю на ўвазе Украіну і іншыя тэндэнцыі, без Злучаных Штатаў немагчыма”, — сказаў Прэзідэнт Беларусі. Ён падкрэсліў, што гэта яго цвёрдая перакананасць, і нагадаў, што не аднойчы заяўляў аб гэтым публічна яшчэ да правядзення ў Мінску саміту “Нармандскай чацвёркі”.
Аляксандр Лукашэнка прапаноўваў тады падключыць да ўрэгулявання крызісу ва Украіне Злучаныя Штаты Амерыкі, час паказаў, што кіраўнік беларускай дзяржавы меў рацыю. “Калі Злучаныя Штаты захочуць заўтра спыніць вайну на ўсходзе Украіны і зробяць некалькі крокаў у гэтым напрамку, гэтая мясарубка там будзе скончана”, — упэўнены Прэзідэнт Беларусі.
Беларускі бок не ў захапленні ад актывізацыі Паўночнаатлантычнага альянсу, так званага руху НАТА на Усход. “Мы не можам на гэта не рэагаваць, таму што гэта адбываецца непасрэдна каля нашых граніц”, — сказаў беларускі лідар. Ён дадаў, што ні ў якім разе не жадае дэманізаваць, гіпербалізаваць гэты працэс. Аляксандр Лукашэнка не схільны думаць, што НАТА збіраецца ваяваць з Расіяй ці Беларуссю. “У цяперашніх умовах гэта неверагодна і нікому не патрэбна”, — адзначыў ён.
Больш за тое, кіраўнік беларускай дзяржавы ўпэўнены, што ні Амерыцы, ні Еўропе не патрэбны яшчэ адзін канфлікт ва Усходне-Еўрапейскім рэгіёне. “Веру ў тое, гэта і дэкларуюць палітыкі ЗША, што Амерыка хоча мірнай і незалежнай Беларусі”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт лічыць, што ў Злучаных Штатах Амерыкі зацікаўлены ў міры і спакоі ў Еўропе.