Ланцужок адметнасцей Круглянскага раёна даволі працяглы і складаецца з некалькіх звенняў: гэта і маляўнічая рака Друць, і гады жыцця на Кругляншчыне генерала нацыянальнага героя Сербіі Міхаіла Рыгоравіча Чарняева, і подзвіг Героя Савецкага Саюза ўраджэнца вёскі Філатава Сцяпана Аляксандравіча Лавянецкага. Сярод звенняў гэтага незвычайнага ланцужка знаходзіцца і падпольная арганізацыя АБЗОР, а таксама 8-я партызанская брыгада Жуніна.
Не дзеля птушачкі
Гаварыць пра ваенныя падзеі заўсёды няпроста, асабліва калі ты жывеш у мірны час. Нам не “пашчасціла” ў маладыя гады мерзнуць у франтавых акопах і партызанскіх зямлянках, не даводзілася стомленым, нявыспаным і галодным падымацца ў штыкавую. Мы не былі на вайне, не спазналі яе жахаў, таму на выхаваўчых мерапрыемствах грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці, акрамя агульных слоў кшталту “павінны памятаць”, “нельга забываць”, “подзвіг народа бессмяротны”, асабіста ад сябе больш нічога не скажам. Але і гэтыя, няхай крыху пафасныя, словы могуць станоўча ўздзейнічаць на юнага слухача. Як зрабіць так, каб дзеці адчувалі, што за словамі “павінны” і “нельга” стаіць наш асабісты боль? Што рабіць для таго, каб сустрэчы з ветэранамі не праводзіліся толькі дзеля птушачкі і ў адпаведнасці з планам, каб арганізацыя такіх мерапрыемстваў была нашай унутранай патрэбай?
Дырэктар сярэдняй школы № 1 Круглага Аляксандр Міхайлавіч Бялянкін адказаў так: “Трэба працаваць над сваёй гістарычнай памяццю”. А як працуюць у гэтым плане настаўнікі першай круглянскай школы сведчаць, напрыклад… 3 Гб памяці. Менавіта такі аб’ём займаюць электронныя версіі рэфератаў, дакладаў, выступленняў, прэзентацый, навукова-даследчых работ на ваенную тэматыку, якія скінулі на маю флэшку ў круглянскай школе. “Каб мелі першапачатковае ўяўленне пра нашу работу”, — адзначыла настаўніца інфарматыкі Людміла Аляксандраўна Сідарава, капіруючы ў папку “Круглае” вынікі шматгадовай работы сваіх калег і вучняў па вывучэнні ваеннага мінулага роднай зямлі. “А для больш поўнага ўяўлення запрашаем у наш школьны музей”, — прапанаваў Аляксандр Міхайлавіч.
Школьны палац
Шлях ад кабінета інфарматыкі, дзе мяне ўзброілі “фактурай” для напісання матэрыялу, у школьны музей звычайна займае каля адной хвіліны. Менавіта столькі неабходна для таго, каб спусціцца з другога паверха на першы. Але ж дырэктару, як ветліваму гаспадару, хацелася паказаць госцю ўвесь свой палац. Менавіта такое слова найбольш дакладна характарызуе знешні і ўнутраны выгляд школьнага будынка. Спачатку мы завіталі ў кабінет інфармацыйных тэхналогій. Інтэрактыўная дошка, мультымедыйныя ўстаноўкі, арыгінальныя вучнёўскія карціны на сценах… Што тут скажаш — прыгожа, утульна, сучасна. Нездарма ў школе часта праводзяцца адкрытыя ўрокі для настаўнікаў раёна, пасяджэнні метадычных аб’яднанняў. Потым нас чакаў кабінет хіміі, пасля — кабінет працоўнага навучання. Іх знешні выгляд можна таксама ахарактарызаваць як “прыгожа”, “утульна”, “сучасна”. Адным словам, шлях у школьны музей замест адной хвіліны расцягнуўся на паўгадзіны. Але праляцелі яны як адно імгненне. Яшчэ б: цікавы аповед Аляксандра Міхайлавіча памножаны на вынікі сумленнай працы настаўнікаў і працоўнага персаналу школы. Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што не менш цікавай у гэты камандзіровачны дзень была і экскурсія па Кручанскім ВПК “дзіцячы сад — сярэдняя школа” і асабліва па Філатаўскім ВПК “дзіцячы сад — сярэдняя школа”. Але гэта ўжо тэма для асобнага артыкула.
Вернемся ў музей першай круглянскай школы. Менавіта адсюль пачалося маё знаёмства з незвычайным ланцужком адметнасцей круглянскай зямлі і ў прыватнасці з такім яе звяном, як АБЗОР (Арганізацыя змагароў за вызваленне Радзімы). У пачатку гэтага знаёмства быў аповед настаўнікаў гісторыі Наталлі Віктараўны Сімаковай і Наталлі Міхайлаўны Самалазавай пра стварэнне музея. У прынцыпе, сітуацыя стандартная: у аднаго з педагогаў узнікла задумка (у дадзеным выпадку — былой настаўніцы гісторыі Соф’і Лаўрэнцьеўны Шанькінай яшчэ ў далёкія 70-я гады), яе падтрымалі калегі, вучні, іх бацькі, і пачаліся пошукі. А вось нестандартным з’яўляецца ўжо вынік гэтай задумкі — афармленне экспазіцыі. Адзін са школьных кабінетаў быў ператвораны ў амаль сапраўдны партызанскі штаб. На сценах — бярвенне, выява ляснога партызанскага лагера, ваенныя дакументы, гільзы рознага калібру, кулямётная стужка. Сярод гэтых музейных прадметаў вылучаецца стэнд са старымі чорна-белымі фотапартрэтамі.
— Гэта ўдзельнікі АБЗОРа. Амаль усе яны былі расстраляны ў снежні 1943 года, — адзначыла кіраўнік музея Наталля Міхайлаўна Самалазава. — Дарэчы, сярод іх былі і настаўнікі Радзько і Цітова.
Ушануем памяць разам!
На вялікі жаль, падрабязных звестак пра дзейнасць настаўнікаў-падпольшчыкаў не захавалася. Таму “Настаўніцкая газета” і адміністрацыя круглянскай сярэдняй школы № 1 звяртаюцца да педагогаў краіны з просьбай: калі ў некага з вас, паважаныя чытачы, ёсць успаміны абзораўцаў, іх фотаздымкі ці можа вы знаёмы з роднымі падпольшчыкаў, то, калі ласка, паведаміце нам. Вашы звесткі адыграюць вялікую ролю ў справе захавання памяці пра подзвіг падпольшчыкаў, папоўняць экспазіцыю музея круглянскай сярэдняй школы № 1, якая пасля рэканструкцыі стане яшчэ больш арыгінальнай і багатай.
Можа, памыляюся, але, здаецца, з амаль паўтары тысячы музеяў устаноў адукацыі няма ніводнага, які быў бы цалкам прысвечаны настаўнікам — удзельнікам падполля. Канечне, створаны асобныя раздзелы экспазіцый, аформлены спецыяльныя стэнды. Але гэтага недастаткова. Усё ж такі педагогі адыгрывалі далёка не апошнюю ролю ў змаганні з ворагам на акупаванай тэрыторыі. Дык чаму ж нам не ўшанаваць памяць пра гэтых людзей належным чынам, тым больш і матэрыялаў дастаткова.
Кожны пяты
Падпольная партыйна-камсамольская арганізацыя АБЗОР дзейнічала на тэрыторыі Круглянскага раёна з ліпеня 1941 года па снежань 1943 года. У склад арганізацыі ўваходзілі 46 чалавек, у тым ліку былы загадчык аддзела райкама ЛКСМБ М.М.Ракушаў, камандзіры Чырвонай Арміі, якія трапілі ў акружэнне, С.З.Казлоў і С.М.Сухоцкі, настаўнікі М.С.Радзько і А.С.Цітова. Падпольныя групы былі створаны ў вёсках Ліхінічы, Пасырава, Слабодка, Радча, Ражкі. Канчатковая назва арганізацыі была прынята на таемным пасяджэнні, якое прайшло ў канцы студзеня 1942 года ў доме Леаніда Ракушава. На гэтым пасяджэнні быў сфарміраваны штаб арганізацыі. Кіраўніком АБЗОРа выбралі Леаніда Ракушава (псеўданім Гучкоў), начальнікам штаба — П.М.Ракушава (псеўданім Сакалоў), а сакратаром штаба стала К.І.Цітова (псеўданім Валянціна Сакалова). Абзораўцы ўстанавілі сувязь з падпольшчыкамі Магілёва і суседніх раёнаў.
Ужо з першых дзён пасля стварэння арганізацыі круглянскія падпольшчыкі пачалі актыўную дзейнасць. Яны ўстанавілі радыёпрыёмнік у разбураным будынку цэха льнозавода. На аснове зводак Саўінфармбюро і маскоўскага радыё ад рукі пісалі лістоўкі, звароты і распаўсюджвалі іх сярод мясцовага насельніцтва. Аднойчы Аляксандр Цітоў і Валянціна Ракушава знайшлі на месцы разбуранай друкарні шрыфт. Так у доме Цітовых была створана падпольная друкарня, лістоўкі ўжо не пісаліся, а друкаваліся. Гэтай справай займалася настаўніца А.С.Цітова. Пра актыўнасць работы падпольнай друкарні сведчыць той факт, што ў перыяд з 25 кастрычніка 1941 года па 23 мая 1943 года падпольшчыкі распаўсюдзілі 530 лістовак. Агітацыйная дзейнасць прыносіла плённыя вынікі. Сярод мясцовага насельніцтва ўсё больш станавілася тых, хто адгукаўся на заклік абзораўцаў зрываць мерапрыемствы акупантаў, актыўна далучацца да барацьбы з нямецкімі войскамі.
Сувязь з партызанскім атрадам падпольшчыкі наладзілі восенню 1943 года. Акрамя прадуктаў,
партызанам дастаўлялі зброю, медыкаменты, звесткі пра размяшчэнне агнявых кропак праціўніка. Работа падпольшчыкаў кожны дзень ішла пад страхам смерці. У любы момант іх маглі схапіць і тут жа расстраляць. Але адразу атрымаць кулю ў патыліцу — гэта, напэўна, у той час не самы горшы варыянт скончыць жыццё. Звычайна ж перад смерцю падпольшчыкаў катавалі. Асабліва небяспечнай была дзейнасць тых, хто ўладкаваўся на работу ў СД і камендатуру. Менавіта яны здабывалі для партызан бланкі, пасведчанні, даведкі, іншыя дакументы, што прадугледжваліся нямецкай уладай для насельніцтва акупаванай тэрыторыі. Вядомы і імёны гэтых герояў. Так, у камендатуры СД працаваў Аляксандр Іванавіч Дарашкоў. Яму, напрыклад, удалося здабыць спісы агентаў СД. Перакладчыкамі ў ваеннай камендатуры і сельскагаспадарчай управе былі сёстры Яўгенія і Клара Цітовы. Яны неаднойчы папярэджвалі партызан пра карныя аперацыі. Сярод актыўных удзельнікаў АБЗОРа быў і намеснік галоўнага ўрача круглянскай бальніцы Фёдар Карнеевіч Комлеў, які наладзіў кантакт з начальнікам медыцынскай службы казачага батальёна, што прыбыў у Круглае ў пачатку 1943 года, і праз яго здабываў для партызан неабходныя медыкаменты. А вось кіраўнік АБЗОРа Леанід Ракушаў займаўся перапіскай папер у Круглянскай валасной управе.
Актыўная дзейнасць падпольшчыкаў была спынена летам 1943 года. У выніку здрады 22 чэрвеня былі арыштаваны 60 чалавек. Некаторых з іх пасля катавання расстралялі, некаторых адправілі ў Германію ў канцлагер. Сярод арыштаваных была і будучая настаўніца Ганна Ільінічна Ваяводзіна, якая, як высветлілася падчас напісання матэрыялу, з’яўляецца мамай супрацоўніцы “Настаўніцкай газеты” Святланы Дзмітрыеўны Страбковай. Дзяліцца ўспамінамі пра ваеннае мінулае — нялёгкая справа, асабліва калі гаворыш пра самага блізкага табе чалавека. Аднак некалькі фактаў, што расказала наша калега пра лагернае жыццё Ганны Ільінічны, думаю, падкрэсляць асабісты подзвіг падпольшчыкаў, якія, нягледзячы на ўсе цяжкасці, што падрыхтавала ім жыццё, змаглі выйсці са складаных сітуацый пераможцамі і па праву з’яўляюцца героямі.
— Уявіце, — дзеліцца Святлана Дзмітрыеўна, — што значыць стаяць каля печы, у якой толькі што спалілі чалавека. Усміхаючыся, з жартачкамі, нямецкія салдаты строілі арыштантаў і пачыналі лічыць: “Першы, другі, трэці, чацвёрты…”. Кожнага пятага спальвалі. Арыштанты, калі пачынаўся гэты смяротны пералік, імкнуліся не быць “пятым”. Людзі мяняліся месцамі, штурхаліся і ўсё гэта адбывалася пад дружны рогат аховы… Маёй матулі пашчасціла, і яна засталася жывой. Потым было вызваленне Чырвонай Арміяй, завочная вучоба на гістарычным факультэце Магілёўскага педагагічнага інстытута і вышэйшыя курсы замежных моў пры Кіеўскім універсітэце, работа настаўніцай гісторыі і нямецкай мовы ў Круглянскай сярэдняй школе.
Канчаткова АБЗОР быў разгромлены ў снежні 1943 года. А пачалося ўсё з таго, што Леанід Ракушаў перадаў спісы падпольшчыкаў і справаздачу аб іх дзейнасці партызану Міхаілу Шведаву. Ноччу з 24 на 25 снежня партызан трапіў у засаду і загінуў падчас перастрэлкі, спісы аказаліся ў акупантаў. Многія падпольшчыкі былі арыштаваны на наступны ж дзень. Пасля катаванняў іх расстралялі. Гераічна вытрымаў катаванні і кіраўнік АБЗОРа Леанід Ракушаў. За мужнасць і гераізм ён быў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені.
На музейным стэндзе — у асноўным партрэты маладых хлопцаў і дзяўчат, многім з іх не было ў час вайны і 20 гадоў. Чаму яны стварылі падполле? Чаму падчас нясцерпных катаванняў не назвалі імёны сваіх таварышаў? Чаму не засталіся ўбаку ад ваенных падзей, не вырашылі проста перачакаць, пакуль міне ліхалецце і мірнае жыццё ўсталюецца само сабой? Для нас, прадстаўнікоў сучаснага пакалення, гэта ў многім застаецца загадкай…
У пасляваенны час памяць пра мужных падпольшчыкаў была дастойна ўшанавана. Напрыклад, вёска Ліхінічы ў 1967 годзе была перайменавана ў Ракушава, а ў круглянскім парку быў устаноўлены велічны помнік. Дзякуючы фотаздымкам, змешчаным на 12 старонцы, прапаноўваю вам завочна прагуляцца каля гэтага помніка і падумаць: можа і ў вашым населеным пункце падчас вайны дзейнічала падполле. А што вы ведаеце пра подзвіг падпольшчыкаў? Ці вядомы іх імёны вашым вучням?
Побач з ветэранам
Як ужо адзначалася, абзораўцы наладзілі цесную сувязь з партызанамі. Таму, безумоўна, падарожжа на Кругляншчыну будзе няпоўным без наведвання былой партызанскай зоны і знаёмства з яшчэ адным звяном ланцужка адметнасцей круглянскай зямлі — 8-й партызанскай брыгадай, створанай Героем Савецкага Саюза Сяргеем Георгіевічам Жуніным. Як паведамілі ў аддзеле адукацыі Круглянскага райвыканкама, найбольш поўныя звесткі па гэтай тэматыцы можна атрымаць у Кручанскім і Філатаўскім ВПК “дзіцячы сад — сярэдняя школа”. А ў Кручы можна нават паглядзець на баявую карту, складзеную Жуніным. Так што наперад, у партызанскі край, а дакладней, адразу ў гісторыка-краязнаўчы музей Кручанскага ВПК.
— Наш музей быў адкрыты ў 1999 годзе, — расказвае дырэктар установы адукацыі Ірына Мікалаеўна Чамахуд. — Ініцыятарам яго стварэння з’яўляецца былы дырэктар школы Генадзь Паўлавіч Сідараў. Да пошуку экспанатаў і афармлення экспазіцыі далучыліся настаўнікі і вучні. Было створана некалькі раздзелаў: “Старонкі мінулага”, “Ішла вайна народная”, “Слаўныя землякі”, “Этнаграфія раёна”. Калісьці ў нашым сельсавеце пражывала шмат ветэранаў, цяпер у жывых засталіся толькі шасцёра, і тое толькі двум з іх здароўе дазваляе прыходзіць у школу напярэдадні Дня Перамогі. Таму часцей за ўсё мы самі ідзём да ветэранаў. Падчас акцыі “Ветэран побач” дапамагаем нашым героям па гаспадарцы, зімой, напрыклад, чысцім сцяжынкі ад снегу. Радуе, што рабіць нам гэта даводзіцца рэдка, паколькі ніводзін з ветэранаў не з’яўляецца адзінокім, усе жывуць у сем’ях. Таму асноўная мэта нашых сустрэч — успаміны пра вайну. Дарэчы, можам завітаць у госці да былога байца 28-га атрада партызанскай брыгады Фёдара Сцяпанавіча Тузікава, які жыве ў суседняй вёсцы Вугляны.
Што ж, можна і завітаць, тым больш нячаста выпадае нагода сустрэцца з былым партызанам і ў неафіцыйнай абстаноўцы пагутарыць з ім пра даўняе жыццё. Фёдар Сцяпанавіч нібыта адчуваў, што да яго прыйдуць госці, таму з самай раніцы напаліў печ, апрануў парадны касцюм. Некалькі прывітальных слоў, і мы ўжо сядзім за сталом, разглядваем старыя фотаздымкі і, канечне, слухаем успаміны.
— Да вайны я скончыў 7 класаў Кручанскай школы, — узгадвае Фёдар Сцяпанавіч. — Першыя чуткі пра партызан з’явіліся ў нашых вёсках восенню-зімой 1941 года. Атрады ствараліся з акружэнцаў, якія збіраліся групамі ў лясах непадалёк ад вёсак Аладзінка, Гоенка, Бярозка. У складзе 28-га партызанскага атрада ўдзельнічаў у падрыўных і баявых дзеяннях. Адказам на актыўныя дзеянні партызан стала правядзенне немцамі карных аперацый, у выніку якіх былі спалены вёскі Аладзінка, Гоенка і Бярозка.
Замест вёскі — папялішча
Як былі спалены гэтыя вёскі? Якой была помста народных мсціўцаў? Пра гэта мы ўжо не сталі распытваць Фёдара Сцяпанавіча, бо ў такім сталым узросце чалавеку не пажадана хвалявацца. Ужо потым у школе Ірына Мікалаеўна паказала вучнёўскія работы па тэме Вялікай Айчыннай вайны. У адной з іх — “Мы ўсё яшчэ памятаем” — сабраны ўспаміны ветэранаў, сведкаў ваенных падзей, жыхароў вёсак Кручанскага сельсавета. Таму, думаю, выдатным дапаўненнем да аповеду Фёдара Сцяпанавіча стануць вытрымкі з успамінаў.
Узгадвае Іван Пятровіч Драздоў:
— Нашу вёску Бярозка можна было б па праву назваць Лясной, бо навокал яе — бясконцыя лясы. Невыпадкова ў нашых мясцінах і быў створаны партызанскі атрад. У Старым Палессі, што непадалёк ад Бярозкі, знаходзіўся варожы гарнізон, якому партызаны не давалі спакою. Мы з сябрамі адразу наладзілі сувязь з партызанамі, у чым нам дапамог Андрэй Фёдаравіч Недабой — адзін з арганізатараў партызанскага руху ў нашым краі. Стала вядома, што сюды збіраюцца наведацца карнікі. Мы ўсе пахаваліся ў лесе. Але ці доўга там прасядзіш, тым больш з малалетнімі братамі і сёстрамі. Я як старэйшы вырашыў схадзіць у вёску на разведку, але быў арыштаваны і адпраўлены ў Старое Палессе. Па дарозе мне цудам удалося збегчы. Цяжка перадаць тое, што ўбачыў, калі вярнуўся ў Бярозку. Замест вёскі — папялішча. Карнікі высачылі вяскоўцаў і сагналі іх у дамы. Маю маці, а таксама трох сясцёр і двух братоў расстралялі ў доме, які потым спалілі. Пасля гэтай трагедыі я адразу ж пайшоў у партызаны, пасля злучэння з Чырвонай Арміяй ваяваў на 2-м Украінскім фронце. Пасля вайны пасяліўся ў Кручы.
Акрамя знаёмства з цікавымі ўспамінамі, у гэты дзень пашчасціла разгледзець і баявую карту, складзеную Героем Савецкага Саюза Сяргеем Георгіевічам Жуніным, і вучнёўскія малюнкі на тэму вайны, а таксама фотаздымак партызанскай зямлянкі, куды ў цёплую пару года кручанскія педагогі разам з навучэнцамі наведваюцца падчас паходаў. І ўсё ж цікавая і запамінальная камандзіроўка атрымалася крыху няпоўнай. На жаль, так і не ўдалося падрабязна даведацца пра дзейнасць круглянскіх настаўнікаў-падпольшчыкаў, а таксама настаўнікаў-партызан, якія, упэўнены, ваявалі ў брыгадзе Жуніна. Але няма нічога патаемнага, што б ні стала вядомым. Таму, думаю, у хуткім часе будуць адкрыты новыя старонкі ваеннай гісторыі Кругляншчыны (з вашай дапамогай, паважаныя чытачы), а ланцужок адметнасцей гэтай маляўнічай зямлі папоўніцца новымі звеннямі.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара і з архіва сярэдняй школы № 1 Круглага.