Дырэктар сярэдняй школы № 1 Паставаў Валерый Каліцкі пры знаёмстве стварае ўражанне гаспадара на сваёй зямлі і ў сваёй установе адукацыі.

Вырашаць штодзённыя і глабальныя дырэктарскія задачы Валерыю Мечыслававічу дапамагае значны вопыт дырэктарства ў школах Пастаўшчыны:
— На сваёй пасадзе я з ліпеня 2020 года, да гэтага працаваў дырэктарам Юнькаўскай і Курапольскай базавых школ.
Галоўным сваім поспехам на пасадзе дырэктара сярэдняй школы № 1 Паставаў лічу мадэрнізацыю ўстановы адукацыі. За два гады два паверхі будынка школы — кабінеты, калідоры, хол — былі капітальна адрамантаваны, а таксама абноўлены дах і заменены камунікацыі. У 2022 годзе быў капітальна адрамантаваны і трэці паверх будынка школы. Прызнаюся, было складана, таму што работы разгортваліся каласальныя, але праз усё гэта мы прайшлі. Справіліся з дапамогай педагогаў і бацькоўскай грамадскасці.
Таксама ў нас ёсць яшчэ асобны будынак пачатковай школы, у якім бягучы рамонт ідзе часткамі. Плюс у мінулым годзе быў мадэрнізаваны школьны стадыён, які ў святочнай атмасферы адкрылі летась да Дня народнага адзінства. Хачу адзначыць, што цэлы год новым стадыёнам карыстаемся не толькі мы, але і ўвесь горад. І мы не спыняемся на дасягнутым: працягваем работы на тэрыторыі школы, займаемся добраўпарадкаваннем. Добра разумею, што рамонт і мадэрнізацыю праводзіць неабходна, каб стварыць больш камфортныя ўмовы для навучання дзяцей і працы калег.
— Раскажыце, калі ласка, чым яшчэ ганарыцеся?
— Два апошнія гады лічу найбольш выніковымі для школы, бо нашы дзеці выйшлі на трэці і заключны этапы рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Асаблівых поспехаў дабіліся навучэнкі настаўніцы беларускай мовы Галіны Гжаславаўны Іжмайловіч — Вікторыя Зелянкевіч і Настасся Райчонак. Адзначу таксама плённую работу настаўніка фізічнай культуры і здароўя Мікалая Барысавіча Бузанава: яго навучэнцы паказваюць добрыя вынікі на прадметнай алімпіядзе па фізічнай культуры. Прычым яго выпускніца Яна Арэхава зараз студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, значыць, праца настаўніка мае працяг. Акрамя таго, тры апошнія гады мы займаем 1-е месца ў раённай спартакіядзе навучэнцаў, нашы дзеці пастаянна бяруць удзел у абласных спаборніцтвах у складзе раённай каманды. Дзякуючы ў тым ліку нашым дзецям, Пастаўскі раён апошнія тры гады займае 2-е месца ў абласной спартакіядзе сярод сельскіх раёнаў.
Два гады ў школе дзейнічае інжынерны клас. Мэтавы дагавор аб супрацоўніцтве заключаны з БНТУ, сёлета адбыўся першы выпуск класа: 70 працэнтаў яго выпускнікоў паступілі на інжынерныя спецыяльнасці.
Акрамя БНТУ, юнакі і дзяўчаты накіраваліся па адукацыю ў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Еўфрасінні Полацкай.
— Валерый Мечыслававіч, якія планы ў дырэктара школы? Што хацелася б зрабіць на пасадзе дырэктара, але пакуль не хапае сіл і сродкаў?
— Паколькі ва ўстанове адукацыі дзейнічае інжынерна-тэхнічны цэнтр, то хочацца яго аснасціць сучасным абсталяваннем. Мы маем просценькі 3D-прынтар, але марым аб больш складаных прыборах. Атрымліваем фінансаванне за пераможцаў прадметных алімпіяд трэцяга і заключнага этапаў і накіроўваем яго на гэтыя мэты. Хутка нашы планы аб сучасным 3D-прынтары, спадзяюся, увасобяцца ў жыццё. Найноўшае абсталяванне неабходна школе, каб павысіць агульны ўзровень ведаў, якія атрымліваюць нашы дзеці.
У планах таксама — інтэрнэт у кожным вучэбным кабінеце ўстановы адукацыі, камп’ютарная сетка ў школе. Прычым гэтыя планы абсалютна дакладна могуць быць рэалізаваны. Мне б хацелася, каб хаця ў палове вучэбных кабінетаў была магчымасць работы з мультыбордамі. Будзем старацца свае мары ўвасобіць у рэальнасць, каб педагогі маглі даць найвышэйшы вынік.
Наталля КАСТЭНКА
Фота аўтара





