У нашай сённяшняй госці шмат тытулаў і перамог у самых разнастайных вакальных спаборніцтвах. Яна з’яўляецца ўладальніцай гран-пры рэспубліканскага конкурсу “Маладзечна-2013”, лаўрэат Першай прэміі Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2015”, уладальніца Гранд-прэміі і лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі (2016). А ў гэтым годзе ў складзе праекта VAL яна павінна была прадставіць Беларусь на міжнародным конкурсе “Еўрабачанне-2020”. Знаёмцеся: спявачка, музыкант і аўтар песень Валерыя Грыбусава.
— Валерыя, раскажыце, калі ласка, пра вашу сям’ю і дзяцінства.
— Я родам з цудоўнага горада Магілёва, за якім замацавалася рэпутацыя музычнага горада.
Мая мама Вольга Валер’еўна была звязана з музыкай — у дзяцінстве іграла на скрыпцы, а з цягам часу перамагло жаданне танцаваць, але, на жаль, яна не працягвала гэтыя заняткі на прафесійным узроўні. Бабуля забараніла маці паступаць на харэографа, і таму мама па парадзе бабулі скончыла медвучылішча і ўсё жыццё працавала ў сістэме аховы здароўя, хаця цяга да мастацтва ў яе была заўсёды і танцы засталіся яе хобі. Мая музычная генетыка ідзе менавіта ад матчынай лініі: прабабуля таксама спявала, шмат хто яшчэ ў нашай сям’і любіў спяваць і танцаваць, але толькі для мяне музыка стала прафесіяй.
Акрамя ўсяго іншага, я расла на вельмі добрай музыцы: Майкл Джэксан, Марая Кэры, Уітні Х’юстан, Селін Дзіён, Лара Фабіян, Андрэа Бачэлі. Песні гэтых выканаўцаў вельмі падабаліся маёй маці, і сусветная эстрадная класіка пастаянна гучала ў нас дома. Праз шмат гадоў я, дарэчы, ажыццявіла маміну мару: падарыла ёй білет на канцэрт Лары Фабіян.
Калі ў 15 гадоў у мяне пачалося актыўнае “конкурснае жыццё”, мама ездзіла са мной на кожны конкурс і падтрымлівала — яна была маім талісманам. Яна ж была і самым галоўным крытыкам і, па сённяшніх мерках, маім прадзюсарам (смяецца).
Дзякуючы матулі ў дзяцінстве я змагла паспрабаваць усё, што мне было цікава: і танцы, і маляванне, і англійскую мову, і спевы. Галоўным было тое, што яна не забараняла мне атрымліваць новы вопыт. У дзяцінстве яна разгледзела ўва мне цвёрдую схільнасць да музыкі, і ў пяцігадовым узросце я стала ўдзельніцай ансамбля народнай музыкі “Ярыца”, які працаваў у Абласным палацы дзіцячай творчасці. Менавіта там я асвоіла азы вакалу і харэаграфіі. Далей былі прыватныя ўрокі сальфеджыа і фартэпіяна, а ў 5 класе я паступіла ў гімназію-каледж мастацтваў, дзе атрымлівала музычную адукацыю па харавым дырыжыраванні і акадэмічным вакале. Асаблівасцю маёй навучальнай установы было тое, што адукацыя там была бесперапынная: з 5 па 9 клас мы вучыліся па праграме гімназіі, а потым пераходзілі на 1 курс каледжа і далей вучыліся ў каледжы.
— Пачыналі ў народным калектыве, а потым сталі займацца акадэмічным вакалам?
— Тэхнічна гэтыя напрамкі адрозніваюцца, але база адна. Скажу больш: у гімназіі была эстрадная студыя, якую я наведвала, так што мне ўдавалася сумяшчаць народныя спевы з акадэмічным і эстрадным вакалам. Дзякуючы гэтаму я ўмела хутка перабудоўвацца з адной тэхнікі на іншую для выканання пэўных вакальных задач.
У мяне было шмат цудоўных педагогаў, ад кожнага з якіх я ўзяла лепшае, і ў мяне сфарміраваўся свой стыль, які я не магу абазначыць пэўнай тэхнікай. Гэта мой уласны стыль выканання, які з’яўляецца маёй адметнасцю.
— Што памятаеце са свайго дзяцінства?
— Дзяцінства ў мяне не было. Кожны дзень я прападала ў гімназіі. Справа ў тым, што мае аднакласнікі на момант майго паступлення ўжо 5 гадоў займаліся музыкай у музычных школах. І мне прыйшлося іх даганяць. Такім чынам фактычна за 2 гады я асвоіла праграму музычнай сямігодкі і ў нечым нават паабганяла сваіх аднакласнікаў. Акрамя гэтага, наведвала шмат факультатываў, удзельнічала ў канцэртах з эстраднай студыяй, з хорам. Так што вольнае дзяцінства, калі можна было пабегаць па гаражах і з суседскімі хлопцамі пагуляць у футбол, у мяне было толькі да 5 класа. Нават калі былі канікулы, мне хапала тыдня адпачынку — пасля я ўпадала ў дэпрэсію, бо мне не хапала хуткага рытму майго жыцця і пастаяннай занятасці.
— Зараз рытм жыцця больш размераны?
— Я не сказала б. Чым больш дарослым ты становішся, тым хутчэй бяжыць час. Зараз у мяне ёсць свой праект, паспяховае развіццё якога ў маіх руках, і я разумею, што трэба шмат працаваць, каб дабіцца поспеху і вывесці яго на нейкі новы ўзровень. Таму расслабляцца асабліва не прыходзіцца.
— Ці не перашкаджалі актыўныя заняткі музыкай асвойваць агульнаадукацыйную школьную праграму?
— Безумоўна, музыка і школьныя прадметы канфліктавалі. У гімназіі адначасова былі і музычныя, і звычайныя класы. І настаўнікі ні для каго не рабілі выключэнняў: патрабавалі аднолькава ва ўсіх, не зважаючы, музыкант ты ці не. Мяркую, што так было ва ўсіх школах. Але калі ты паглыбляешся ў музыку і з задавальненнем рашаеш, напрыклад, складаныя задачы па гармоніі, на астатняе проста не хапае часу.
Усе педагогі — і па агульнаадукацыйных, і па спецыяльных дысцыплінах — былі вельмі строгія. Натуральна, што кожны з іх хацеў, каб менавіта да яго ўрока ўсе былі ідэальна падрыхтаваныя. На жаль, так атрымлівалася не заўсёды. Я старалася рыхтавацца да ўсіх заняткаў. Мне было важна, каб мяне трымалі ў абцугах і не давалі паслаблення. Асабліва дбайна выконвала дамашнія заданні па англійскай мове, якую выкладала Любоў Уладзіміраўна. Вялікі дзякуй ёй за тыя веды, якія я атрымала на яе ўроках.
Вельмі шмат часу забірала падрыхтоўка да экзамена па фартэпіяна. Як мне здаецца, я з самага пачатку была “ў разводзе” з фартэпіяна, бо была вельмі няўседлівая. І я вельмі ўдзячна свайму педагогу Таццяне Іванаўне Машковай, якая знайшла да мяне падыход: асабліва не сварылася на мяне, падбірала рэпертуар, які б мне быў цікавы і пры гэтым які я магла б добра выканаць на экзамене. Закладзеная ёй база вельмі дапамагае мне і сёння: я магу акампаніраваць сабе, а таксама пішу песні менавіта седзячы за фартэпіяна.
— Які прадмет быў самым нелюбімым?
— У мяне адназначна не тэхнічны склад розуму. Таму да дакладных навук асаблівай прыхільнасці не было. Не сябравала я з чарчэннем. Я не разумела, што там трэба было рабіць. Асабліва раздражняла наяўнасць жорсткіх правіл, якіх трэба прытрымлівацца.
— Не любіце дзейнічаць па правілах?
— Прыгадваецца выпадак, як пасля засваення курса класічнай гармоніі я ва ўніверсітэце сутыкнулася з гармоніяй джазавай. Менавіта тады мы ўпершыню сустрэліся з Уладам (зараз мы разам працуем над праектам VAL). Я прынесла яму накіды маіх песень, і ён адразу пачаў спрабаваць рабіць аранжыроўку, вывеўшы ў акордах усе гукі ўніз. Я была здзіўлена: у класічнай гармоніі гэта не дазваляецца. Але гучала ўсё вельмі цікава і “смачна”. Так і пакінулі.
Парушаючы правілы, у прыватнасці ў музыцы, ты ствараеш нешта новае, сваё. Таму не трэба баяцца парушаць правілы.
— Ці даводзілася стаяць “на дыване” ў дырэктара каледжа?
— Толькі з добрай нагоды. У каледжы да мяне ставіліся прыхільна, бо я неаднаразова абараняла гонар сваёй навучальнай установы, перамагаючы на конкурсах, выступала на канцэртах. Каледж скончыла з чырвоным дыпломам, а мама за маё выхаванне атрымала ўзнагароду ад мэра Магілёва. Вельмі прыемна, што маё фота зараз на сайце каледжа сярод лепшых навучэнцаў.
— Хто з педагогаў па вакале зрабіў уклад у ваша фарміраванне як вакаліста?
— Цудоўных педагогаў было вельмі многа.
Не магу не адзначыць педагога эстраднай студыі гімназіі-каледжа Алену Анатольеўну Леўчанка. Усё, што тычыцца конкурсаў у маім падлеткавым узросце, звязана менавіта з ёй.
Вельмі паважаю педагога па хоры і дырыжыраванні Вікторыю Віктараўну Галуза — чалавека, пасля якога мне было нястрашна працаваць з Міхаілам Якаўлевічам Фінбергам. Гэта быў узор строгасці і дысцыплінаванасці, і зносіны з ёй далі вельмі шмат. Гэты вопыт дазволіў выбудаваць з М.Фінбергам, у аркестры якога я працавала 6 гадоў, вельмі добрыя рабочыя адносіны. І нават калі я паведаміла яму, што хачу займацца сваім праектам, Міхаіл Якаўлевіч без крыўды адпусціў мяне, сказаўшы: “Калі чалавек хоча развівацца, яго трэба адпусціць”.
Яшчэ адным маім педагогам быў Пётр Ялфімаў. Пазнаёміліся мы з ім пасля майго ўдзелу ў Міжнародным конкурсе юных выканаўцаў эстраднай песні “Халі-Хало”, што праходзіць у Наваполацку, і пасля гэтага каля трох гадоў ён займаўся са мной. Пётр мне вельмі дапамог ва ўдасканаленні тэхнічнай вакальнай базы.
Сярод педагогаў, якія істотна паўплывалі на мяне як на музыканта, варта назваць педагога па сальфеджыа і гармоніі Вольгу Артураўну Сукліян. Гэта педантычны чалавек, які шмат даў мне ў прафесійным плане.
— Чаму выбралі ўніверсітэт культуры?
— Калі сказаць шчыра, ад бязвыхаднасці. Я рыхтавалася да паступлення ў Расійскую акадэмію музыкі імя Гнесіных, але з-за таго, што я вучылася за кошт бюджэтных сродкаў, паўстала дылема: адпрацоўваць 2 гады па размеркаванні, выплачваць кошт навучання (а ў нас не было такіх сродкаў) або паступаць у беларускую ўстанову вышэйшай адукацыі.
Ва ўніверсітэт культуры я паступіла вельмі лёгка і была першай у спісе на залічэнне. Каледж даў фундаментальную базу. Напрыклад, пасля шматгалосных (у 3—4 галасы) музычных дыктантаў, экзаменацыйны аднагалосны дыктант быў прасцей простага.
Вучыцца было нецікава. Справа ў тым, што ў шмат якіх дысцыплінах я ведала значна больш, чым мае аднакурснікі. Тут узнік дух бунтарства, і ва ўніверсітэце я пачала хуліганіць. Я рэдка з’яўлялася на занятках і вучылася па індывідуальным плане. Безумоўна, новыя і незнаёмыя для мяне дысцыпліны мяне вельмі цікавілі. Чаго вартыя заняткі па сцэнічным маўленні ў Дзіны Георгіеўны Тыцюк! Гэта адзін з маіх любімых педагогаў. Універсітэт я паспяхова скончыла, ды яшчэ і магістратуру па спецыяльнасці “Арт-менеджмент”. Веды, атрыманыя ў магістратуры, сёння прымяняю ў прасоўванні нашага праекта.
— Як паўплывала на прафесійны лёс перамога ў Маладзечне?
— У жніўні 2013 года пасля гран-пры Рэспубліканскага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні ў Маладзечне мяне прынялі на работу ў аркест Фінберга, і атрымалася, што на працягу ўсяго часу навучання ва ўніверсітэце, а потым двух гадоў працы па размеркаванні і паралельнага навучання ў магістратуры, я працавала ў аркестры. Гэта была вельмі добрая школа.
— Ці ёсць у вашай прафесійнай сферы вакалісты, якія з’яўляюцца для вас арыенцірамі?
— Калі я вучылася, для мяне ўзорамі з’яўляліся такія спевакі, як Beyoncе, Fergie, група Black Eyed Peas. Падабаліся неардынарныя артысты — Freddie Mercury, Мікалай Наскоў (калі ён яшчэ не быў мэйнстрымам). Мне заўсёды падабаўся мужчынскі рэпертуар. Сярод тых, чые песні я спявала, — Glenn Hughes, група Kingdom Come.
Усе артысты ідуць па адным шляху: спачатку ты капіруеш чыюсьці тэхніку, а потым, пераасэнсаваўшы набыты вопыт, выпрацоўваеш свой стыль. Я лічу, што параўноўваць музыкантаў нельга, бо ў музыцы няма пераможцаў і пераможных. Аўдыторыя знойдзецца для кожнага музыканта, для кожнага праекта — гэта справа густу. Я не магу сказаць, што, напрыклад, імкнуся быць падобнай да некага. У мяне свой праект, у рамках якога я развіваюся як музыкант. Але ёсць музыканты і спевакі, якія мяне натхняюць. Сярод іх Alina Baraz, Kate Stewart, шмат хто іншы. Гэта музыка, якая можа натхніць мяне і ўзняць настрой.
Што тычыцца сваёй музыкі, я рада, што яна некаму падабаецца, што яна можа некаму ўзняць настрой і нехта чакае з’яўлення новых кампазіцый. І мне прыемна, што тое, чым я займаюся, можа для некага стаць прыкладам.
— Вам задаюць пытанне, што вы слухаеце?
— Так. І я адказваю, што люблю слухаць цішыню, у прыватнасці ў машыне ці ў таксі. На самай справе, музыкі вакол вельмі многа, і адбываецца перанасычэнне ёй, як, дарэчы, і інфармацыяй. За выключэннем таго часу, калі мы нешта пішам ці рэпеціруем, дома ў нас пераважна цішыня. Гэта не азначае, што мы нічога не ўключаем. Проста вельмі часта хочацца адпачыць ад гукавой плыні — вушы павінны адпачываць.
— Вы расказвалі ў сваіх інтэрв’ю, што на ўкраінскае шоу “Голас краіны” вы трапілі спантанна.
— Даведаўшыся пра кастынг сёмага сезона конкурсу, на наступны дзень мы ўзялі білеты і на бакавых месцах у плацкартным вагоне паехалі ў Кіеў. Я лёгка прайшла ўсе этапы кастынгу і некалькі этапаў шоу. За выключэннем трэцяга этапу — накаўтаў, падчас якога я вельмі моцна захварэла і са мной вырашылі развітацца. У мяне была высокая тэмпература, перад выхадам на сцэну ўрач прыклаў шмат намаганняў, каб я была ў “рабочым” стане. Менавіта таму выступленне было не вельмі энергічнае, і гэта можна ўбачыць на відэа. Але я, як магла, трымалася.
— Чаму ў якасці педагога вы выбралі Джамалу, хаця да вас на сляпых праслухоўваннях павярнуліся яшчэ Ціна Караль і Патап?
— У дзяцінстве я натхнялася творчасцю Джамалы. Гэта вельмі яркая вакалістка з неардынарным стылем і бачаннем музыкі. Мяне вельмі ўразіла яе выступленне на конкурсе “Новая хваля” ў 2009 годзе — асабліва песня “Маменькин сынок”. Дарэчы, менавіта гэтая песня была першай у маім конкурсным рэпертуары, і менавіта з ёй я заваявала 1-е месца на конкурсе ў Санкт-Пецярбургу.
Да самага выхаду на сцэну мы не ведалі, хто будзе ў журы. І я была прыемна здзіўлена, убачыўшы Джамалу. Для мяне было абсалютна зразумела, у чыю каманду я пайду.
— Аказаліся ў патрэбны час у патрэбным месцы?
— Можа і так, але праект “Голас краіны” не выявіў мой патэнцыял як вакалісткі. У другім і трэцім турах я спявала не той рэпертуар, які хацела сама: яго выбіралі настаўнікі. Адзіная песня, якую я выбірала сама, гэта Somebody to love групы Queen, якую я спявала на сляпых праслухоўваннях. Магу сказаць, што вакальныя шоу — гэта “не пра вакалістаў”. Гэта больш для карцінкі, відэа, гісторый… Часцей за ўсё гэта твой прамоўшан, магчымасці засвяціцца ў тэлеэфіры, а не мерка твайго таленту. Многія памылкова лічаць, што калі ты пабываў на “Ікс-фактары” ці “Голасе”, ты ўжо прафесіянал. Над сабой трэба працаваць пастаянна, і такія праекты — не самае важнае ў жыцці.
— У сярэдзіне мая вы павінны былі прадстаўляць нашу краіну на “Еўрабачанні” ў Ратэрдаме, але з-за пандэміі конкурс быў адменены. Як плануеце рыхтавацца да наступнага года? Чаму вырашылі паспрабаваць свае сілы на “Еўрабачанні”?
— Гэта быў наш першы сур’ёзны ўдзел у нацыянальным адборы на “Еўрабачанне”, які быў вельмі ўдалы. Вельмі спадзяюся, што ў наступным годзе за намі замацуецца магчымасць прадставіць Беларусь у Еўропе. Гэта будзе залежаць ад рашэння Белтэлерадыёкампаніі, але 18 краін ужо пацвердзілі сваіх удзельнікаў гэтага года. Безумоўна, гэта будзе новы музычны матэрыял. І мы з Уладам гатовы напісаць цэлы альбом, які атрымае назву “VALovision”, каб людзі з 10—12 трэкаў змаглі выбраць тую песню, якая будзе гучаць у наступным годзе ў Ратэрдаме. Мы ўнеслі такую прапанову Белтэлерадыёкампаніі і чакаем іх рашэння. Мы гатовы і далей пазмагацца за гэтую вяршыню.
На маю думку, “Еўрабачанне” — гэта асобная планета. Гэта свой сусвет. У конкурсу свая аўдыторыя, свае правілы, свой фармат. Цікава, што калі тэндэнцыі сусветнай музыкі ідуць, напрыклад справа, то музычныя тэндэнцыі “Еўрабачання” рухаюцца паралельна — злева. Гэта абсалютна палярныя трэнды.
Для нас галоўнай мэтай удзелу ў “Еўрабачанні” была рэалізацыя магчымасці паказаць свету сваю музыку і сваю творчасць, таму што туды можна прыйсці з аўтарскім матэрыялам, а для нас з Уладам гэта зараз вельмі важна — мы вельмі рэдка спяваем каверы і не любім гэтага. І прайсці праз “Еўрабачанне” для нас таксама вельмі цікава.
— Ці лічыце вы сябе шчасліўчыкам?
— Думаю, так. Мне пашанцавала з людзьмі, якія мяне акружаюць. Я займаюся сваёй любімай справай, і, на мой погляд, дастаткова паспяхова, улічваючы тое, што мы прасоўваем сваю творчасць самастойна, павольна рухаючыся да сваёй мэты.
Паўгода назад мы пазнаёміліся з цудоўным чалавекам Андрэем Калінай, які стаў нашым канцэртным дырэктарам. У яго асобе мы атрымалі ўпэўнены тыл, і яго прыход — важкае папаўненне нашага калектыву. З такім музычным “татам”, які можа і за ручку некуды прывесці, і надаць патрэбнае “паскарэнне”, мы адчуваем сябе больш упэўнена.
— Каму першаму вы паказваеце новы музычны матэрыял?
— Раней маім галоўным крытыкам была мама, а зараз нашы новыя песні найперш паказваем Андрэю і нашай фокус-групе — найбліжэйшым сябрам, якім мы давяраем і якія шчыра могуць сказаць, што яны думаюць.
На мінулым тыдні адбылася прэм’ера сінгла “Частицы счастья”, які мы прадставілі на шоу “Макаёнка, 9” і на “Радио-Мир”. Для нас гэта своеасаблівы эксперымент, у якім спалучыліся рэп, хіп-хоп і эстэтыка 80-х.
Дзякуючы самаізаляцыі, у нас з’явіліся час і магчымасць дапрацаваць назапашаны матэрыял і паказаць яго. Да таго ж мы бавім час з карысцю і пішам новы альбом.
— Ведаю, што вы спрабавалі сябе ў якасці педагога па вакале. Наколькі паспяхова?
— Быў у мяне такі вопыт. Я такі педагог, які напоўніцу аддаваў сябе вучням, і таму ў той час на творчасць не было ні часу, ні сіл. Я займаюся з вучнямі так, як хацела б, каб займаліся са мной. Гэта і выканальніцкая тэхніка, і дыханне, і падбор рэпертуару, і парады, дзе можна сябе праявіць і на якія конкурсы пайсці, парады па стылі. Увесь назапашаны вопыт я шчыра аддавала свам вучням і была іх правадніком у свет музыкі, сумясціўшы ў сабе тое, што калісьці давалі мне мае педагогі.
Калі ў цябе шчыльны канцэртны графік, спалучаць яго з выкладаннем вельмі складана. Зараз я займаюся праектам VAL, але не выключаю таго, што калі-небудзь вярнуся да педагагічнай дзейнасці.
— Што вы лічыце сваім самым галоўным дасягненнем?
— Самае галоўнае дасягненне — гэта магчымасць займацца любімай справай і атрымліваць асалоду і шчасце ад гэтага кожны дзень, пісаць музыку і верыць у сваю мару.
Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота БелТА і з асабістага архіва Валерыі ГРЫБУСАВАЙ.