Вартыя пераймання: інавацыйны вопыт прадставілі сталічныя ўстановы адукацыі

- 10:03Образование

Інавацыі, якія сёння ўкараняюцца ў сталічных установах адукацыі, вельмі актуальныя, змястоўна насычаныя, вартыя пераймання. Пра гэта яскрава засведчыла “Панарама пас­пяховага вопыту інавацыйнай дзейнасці”, якая была арганізавана Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

І школе, і людзям

Тэма інавацыйнай дзейнасці, якую сёлета завяршылі ў сталічнай сярэдняй школе № 52, — “Фарміраванне тэхналагічнай культуры навучэнцаў праз сацыяльны стартап­праект “Дзеці — дзецям”.

— У пагоні за інфармацыйнымі тэхналогіямі не варта забы­ваць аб праца­вітасці і маральнасці. Гэта прыярытэт у выхаванні сучаснага дзіцяці, — лі­чыць дырэктар сярэдняй школы № 52 Мінска Аксана Цуран. — У той жа час педагогі першымі павінны рэагаваць на тыя змяненні, якія адбываюцца ў грамадстве, у тым ліку і ў развіцці лічбавай адукацыі.

Наш сацыяльны праект уяўляе сабой канкрэтную практыка-арыентаваную справу. Пад кіраў­ніцтвам настаўнікаў дзіцячыя інавацыі пераўтвораны ў рэальныя адукацыйныя прадукты. Галоўная ідэя праекта заключаецца ў неабходнасці навучыць школьнікаў ствараць тое, што будзе карысна іншым людзям, выкарыстоўваючы магчымасці лічбавай адукацыі.

На ўроках працоўнага навучання, інфарматыкі, на дадатковых занятках навучэнцы працуюць над дызайнам школы.

— Два гады назад мы набылі лісты фанеры, правялі конкурс малюнкаў казачнага дрэва і прыступілі да работы. Праз шэсць месяцаў карпатлівай працы ў холе першага паверха з’явіліся дрэвы, якія свецяцца і радуюць вока гаспадароў і гасцей школы. З вобразам дрэва мы вырашылі працаваць зусім не выпадкова: дрэва, магутнае, прыгожае і ўстойлівае, сімвалізуе сілу, мудрасць і даўгавечнасць. Дрэвы як сімвалы цесна звязаны з культурай Беларусі. Вывучаючы гісторыю, мы вырашылі стварыць ва ўстанове свае непаўторныя і ўнікальныя дрэвы, — рас­казвае Аксана Пятроўна.

Ля ўвахода ў хол, дзе размешчаны кабінеты працоўнага навучання, з’явілася тэхналагічнае дрэва, крону якога ўпрыгожвае абсталяванне для ручной працы, што выкарыстоўваецца вучнямі на ўроках. Кухарскае дрэва з дэкаратыўнымі кухоннымі элементамі размешчана каля сталовай. Афармлялі кроны пры дапамозе лазернага прынтара, розныя элементы стваралі на ўроках інфарматыкі.

У холе, дзе вучацца дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, навучэнцы разам з настаўнікамі працоўнага навучання Васілём Няверам і Арцёмам Кароткім змайстравалі дрэва добрых спраў. На галінках размешчаны палічкі, дзе вучні малодшых класаў пакідаюць прадметы, якімі хочуць па­дзяліцца: кнігі, цацкі, дапаможнікі і інш. Несумненна, гэта спрыяе фарміраванню ў дзяцей дабрыні, суперажывання, што дапаможа ім супрацьста­яць жорсткасці, адрозніваць хлусню і фальш ад шчырасці і чалавечнасці.

У бібліятэцы гімназіі “расце” кніжнае дрэва. Вучням дазволілі маляваць на сцяне, і разам з маладым спецыялістам Я.М.Вабішчэвічам яны стварылі сапраўдны арт-аб’ект. Дрэва з прыродных матэрыялаў, лазы, галінак і лёну ўпрыгожвае адміністрацыйны блок. Ёсць у школе і спартыўнае, і музычнае дрэва.

Навучэнцы профільных класаў прынялі актыўны ўдзел у стварэнні сенсорнага пакоя, які неабходны для навучэнцаў пачатковых класаў. Галоўны атрыбут гэтага памяшкання — васьміног, выкананы на ўроках працоўнага навучання з фанеры рознай таўшчыні. Кантрасныя паверхні канструкцыі садзейнічаюць развіццю сенсорнага ўспрымання і тактыльнага інтэлекту дзяцей.

Укараненне адытыўных тэхналогій дазваляе ўстанове пашыраць змест навучання па працоўным навучанні, інфарматыцы ў адпаведнасці з сучаснымі тэхналогіямі.

Проста пачні з сябе!

З 2020 па 2023 год гімназія № 5 Мінска імя герояў сустрэчы на Эльбе з’яўлялася ўдзельніцай рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання і развіцця камунікатыўнай кампетэнтнасці навучэнцаў у сістэме ўзаемадзеяння ўстановы адукацыі і дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў”. У яго межах быў распрацаваны лакальны праект “Проста пачні з сябе”.

— Праблема фарміравання і развіцця камунікатыўнай кампетэнтнасці не новая, — гаворыць метадыст гімназіі Людміла Васілевіч. — Яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя нафтавы магнат і філантроп Ракфелер быў гатовы запла­ціць за навуку зносін з людзьмі больш, чым за які-небудзь тавар у гэтым свеце. Недахоп камунікатыўнай кампетэнтнасці ў абсалютна розных аспектах жыцця соцыуму характэрны для сучаснай моладзі. Пацвярджэнне гэтага — павелічэнне колькасці канфліктаў, выпадкаў гвалту слоўнага і фізічнага характару, амаральных паводзін. Праблематыка фарміравання камунікатыўнай кампетэнтнасці з’яўляецца актуальнай і запатрабаванай яшчэ і таму, што яна вызначае крытэрыі паспяховасці асобы ва ўсіх сферах жыцця­дзейнасці. Акрамя таго, з 2012 года гімназія ажыццяўляе сваю дзейнасць ва ўмовах праектна-матрычнай арганізацыі кіравання. Штогод ствараецца праектная матрыца, якая ўключае ў сябе розныя напрамкі адукацыйнай дзейнасці: вучэбнай, выхаваўчай, метадычнай і інш.

Праект “Проста пачні з сябе” складаецца з дзевяці сацыяльных падпраектаў. Усе яны распрацаваны на аснове грамадскіх ініцыятыў навучэнцаў гімназіі. Аснову канцэптуальнай мадэлі праекта склада­юць выбудаванае сацыяльнае партнёрства, узаема­дзеянне, камуні­катыўныя адносіны ў сацыяльным асяроддзі — паміж навучэнцамі, прадстаўнікамі гімназічнага самакіравання, членамі дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў, законнымі прадстаўнікамі навучэнцаў. Асаблівая ўвага ў межах рэалізацыі праекта ўдзяляецца абароне сацыяльна ўразлівых груп насельніцтва: ветэранаў вайны, пенсіянераў, дзяцей-інвалідаў і інш.

У межах вучнёўскага сацыяльнага падпраекта “Горад бяспекі — тэрыторыя здароўя” створаны інтэрактыўны гарадок, мэта якога — арганізацыя і правядзенне навучэнцамі інтэрактыўных экскурсій, анлайн-заняткаў. Рэалізацыя мерапрыемстваў падпраекта накіравана на фарміраванне бяспечнай культуры жыццядзейнасці, здаровага ладу жыцця праз узаемадзеянне ў групах, у ланцужку “настаўнік — навучэнец”, “навучэнец — навучэнец” і інш.

Падпраект “Сацыяльны тэатр “Каманда № 5” — асаблівая тэатралізаваная форма прафілактыкі сацыяльных рызык і правапарушэнняў у падлеткавым асяроддзі. Праект накіраваны на вырашэнне такой сацыяльнай задачы, як дэкларатыўны характар здаровага ладу жыцця падрастаючага пакалення. Асаблівасць тэатра — прамыя інтэрактыўныя зносіны з гледачамі, а таксама экспрэс-рэфлексія і самааналіз. Дэвіз тэатра — тэатр ву­чыць дзяцей быць ра­зумнымі. Кампетэнтнасць камунікатыўнага ўзаема­дзеяння фарміруецца праз выхаванне культуры побыту і вольнага часу з дапамогай праекта “Школа сямейнага даўгалецця”, які накіраваны на вырашэнне адвечнай праблемы бацькоў і дзяцей, на ўзаемаадносіны “дарослы — дзіця”, “настаўнік — вучань” і інш.

Працоўнае і прафесійнае ўзаема­дзеянне з’яўляецца асновай для камунікатыўнага ўзаемадзеяння ў межах рэалізацыі падпраекта “Універсітэцкія суботы”, які ўяўляе сабой тэхналогію прафесійнага самавызначэння навучэнцаў ва ўмовах шостага школьнага дня і інтэрактыўныя эканамічныя, прафарыентацыйныя гульні. Гэтыя гульні накіраваны на асваенне падлеткамі новых са­цыяльных роляў, імкненне да раўнапраўя ў адносінах, вырашэнне праб­лем міжасобаснага ўзаемадзеяння, выпраў­ленне самаацэнкі як фактару міжасобасных канфліктаў у падлеткавым асяроддзі.

Кампетэнтнасць зносін фарміруецца праз павышэнне псіхалагічнай культуры самаразвіцця. Падпраект “Пульс” накіраваны на актывізацыю ўзаемадзеяння членаў дзіцячых і маладзёжных аб’яднанняў са сваімі равеснікамі праз агітацыйна-асветніцкую дзейнасць на класных і інфармацыйных гадзінах. Падрыхтаваныя каманды навучэнцаў 7—9 класаў самастойна право­дзяць сярод навучэнцаў прафілактычна-асветніцкія мерапрыемствы, накіраваныя на прыняцце ўсвядомленага рашэння ў адносінах да свайго здароўя і самаразвіцця. Галоўны прынцып — роўны вучыць роўнага.

Яшчэ адзін падпраект ІТ-START “Я сам…” — гэта ўзаемадзеянне ў групе “навучэнцы — уразлівыя групы насельніцтва: ветэраны вайны, пенсіянеры і інш.”, накіраванае на жывыя зносіны пакаленняў, падчас якіх адбываецца перадача жыццёвага вопыту, атрыманне новых ведаў пажылымі людзьмі ў галіне камп’ютарных тэхналогій. Сутнасць праекта — мабільнае навучанне пажылых людзей камп’ютарным і інтэрнэт-тэхналогіям. У банках, у паліклініцы № 14 каля сэнсарных экранаў стаялі навучэнцы, якія вучылі людзей, як узяць талон на прыём, як аплаціць паслугі ў банкаўскай сістэме і інш.

— Трохгадовая дзейнасць ва ўмовах інавацыйнага праекта аказалася стартавай пляцоўкай. Пацвердзіўся тэзіс аб тым, што добрая ідэя мае свой працяг і развіццё. Мяняюцца пакаленні дзяцей, а цікавасць да сацыяльных праектаў узмацняецца, прырастае новымі ідэямі, прапановамі, — адзначае Людміла Іванаўна. — Удзельнікі сацыяльных падпраектаў валодаюць камунікатыўнымі здольнасцямі, умеюць адстойваць свае правы і інтарэсы, прымаць рашэнні, праяўляць лідарскія якасці, арганізатарскія здольнасці. Настаўнікі, якія працуюць у эксперыментальных класах, маюць больш шырокі выбар арганізацыйных форм правядзення групавой работы. Групавыя спаборніцтвы, дыдактычныя і сюжэтныя гульні, распрацоўка групавога праекта, разыгрыванне дыялогу, інсцэніроўкі, выкананне сітуацыйных практыкаванняў — усё гэта дазваляе раскрываць камунікатыўна-арганізацыйныя і рэфлексіўныя ўменні навучэнцаў.

Праект даў магчымасць кожнаму дзіцяці падумаць аб сабе, навучыцца адрозні­ваць добрае ад дрэннага, зразумець, што няма тых, хто лепшы альбо горшы за іншых, і што ад самога чалавека залежыць, якім бу­дзе свет вакол яго. Калі хочаш змяніць свет, пачні з чалавека ў люстэрку — проста пачні з сябе.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара