Васіль Іванавіч Стражаў — пра ролю адукацыі і навукі ў сучасным грамадстве

- 9:31Персона

Госцем “Настаўніцкай газеты” стаў Васіль Іванавіч Стражаў. У мінулым міністр адукацыі нашай краіны, рэктар БДУ, прафесар, доктар фiзiка-­матэматычных навук, прызнаны навуковец у галіне тэарэтычнай фізікі, аўтар шматлікіх навуковых работ і артыкулаў. Гаворку прысвяцілі абмеркаванню ролі адукацыі і навукі ў сучасным грамадстве.

— Васіль Іванавіч, ваша кніга “Адукацыя і навука ў сучасным грамадстве” (на наступнае лета запланаваны выхад другой часткі) не страчвае сваёй актуальнасці. Як думаеце чаму?

— Усё проста: у кнізе ідзе гаворка пра гісторыю адукацыі, яе канцэпцыю і сэнс, разглядаюцца заканамернасці, сусветныя тэндэн­цыі. Акрамя таго, у полі зроку — вопыт развіцця савецкай і беларускай постсавецкай вышэйшай і сярэдняй школы, пытанні ідэалогіі і выхавання ў жыцці беларускага грамадства.

Сучаснае грамадства з’яўляецца грамадствам ведаў. Менавіта веды, інтэлектуальны капітал вызначаюць грамадскае развіццё, тэхнічны і тэхналагічны прагрэс. Адукацыя і навука — два бакі аднаго медаля, бо немагчыма ўявіць сапраўднае развіццё адукацыі без узаемадзеяння з навукай, як і немагчыма стабільнае развіццё навуковай сферы без адукацыі. Гаворка не толькі і не столькі пра навуку аб адукацыі, хоць яе значэнне ў разуменні адукацыйных пра­цэсаў пастаянна ўзрастае. Навука ў цэлым з’яўляецца вызначальнай сілай, якая паскарае працэсы грамадскага развіцця і сістэмы адукацыі. Разважанні пра гэта і не толькі можна знайсці ў кнізе, якая дапаможа зразумець сутнасць і ролю адукацыі ва ўсе часы.

— Ваша кніга — маштабнае даследаванне законаў адукацыі. Ідэя такога глабальнага аналізу з’явілася спантанна або выношвалася гадамі?

— Каб адказаць на гэтае пытанне, неабходна звярнуцца да біяграфіі. У сістэме адукацыі і навукі я працую (пасля вучобы ў БДУ i заканчэння аспірантуры) з 1970 года. Пачынаў у Інстытуце фізікі АН БССР, быў вучоным сакратаром аддзялення фізіка-матэматычных навук АН БССР, пасля працаваў інструктарам аддзела навукі і навучальных устаноў Мінскага абкама КПБ, быў загадчыкам аддзела навукі і навучальных устаноў Мінскага гаркама КПБ, загадчыкам кафедры тэарэтычнай механікі Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі. За гэтыя гады я дакладна зразумеў, што такое сельская школа, прафтэхвучылішчы і тэхнікумы, ВНУ i арганiзацыя навуковых даследаваняў.

Пасля працаваў у Міністэрстве адукацыі БССР (затым Рэспублікі Беларусь) на пасадах намесніка начальніка, начальніка Галоўнага ўпраўлення вышэйшай школы і навукі, намесніка міністра. З 1994 па 2001 год быў міністрам адукацыі. Затым — рэктарам Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы, саветнікам рэктара БДУ. З 2003 па 2008 год знаходзіўся на паса­дзе рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. I больш за 13 гадоў з’яўляюся прафесарам кафед­ры тэарэтычнай фiзiкi i астрафiзiкi фiзiчнага факультэта БДУ.

Зразумела, назапасіўся пэўны вопыт, які захацелася прааналізаваць і асэнсаваць. Акрамя таго, надарылася магчымасць азнаёміцца з даследаваннямі саветолагаў (навукоўцаў, якія вывучаюць савецкі лад жыцця, у тым ліку і адукацыю) у навуковых бібліятэках Мерылендскага і Лейпцыгскага ўнiверсiтэтаў. Усё гэта ў рэшце рэшт прывяло да напісання кнігі.

— Сёння часта ўспамінаюць савецкую сістэму адукацыі. Лічыцца, што яна стала доб­рым фундаментам для развіцця беларускай мадэлі адукацыі. І вы ў сваёй кнізе цэлую главу прысвяцілі савецкай школе.

— Сапраўды, нашай краіне ў спадчыну ад СССР дасталася доб­рая сістэма адукацыі, якая валодала такімі бясспрэчнымі перавагамі, як масавасць, даступ­насць, высокі ўзровень падрыхтоўкі. Беларуская сістэма адукацыі пайшла не шляхам ломкі, а шляхам дабудоўвання існуючай структуры і змяненняў там, дзе для гэтага былі створаны неабходныя перадумовы.

Напрыклад, мы перайшлі на дзесяцібальную сістэму ацэньвання і развіваем профільнае навучанне…

Так. І гэта абсалютна заканамерныя змяненні, якія сябе апраўдалі. 10-бальная сістэма па­шырыла магчымасці педагогаў, прычым як у сярэдняй школе, так і ў вышэйшай. Яна дазваляе больш дакладна ранжыраваць веды па вучэбных прадметах. Акрамя таго, дзесяцібалка больш справядлівая і гуманная (і гэта пацвердзіць кожны школьнік i студэнт). Што датычыцца профільнага навучання, то яно дапамагае школьнікам больш дакладна вызначыцца са сваёй прафесійнай будучыняй. І тое, што профілі пачынаюцца пасля атрымання базавай адукацыі, вельмі правільна. Профільную адукацыю нельга пабудаваць без дастатковага ўзроўню базавай адукацыі. Характар профіляў можа мяняцца ў залежнасці ад патрэб грамадства і дзяржавы.

Яшчэ адным новаўвя­дзеннем і дасягненнем беларускай сістэмы адукацыі з’яўляецца цэнтралізаванае тэсціраванне, а апошнім часам і цэнтралізаваны экзамен. Васіль Іванавіч, як вы ацэньваеце такую эвалюцыю?

— У свой час з’яўленне цэнт­ралізаванага тэсціравання дапамагло пазбавіцца ад карупцыйных праяў і так званага блату пры паступленні. У гэтым яго безумоўная перавага. А вось той разрыў, які ўзнік паміж формай экзамену (ЦТ) і характарам навучання ў школе, у адзін момант пачаў набываць нелагiчны характар, бо зусiм розныя падыходы да ацэнкi ведаў — гэта няправільна. У сувязі з гэтым сумяшчэнне выпускнога і ўступнага экзамену (ЦЭ) — абсалютна заканамерная ў гэтай сітуацыі з’ява.

— Тут жа хочацца спытаць і пра сённяшнюю сістэму адбору абітурыентаў для паступлення ва ўніверсітэты і тыя магчымасці (льготныя траекторыі для паступлення), якія ў іх з’явіліся. На ваш погляд, гэта дапаможа не страціць таленавітую моладзь?

— Я падтрымліваю такія падыходы. Беларускай таленавітай моладзi неабходна аказваць садзеянне, каб яна вучылася і працавала на радзіме. Тым больш калі для яе ствараюцца такія ўмовы.

— Васіль Іванавіч, вернемся ў часы, калі вы былі міністрам адукацыі. Якія кіраўніцкія рашэнні таго перыяду лічыце самымі паспяховымі?  

— Па-першае, тое, што сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы пачалі аб’ядноўваць у кластары разам з універсітэтамі, што спрыяла іх развіццю. Па-другое, тады было прынята рашэнне сярэднія прафесійна-тэхнічныя навучальныя ўстановы зрабіць больш прывабнымі для навучэнцаў. Па-трэцяе, я заставаўся кансерватарам у адносінах да вышэйшай школы. Быў супраць тых непадрыхтаваных змяненняў, якія, напрыклад, адбываліся ў 90-я гады ў Расіі. У выніку наша вышэйшая школа захавала дастаткова высокія пазіцыі.

— Дарэчы, цяпер сістэма прафесійнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі выглядае больш прывабна, чым універсітэцкая адукацыя, бо рыхтуе па запатрабаваных эканомікай і грамадствам спецыяльнасцях. Вы згодны?

— Сапраўды, сёння на рынку працы вельмі запатрабаваны высокакваліфікаваныя рабочыя кадры. Прычым гэта сусветная тэндэнцыя. Асабліва цэняцца ўні­версалы, калі, напрыклад, чалавек можа быць электрыкам і водаправодчыкам адначасова. І гэта вельмі добра, бо праца, як бы банальна гэта ні гучала, робіць чалавека больш высакарод­ным. Калі чалавек працуе з задавальненнем, то ў яго не застаецца часу на дрэнныя звычкі, а калі ён яшчэ і развіваецца ў сваім прафесійным напрамку, то гэта матывуе на дадатковае навучанне. Я знаёмы з такімі маладымі людзьмі. Вельмі прыемна мець з імі справу. Мэтанакіраваныя, сямейныя мужчыны, дастойныя грамадзяне сваёй краіны. Дарэчы, такая тэндэнцыя зусім не гаво­рыць пра страту пазіцый вышэйшай школы, бо навуковая фундаментальная падрыхтоўка спецыяліста заўсёды будзе запатрабаванай.

Праблема выхавання маладога пакалення існавала ва ўсе часы. І вы ў сваіх інтэрв’ю, ды і ў кнізе таксама, не раз падкрэслівалі, што грамадзянскасць і патрыятызм абавязкова трэба выхоўваць. Якім чынам?

— Каб стаць патрыётам сваёй краіны, неабходна любіць тое месца, дзе нарадзіўся і вучыўся. Калі малады чалавек любіць сваю вёс­ку, мястэчка, горад, школу, то ён ужо з’яўляецца патрыётам. Увогуле, ідэалогія, на мой погляд, трымаецца на трох пастулатах: рэлігія, сацыяльная роўнасць і нацыянальны аспект, што і павiнна прысутнiчаць у сiстэме выхавання i навучання.

Васіль Іванавіч, наколькі вам блізкая канцэпцыя “адукацыя праз усё жыццё”? І чаму вучыцеся сёння?

— Я выкладаю электрадына­міку трэцякурснікам фізічнага факультэта БДУ. У адзін момант мяне перасталі задавальняць універсітэцкія падручнікі па гэтай тэме. Зразумела, калі я пра гэта сказаў, мне паступіла прапанова напісаць свой. І я ўзяўся за гэта, думаючы, что напішу за гады тры-чатыры. Але калі пагрузіўся ў працэс, то ўсвядоміў, што мяне зусiм не задавальняюць некаторыя базавыя рэчы, прапісаныя практычна ва ўсіх падручніках. Пачаў разбірацца. У выніку на гэта было затрачана значна больш часу, чым тры гады. І мой падручнік будзе падрыхтаваны толькі гэтым летам. Канечне, ён будзе адрознівацца ад большасці iснуючых.

Акрамя таго, як ужо адзначаў вышэй, наступным летам выйдзе працяг кнігі “Адукацыя і навука ў сучасным грамадстве”. Яшчэ працую над дзвюма кнігамі, звязанымі з фізікай. Таму, канечне, я пастаянна вучуся, асэнсоўваю, абагульняю.

— І апошняе пытанне: якой вам бачыцца адукацыя заў­тра?

— Сістэма адукацыі не можа існаваць сама па сабе. Заўсёды ёсць фактары, якія аказваюць на яе ўплыў. Існуе паняцце інфармацыйнай рэвалюцыі. Гэты тэрмін ужываецца для абазначэння некалькiх інфармацыйных рэвалюцый у гісторыі чалавецтва, у выніку якіх не толькі кардынальна мяняліся спосабы апрацоўкі інфармацыі, але і спосаб вытворчасці, стыль жыцця, сістэмы каштоўнасцей. Першая інфармацыйная рэвалюцыя адбылася, калі чалавек загаварыў, другая — калі ўзнікла пісьмовае маўленне. Трэцяя інфармацыйная рэвалюцыя здарылася, калі з’явілася кнігадрукаванне. Апошняя інфармацыйная рэвалюцыя характарызуецца ўзнікненнем інтэрнэту і камп’ютараў.

Цяпер мы на парозе наступнай інфармацыйнай рэвалюцыі, якая звязана са штучным інтэлектам. Ён істотна зменіць сістэму адукацыі. Цяпер складана рабіць прагнозы, але гэта будзе сапраўдная рэвалюцыя. Разам з тым штучны інтэлект не адменіць настаўніка, але зменіць яго ролю. Колькасць ведаў увесь час расце, і іх ужо немагчыма змясціць у галаве. Стаіць пытанне адбору, у чым дапаможа штучны інтэлект. Педагогу трэба будзе вывучаць магчымасці штучнага інтэлекту, бо гэта сродак, тая тэхналогія, якая можа радыкальна змяніць і змест адукацыі, і яе характар.

— Вялікі дзякуй за цікавую размову.

Даведка

Васіль Іванавіч Стражаў, былы міністр адукацыі, рэктар БДУ, пра­фесар, прызнаны навуковец у галіне тэарэтычнай фізікі. Аўтар звыш 140 навуковых работ, у тым ліку чатырох манаграфій. Асноўнымі напрамкамі навуковай дзейнасці з’яўляюцца тэорыя магнітнага зарада, палярызацыйная сіметрыя ў тэорыі поля, ураўненне Дзірака — Кэлера, калібровачныя тэорыі з некампактнай групай унутранай сіметрыі. Ім апублікаваны тры манаграфіі і больш за 60 артыкулаў, прысвечаных праблемам адукацыі. Падрыхтаваў 7 кандыдатаў і 2 дактароў фізіка-матэматычных навук. Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА