Васьмікласнік з Мінска распрацаваў камп’ютарны дадатак «Выратуй горад ад пажару»

- 10:00Главная, Образование

Васьмікласнік з Мінска распрацаваў камп’ютарны дадатак “Выратуй горад ад пажару” — на сённяшні дзень адзіны ў краіне па прадмеце АБЖ. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Распрацоўка навучэнца сярэдняй школы № 19 Мінска Яраслава Рынды адразу заваявала сімпатыю журы гранд-фіналу рэспубліканскага маладзёжнага праекта “100 ідэй для Беларусі” і перамагла ў намінацыі “Нацыянальная бяспека і абарона ад надзвычайных сітуацый”. Сам дадатак складаецца з розных заданняў па АБЖ, не вельмі цяжкіх (нават другакласнікі выконваюць іх у сярэднім за 11 мінут), але такіх патрэбных!

Камп’ютарных і мабільных дадаткаў для дзяцей сёння шмат, але трэба, каб яны былі карысныя, нечаму вучылі, мелі сацыяльную значнасць, — разважае настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 19 і кіраўнік праекта Ларыса Карневіч. — Я прысутнічала на розных канферэнцыях і бачыла выдатныя, але складаныя праекты, створаныя дзецьмі, якія, на жаль, зусім не падыхо­дзяць для школьнікаў. У гэтым плане распрацоўка Яраслава вылучаецца — яна вельмі запатрабаваная і ў дзяцей, і ў дарослых.

Аб гэтым сведчыць той факт, што толькі за адзін тыдзень дадатак спампавалі 500 чалавек.

Гэта я яшчэ не пачаў займацца яго “раскруткай”, — заўважае Яраслаў. — Галоўнае, мой рэсурс лёгка знайсці ў інтэрнэце па простым запыце. Набярыце “Выратаваць горад ад пажару” — і адразу ўбачыце спасылку. У квесце 5 этапаў: як патушыць агонь; эвакуацыя з кватэры падчас пажару; віктарына па асновах бяспекі жыцця­дзейнасці; паводзіны падчас землетрасення; што рабіць, калі праваліўся пад лёд. Чаму зацікавіла тэма? Аднойчы я ўбачыў страшную статыстыку па пажарах і вырашыў, што важна не толькі навучыць дзяцей правілам паводзін з агнём, але і паказаць, як выбрацца з пажару. Не так даўно ў рамках тыдня інфарматыкі, які прахо­дзіць у нашай школе кожны год, я праводзіў майстар-клас для навучэнцаў 2 класа па гэтай тэме, дзеці адказвалі на пытанні. У цэлым яны малайцы, але ёсць прабелы. Напрыклад, не вельмі добра ведаюць знакі пажарнай бяспекі — у гэтым плане мой дадатак ім вельмі дапаможа.

Сам Яраслаў Рында з 1 класа захапляецца матэматыкай, робіць поспехі і ў інфарматыцы, паўтара года займаецца распрацоўкай камп’ютарных дадаткаў. Адзін з іх — матэматычны квіз Math battle, таксама для школьнікаў. Рэсурс дапамагае праверыць ці падцягнуць свае веды па прадмеце. З гэтым праектам Яраслаў заняў 3-е месца на гарадской канферэнцыі навучэнцаў у секцыі “Інфарматыка”, якую не так даўно праводзіў Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі.

— Толькі што я закончыў работу над новым праектам Logic box для развіцця логікі. Ён падыходзіць для людзей любога ўзросту — ад 9 да 90 гадоў, — расказвае Яраслаў. — Бо лагічнае мысленне дапамагае і старым, і маладым. Далей планую зай­мацца адукацыйнымі дадаткамі, лічу, што гэта перспектыўна. Для напісання выкарыстоўваю рухавічок Unity і мову праграмавання С#, прычым “Выратуй горад ад пажару” зрабіў менавіта камп’ютарным, а не мабільным — з высокай якасцю выявы, каб яго можна было глядзець на вялікім тэлевізары, напрыклад, у класе. Пастаянна асвойваю і новыя праграмы — зараз усё ў камп’ютарным свеце хутка мяняецца.

Настаўніца Ларыса Карневіч адзначае, што інфарматыка, напэўна, самы зменлівы прадмет — аб гэтым сведчыць хаця б тое, што падручнікі па ёй абнаўляюцца кожныя 5 гадоў. Педагогу трэба ўвесь час сачыць за новымі тэндэнцыямі.

— У гэтым мне вельмі дапамагаюць вучні, — падкрэслівае Ларыса Генадзьеўна. — Галоўнае, іх правільна накіраваць, а яны ўжо самі падхопяць тэму. Наша школа, якой хутка споўніцца 105 гадоў, славіцца сваімі моцнымі фізіка-матэматычнымі традыцыямі, так што падрыхтоўка вучняў у нас добрая. Працуюць факультатывы па матэматыцы і інфарматыцы, напрыклад, “Стварэнне камп’ютарных гульняў у асяроддзі праграмавання Scratch” і іншыя.

Яраслаў паведаміў, што ў будучыні бачыць сябе ў прафесіі, звязанай з камп’ютарамі, плануе паступаць у Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт ці ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі.

— Але і без камп’ютараў, калі што, не прападу, — усміхаецца хлопец. — Я наведваю музычную школу і добра іграю на саксафоне.

Лізавета МІЦКЕВІЧ