Ваўком да Нямігі праскакаў

- 18:41Культура

Якая загадка тоіцца ў адным з радкоў “Слова пра паход Ігаравы”. 

У Дудутках бываць раней не даво­дзілася. Чула, што гэта вёска-музей пад адкрытым небам, — вось і ўсё. Таму, любуючыся з акна аўтобуса беларускімі краявідамі, уважліва слухаю гіда і гісторыка Таццяну Яцкевіч:

— Этнаграфічны комплекс “Дудуткі” з’явіўся ў кастрычніку 1994 года ў Пухавіцкім раёне, на беразе ракі Пціч, за 40 кіламетраў ад Мінска. Створаны па ініцыятыве нашага сучасніка, кіраўніка прыватнага выдавецтва Яўгена Будзінаса. У 1992 годзе для вядзення падсобнай гаспадаркі яму выдзелілі 160 гектараў зямлі. На сродкі ад выдавецкай справы былі набыты буйная рагатая жывёла, птушка, сельгасабсталяванне, праведзена электрычнасць, уладкаваныя дарогі, пабудаваны жывёлагадоўчыя фермы і гаспадарчыя памяшканні.

Мясцовыя жыхары не адразу і зразумелі, што задумаў новы аграрый. А ён наважыўся ўзнавіць беларускую вёску такой, якой яна была шмат стагоддзяў назад, з усёй самабытнасцю. Задумаў — зрабіў. 

Вятрак

Першае, што бачым, — пяціярусны млын з доўгімі лопасцямі. Не нава­дзел. Змайстравалі 14-метровую махіну ў 1905 годзе браты Паляковы ў вёсцы Бярозаўка на Гомельшчыне. Падчас калектывізацыі вятрак дастаўся мясцоваму калгасу, а братоў запісалі ў “кулакі” і адправілі ў Сібір. Пазней аб’ект за непатрэбнасцю быў закінуты і стаў паволі разбурацца. Яго ўбачыў Яўген Будзінас і перавёз у этна­вёску, дзе млын аднавілі. 

Накіроўваемся да дзвярэй з важкім замком. Таццяна Яцкевіч жартам папярэджвае, што ўваходзіць трэба правільна. Перасту­піць парог спачатку правай, потым левай нагой і загадаць жаданне. Спыніцца і павітацца. З кім? З мясцовай нечысцю, бо ў даўніну лічылася, што млын — містычнае месца, а млынару дапамагае нячыстая сіла. Усё ў дакладнасці выконваем і падымаемся па крутой, рыпучай лесвіцы. Разглядаем старадаўняе абсталяванне, механізмы, інструмент. На пятым узроўні затрымліваюся, каб зрабіць фота. Але… хто гэта там стаіўся ў цёмным куце? Спяшаюся ўніз. 

У этнаграфічным комплексе “Дудуткі” ёсць праваслаўны храм. Пабудаваны ў стылі драўлянага дойлідства ў 2008 годзе, асвечаны ў гонар Іаана Хрысціцеля. Уражвае арыгінальны іканастас, асноўны дэкор якога выкананы з саломы. 

Побач з млыном так званая хата завозніка, дзе можна падсілкавацца і пераначаваць. Сустракае ветлівая гаспадыня. Печка ў яе ўжо пратоплена, стол накрыты. Ежа няхітрая, затое натуральная: адварная бульба, салёныя агурочкі, квашаная капуста. Беларускае сальца з мяснымі пра­слойкамі і акрайцамі дамашняга хлеба так і растае ў роце. Пры жаданні можна і чарку перакуліць (але гэта не пра нас).

Панскі двор 

У этнаграфічнай вёсцы ў два рады стаяць хаткі, дзе беларускія майстры аднаўляюць старадаўнія тэхналогіі нацыянальных рамёстваў. Наведваем дрэваапрацоўчую, ганчарную, ткацкую, гарбарную майстэрні, сыраварню, пякарню. Назіраем за вырабам валёнак (дарэчы, яны зноў у модзе). Ёсць вельмі элегантныя, нават на абцасіках. Не магу прайсці і міма кузні. Відовішча яшчэ тое! Каваль волатаўскага целаскладу лёгка спраўляецца з распаленым металам. 20—30 секунд — і падкова гатова. Хто б ведаў, як даўно я мару ўдарыць па кавадле! І вось атрымліваю дазвол. Заўсёды думала, што гэта проста. Ды не! Молат толькі і змагла прыпадняць, прычым двума рукамі. Без замаху апускаю яго на нарыхтоўку. Эх, мала кашы з’ела, трэба трэніравацца. 

Заасад з усякай жыўнасцю прыцягвае і дарослых, і дзяцей. За агароджай гуляюць куры, качкі, гусі, авечкі, індыкі, парасяты. Дзве казы пачынаюць бадацца. У разборкі ўмешваецца свінка і разганяе скандалістак. Грозна распускае хвост паўлін: маўляў, зараз усе ў мяне атрымаеце! А што гэта там мужчыны тусуюцца? Падыходжу. Усё зразумела, вывучаюць дапатопны самагонны апарат. Дарэчы, дзеючы. Нічога не папішаш, гэта таксама частка народнага жыцця. Напітак вараць і чысцяць па старадаўнім рэцэпце. Хто каштаваў, запэўнівае, што галава назаўтра не баліць. Ёсць у “Дудутках” і бровар, дом бортніка, дзіцячая пляцоўка, гандлёвыя рады, шынок — усяго 34 аб’екты.

Загадкавы тапонім

Чаму комплекс назвалі “Дудуткі”? Гавораць, у даўніну тут была такая вёска. Вярнуўшыся ў Мінск, шукаю звесткі пра яе. І сутыкаюся з гістарычнай загадкай. Упершыню паселішча згадваецца ў XI стагоддзі ў “Слове пра паход Ігаравы” адносна Усяслава Чарадзея: “…скачы влъкомъ да Нямігі зь Дудутокъ”. Але якія Дудуткі меліся на ўвазе і дзе размяшчаліся? У рукапісе не пазначана, што недалёка ад Мінска ці на рацэ Пціч. Першыя выдаўцы “Слова…” пакінулі фразу без тлумачэння. Даследчыкі старажытнарускага пісьменства розных эпох выказвалі свае версіі. Адны пісалі, што гэта сяло Будуціна (ці Будуткі), што пад Псковам, адкуль родам вялікая княгіня Вольга. Іншыя прытрымліваліся пункту гледжання, што гаворыцца пра мясцо­васць каля Ноўгарада, дзе нібыта існаваў “манастыр на Дудутках”. Частка навукоўцаў сцвярджае, што ў творы наогул маецца на ўвазе не геаграфічная назва, а нешта іншае. Арыгінал быў згублены, а наколькі правільныя перапісаныя копіі — хто ведае? Спрэчкі ідуць дагэтуль. Але нямала даследчыкаў “Слова…” ўсё ж схіляецца да версіі старабеларускіх Дудутак недалёка ад Мінска. Лічыцца, што ў гэтых месцах праходзіла сухапутная дарога, па якой полацкі князь праскакаў да Нямігі, даведаўшыся аб нападзе на Мінск братоў Яраславічаў. Адзін з перакладчыкаў “Слова…”, рускі паэт і драматург Васіль Капніст, у пачатку XIX стагоддзя ў каментарыі да твора напісаў, што “не ведаючы, дзе сапраўды Дудуткі знаходзіліся, адшукаў… Дудзічы паблізу Менска на рацэ Пцічы”. І сапраўды, амаль побач з этнаграфічным комплексам такая вёска ёсць.

Маёнтак на Пцічы

Куды ж падзеліся Дудуткі? На маю думку, паселішча (калі яно ўвогуле існавала) магло згарэць пры пажары ці было зні­шчана ворагам. Магчыма, вёску адбудавалі зноў і далі новую назву — Дудзічы, альбо з цягам часу яе змяніў нехта з уладальнікаў. Не выключана, што і сам аўтар “Слова…” дакладна тапонім не запомніў і памылкова назваў Дудуткамі. 

Зацікавілася гісторыяй Дудзіч. Вядома, што ў XVI стагоддзі ў маёнтак уваходзілі два фальваркі — Казловічы і Бялькевічы, а таксама мястэчка і вёска Дудзічы. Гаспадарка, інфраструктура хутка развіваліся. Гэтаму, прынамсі, спрыяў падораны ў 1766 годзе каралём Станіславам Панятоўскім прывілей на тры кірмашы ў год і гандаль па панядзелках. Дарэчы, насуперак яго ўказу кірмашы праводзіліся штомесяц — на маладзік. Гандаль ішоў у асноўным сельгаспрадукцыяй і таварамі мясцовых промыслаў. З Дудзічамі звязана жыццё апошніх уладальнікаў ся­дзібы — Ельскіх. Шляхцічы любілі мастац­тва, музыку, прымалі ў сябе кампазітараў і музыкантаў, у тым ліку гетмана Міхаіла Казіміра Агінскага — свайго далёкага свая­ка. Напярэдадні Кастрычніцкай рэвалюцыі Ельскія пакінулі маёнтак назаўсёды і з’ехалі за мяжу. А Дудзічы засталіся. Побач са старажытнай вёскай з’явіўся ўнікальны помнік беларускай сялянскай даўніны “Дудуткі”. І сюды з усіх куткоў блізкага і далёкага замежжа накіроўваюцца тысячы турыстаў, каб азнаёміцца з рамёствамі, побытам і народнай культурай беларусаў.

Кацярына ІЛЬІНА.
Фота з сайта музейнага комплексу “Дудуткі”.