Важна знайсці сцяжынку да душы дзіцяці, лічыць выхавальнік дашкольнай адукацыі з Ліды Анастасія Харужая

- 11:30Учитель года

“Знайшоўшы сцяжынку да душы дзіцяці, можна пракласці шлях да яго развіцця” — так вызначае сваё педагагічнае крэда выхавальнік дашкольнай адукацыі дзіцячага сада № 21 Ліды Анастасія Аляксандраўна Харужая, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Пераможца абласнога этапу рэспуб­ліканскага конкурсу “Настаўнік года” на працягу амаль 10 гадоў працоўнай дзейнасці не адступае ад свайго жыццёвага прынцыпу, выхоўваючы ў дзецях добрае, разумнае, вечнае.

— Місія выхавальніка — любіць справу свайго жыцця, рабіць яе прафесійна, з душой, — пераканана Анастасія Харужая. — Толькі тое, што зроблена з уменнем і душой, заслугоўвае застацца. Застацца ў дзіцячай памяці, у сэрцах. Застацца і прарасці добрымі ўчынкамі і значнымі справамі тых, каго ты выхоўваў і вучыў. У свеце існуюць тысячы прафесій, і выбраць адну з іх і на ўсё жыццё, вядома, складана. Але я выбрала тую, якая прыносіць мне радасць. Мая прафесія — выхавальнік дашкольнай адукацыі.

Яшчэ ў школе Анастасія давала парады сябрам, да яе звярталіся па дапамогу. І яна старалася дапамагчы кожнаму, падтрымаць. Аднакласнікі нават казалі: табе дакладна трэба быць настаўніцай. Таму ў старшых класах ужо была ўпэўнена, што пойдзе ў педагогіку.

— Натхніла мяне на гэты крок і настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 15 Ліды, дзе я вучылася, Наталля Іванаўна Вянсковіч, — успамінае Анастасія Харужая. — Я любіла назіраць, як педагог дае веды, як звяртаецца да вучняў. Хацелася быць падобнай на сваю настаўніцу. Калі скончыла школу, у мяне не стаяла пытанне, кім быць. Марыла стаць не проста педагогам, а менавіта выхавальнікам.

У 2008 годзе Анастасія Аляксандраўна паступіла ў Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт. Выбрала спецыяльнасць “Дашкольная адукацыя. Практычная псіхалогія”, кваліфікацыя “педагог. Педагог-псіхолаг”. Скончыўшы ўніверсітэт, у 2013 годзе прыйшла на работу ў дзіцячы сад.

— Я разумела, што праца выхавальніка складаная і выдатная адначасова, — дзеліцца думкамі Анастасія Харужая. — Кожны дзень я нясу адказнасць за самае дарагое і каштоўнае, што ёсць у нашым жыцці, — за дзяцей. Галоўнай мэтай сваёй працы лічу стварэнне спрыяльных умоў для паўнавартаснага, рознабаковага развіцця кожнага дзіцяці, захаванне бяспекі жыццядзейнасці, падрыхтоўку да далейшага жыцця ў грамадстве. Я педагог-псіхолаг, і гэта дапамагае мне ўбачыць кожнае дзіця, своечасова аказаць яму падтрымку і дапамогу — гарманізаваць яго эмацыянальны стан, развіць сенсаматорныя навыкі і пазнавальныя працэсы.

Заўсёды імкнуся быць на адным узроўні з дзецьмі, глядзець вочы ў вочы, гэта значыць, ба­чыць свет іх вачыма, каб зразумець маленькага чалавечка, даведацца пра яго думкі, мэты, жаданні, такім чынам зблізіцца з ім. Тады і дзіця пачынае мяне разумець, адкрываецца. Я люблю займацца з дзецьмі. А калі бачу зваротную сувязь, зіхатлівыя вочкі, разумею, што працую недарма.

Выхавальніца стараецца для кожнага дзіцяці стварыць сітуацыю поспеху. Так, для сарамлівых хлопчыкаў і дзяўчынак у групе адведзены куток, дзе яны могуць адасобіцца. Педагог імкнецца, каб дзіця змагло разняволіцца, адкрыцца, праявіць сваю індыві­дуальнасць, каб знаходжанне ў дзіцячым са­дзе было для яго камфортным. Часам дзіця не адразу можа ўліцца ў калектыў, саромеецца, замыкаецца ў сабе. Выхавальніца падоўгу размаўляе з такімі выхаванцамі, прапануе гульні, даведваецца ў бацькоў пра захапленні дзетак.

Анастасія Харужая вялікую ўвагу ў рабоце з дзецьмі ўдзяляе цесным зносінам з іх бацькамі. Заўсёды адкрытая да дыялогу, яна цікавіцца звычкамі, захапленнямі, асаблівас­цямі характару сваіх выхаванцаў, чым яны зай­маюцца дома. У сваю чаргу, дзякуючы сваім назіранням, дае парады бацькам, і яны прыслухоўваюцца да яе рэкамендацый. Анастасія Аляксандраўна вобразна намалявала для сябе трохвугольнік, у аснове якога — бацькі і выхавальнік, а на чале — дзіця. Яна ўпэўнена, што для паспяховага выхавання, усебаковага развіцця дзяцей менавіта так трэба выбудоўваць адносіны, бо ўсе намаганні бацькоў і педагогаў накіраваны на дзяцей, усё робіцца дзеля іх бяспечнага, шчаслівага дзяцінства.

Любімы мамін памочнік — дзесяцігадовы Цімафей. Гэта яму першаму яна па­казвае свае задумы, з ім спрабуе апрабаваць прыдуманыя заняткі або гульню. А калі бачыць эмоцыі з боку сына, разумее, што яму падабаецца, тады смела прапаноўвае навінку і іншым дзецям. Сын і ўся сям’я — яе надзейная апора.

— Мая місія — любіць справу свайго жыцця, рабіць яе прафесійна, з душой. Працуючы з дзецьмі, я ўдасканальваю сябе як асоба, працую над сабой. Мая прафесія абавязвае быць узорам для пераймання для выхаванцаў, — падкрэслівае А.А.Харужая.

Педагог развіваецца ў прафесійным плане. У сваёй педагагічнай дзейнасці выкарыстоўвае разнастайныя метады і прыёмы арганізацыі адукацыйнага працэсу, вывучае і выкарыстоўвае інавацыйныя педагагічныя тэхналогіі (метады ТРВЗ-РТУ-тэхналогіі, візуа­лізацыі, мадэлявання). Таксама яна актыўна ўдзельнічае ў конкурсах, праектах, абменьваецца вопытам з калегамі, право­дзіць майстар-класы для педагогаў і бацькоў. У 2020 годзе А.А.Харужая прадставіла вопыт работы з дзецьмі ў рамках правядзення тыдня педагагічнага майстэрства “Эфектыўныя метады і прыёмы развіцця даследчых уменняў і пазнавальных матываў дзяцей дашкольнага ўзросту” для педагогаў Лідскага раёна. У 2022 го­дзе дзялілася вопытам па тэме “Выкарыстанне метадаў ТРВЗ-РТУ-тэхналогіі для арганізацыі даследчых работ дзяцей дашкольнага ўзросту” на пасяджэнні школы рэзерву кіруючых кадраў устаноў дашкольнай адукацыі Лідскага раёна.

Годным вынікам праведзенай работы стаў дыплом II ступені абласнога этапу рэс­публіканскага конкурсу “Я — даследчык”. Над тэмай “Таямніца майго прозвішча” мама працавала разам з сынам Цімафеем.

— Работа з дзецьмі падахвочвае мяне да пошуку новага, цікавага, важнага, таму з задавальненнем прайшла навучанне і стала цьютарам праекта “Інфарматыка без разеткі”. Удзел у інавацыйным праекце па ўкараненні розных мадэлей праектавання развіццёвага прадметна-прасторавага асяроддзя ва ўстановах дашкольнай адукацыі дазволіў ства­рыць у групе ўмовы для рознабаковага развіцця дзяцей, раскрыцця іх творчага патэнцыялу і забеспячэння псіхалагічнага камфорту шляхам рацыянальнай арганізацыі прасторы групы і індывідуалізацыі патрэбам кожнага дзіцяці. З дзяцінства захаплялася маляваннем. І сёння гэта дапамагае мне арганізоўваць работу, праводзіць заняткі аб’яднання па інтарэсах “Выяўленчае мастацтва”, — дзеліцца выхавальніца.

Важным напрамкам у сваёй рабоце Анастасія Аляксандраўна лічыць патрыятычнае выхаванне дзяцей. Яна прымала ўдзел у раённым адукацыйным праекце “Я і Радзіма мая” для дзяцей дашкольнага ўзросту.

У 2020 годзе А.А.Харужая ўзнагароджана Ганаровай граматай упраўлення адукацыі Лідскага раённага выканаўчага камітэта. Яна мае публікацыю ў сеткавым выданні ng-press.by: “Вясновае падарожжа. Канспект інтэграваных заняткаў з выхаванцамі сярэдняй групы (4—5 гадоў)”.

Прафесійныя і асобасныя каштоўнасці Анастасіі Аляксандраўны — дабрыня, спагадлівасць, шчырасць, прыстойнасць, талерантнасць, аптымізм, педагагічная інтуіцыя, эрудзіраванасць, мэтанакіраванасць, знаходлівасць, камунікабельнасць, культура зносін, здольнасць да імправізацыі і рэфлексіі.

Найкаштоўнейшым вопытам для сябе Анастасія Аляксандраўна лічыць удзел у конкурсе “Настаўнік года”. Прызнаецца, што атрымала шмат як станоўчых эмоцый, так і хваляванняў, але розныя эмоцыі павінны прысутнічаць у жыцці чалавека. У першую чаргу, гэта вопыт, які яна атрымала ад калег. З’явілася жаданне далей самаразвівацца, даведвацца пра нешта новае, працаваць над сабой. І гэта, на яе думку, вельмі карысна.

— Кожны поспех дзяцей — гэта і мой поспех, — упэўнена А.А.Харужая. — Працуючы з дзецьмі, атрымліваю зарад пазітыву і станоўчых эмоцый. Я адчуваю знач­насць маёй працы. Ёсць аддача з боку бацькоў маіх выхаванцаў, з любымі цяжкасцямі мы спраўляемся разам. Гэта натхняе і дазваляе рухацца далей.

Ірына АНІКЕВІЧ
Фота з архіва А.А.Харужай