Вэб-квест: віртуальна-рэальны шлях па старонках рамана

Часта школьны вопыт зносін дзіцяці з кнігай становіцца для яго вырашальным у пытанні чытаць ці не чытаць. Успрыманне чытачом-школьнікам літаратурнага твора — складаны творчы працэс. Відавочна, што сёння педагогу варта не проста ўлічваць у адукацыйным працэсе характар вучнёўскага ўспрымання, але і актыўна на яго ўздзейнічаць, выкарыстоўваючы аптымальныя варыянты аналізу літаратурнага твора.

“Вэб-квест “Прелестный роман” (па рамане М.Булгакава “Майстар і Маргарыта”)”, распрацаваны настаўніцай рускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Валожына Таццянай Іванаўнай Саевіч, разлічаны на вучняў 10—11 класаў і мае на мэце развіццё чытацкай кампетэнцыі і інфармацыйна-даследчай дзейнасці навучэнцаў. Ён быў адзначаны дыпломам ІІ ступені на рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” у намінацыі “Праектна-даследчая дзейнасць з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій”.

Таццяна Іванаўна працуе з навучэнцамі ўжо больш за 20 гадоў. Выкладае, акрамя рускай мовы і літаратуры, прадмет “Мастацтва”. Імкнецца зрабіць кожны ўрок значным для вучняў, каб яны змаглі даведацца штосьці новае не толькі ў плане набыцця практычных навыкаў, але і знайсці для сябе пэўныя пункты апоры для жыцця. Як прызнаецца педагог, для яе на ўроку важны сам вучань, яго жаданне працаваць. Менавіта таму яна выкарыстоўвае дзейнасны падыход, падчас якога вучні пазнаюць новае менавіта на практыцы, а не чыста тэарэтычна. Заданні, калі сам вучань імкнецца знайсці адказы на пастаўленыя пытанні, настаўніца часта прымяняе на сваіх уроках. Перавага педагога аддаецца тэхналогіі супрацоўніцтва, праблемнаму навучанню, інфармацыйна-камунікацыйным тэхналогіям. “Вучні зараз вельмі хутка прымаюць новае, доступ да інфармацыі ў іх ёсць, таму імкнуся крыху апераджаць іх і не адставаць ад патрабаванняў часу”, — заўважае педагог.

Па перакананні Таццяны Іванаўны, задача выкладання літаратуры — фарміраванне дасведчанага чытача, здольнага ў працэсе чытання і аналізу мастацкага твора атрымаць духоўна-маральныя каштоўнасці; развіццё творчай асобы, здольнай удасканальваць самога сябе і сваё жыццё. Задачы гэтыя вырашаюцца ў першую чаргу праз работу з тэкстам, з мастацкім словам, з кнігай. Тэхналогія вэб-квестаў — дзейсны спосаб фарміравання матывацыі навучання, творчага асэнсавання матэрыялу, трывалага замацавання ведаў. Удзел у вэб-квесце садзейнічае выкарыстанню вучнямі магчымасцей інфармацыйна-адукацыйнай прасторы; развіццю цікавасці да чытання, стымуляванню ўдзелу школьнікаў у даследчай рабоце.

— Два апошнія гады багатыя на юбілеі: 125 гадоў з дня нараджэння М.А.Булгакава, 75 гадоў раману “Майстар і Маргарыта” і 50 гадоў першай публікацыі рамана, — заўважае Т.І.Саевіч. — У межах школьнай праграмы вывучэнню рамана “Майстар і Маргарыта” адводзіцца мала вучэбнага часу (толькі 4 гадзіны). Мы прапаноўваем яго для вывучэння ў 11 класе, хаця твор дастаткова складаны для ўспрымання нават дарослага чалавека. Каб раскрыць яго таямніцы, зазірнуць у глыбіні, узнікла ідэя ў арганізацыі і правядзенні вэб-квеста “Прелестный роман”. Вэб-квест прызначаны для вучняў старэйшага школьнага ўзросту, яго можна выкарыстоўваць як на ўроках рускай літаратуры, так і на факультатывах, у пазакласнай дзейнасці.

Сярод задач праекта — пашырыць веды навучэнцаў аб рамане М.Булгакава “Майстар і Маргарыта”, фарміраваць навыкі пошуку карыснай інфармацыі на розных носьбітах, яе апрацоўкі і выкарыстання; садзейнічаць станаўленню ў падлеткаў эстэтычных і маральных каштоўнасцей, творчых здольнасцей, камунікатыўнасці, умення ўзаемадзейнічаць у камандзе.

Работа з вэб-квестам разлічана на месяц і прадугледжвае два этапы. Падчас работы над ім навучэнцы пашыраюць свае веды аб траістай структуры гэтага твора, раскрываюць таямніцы дароў Воланда, адчуваюць сябе на месцы герояў кнігі. Прадугледжваецца, што пасля завяршэння работы навучэнцы змогуць выкарыстоўваць праграмныя сродкі для прадастаўлення вынікаў пошукавай і даследчай дзейнасці; выяўляць сваё меркаванне па праблеме і аргументаваць пункт гледжання; супрацоўнічаць з іншымі навучэнцамі, прадукцыйна працаваць у камандзе для вырашэння пастаўленай праблемы; знаходзіць патрэбныя інфармацыйныя рэсурсы; прымяняць творча свае ідэі.

На віртуальным этапе настаўнік фармулюе цэнтральнае заданне, дзе вызначаны вынік самастойнай работы. Акрамя таго, прадастаўляе спіс інфармацыйных рэсурсаў і праграмных сродкаў, неабходных для выканання задання.

Зайшоўшы на рэсурс па адрасе http://bulgakovmmm.jimdo.com/, можна пазнаёміцца з распрацоўкай. Настаўніца запрашае наведвальнікаў у віртуальна-рэальны шлях па старонках рамана: “Шлях у рамане — гэта сродак фарміравання героя, гэта спосаб праверкі — выпрабавання (набыцця вопыту), гэта выкананне клятвы, гэта пакаранне (пракляцце), гэта гульня, звязаная з маральным выбарам.

Шлях у Булгакава — заўсёды дакладна прачэрчаны маршрут, паказальныя знакі якога старанна зашыфраваны. Наша ж дарога абмежавана часам, прасторай і выпрабаваннямі”.

Вучні падзяляюцца на некалькі груп: гісторыкі, літаратуразнаўцы, псіхолагі, культуролагі, і кожная група атрымлівае сваё заданне. Гісторыкі павінны з дапамогай сэрвісу Dipity стварыць стужку часу, вывучыўшы гісторыю стварэння і час напісання рамана, гістарычную аснову твора; літаратуразнаўцам з дапамогай сэрвісу MindMeister неабходна стварыць ментальную карту аб жанравых асаблівасцях і аб разнастайнасці праблематыкі рамана. Псіхолагам прапаноўваецца з дапамогай сэрвісу LearningApps.org стварыць інтэрактыўны тэст, склаўшы дасье на герояў рамана (Воланда і яго світы), ці з дапамогай easel.ly — графік, псіхалагічную партытуру перажыванняў Понція Пілата, а культуролагам — з дапамогай сэрвісу Symbaloo стварыць вэбмікс, які раскрывае своеасаблівасць булгакаўскай “д’ябаліяды” ў свеце сусветнай літаратурнай традыцыі і ўтрымлівае інфармацыю аб экранізацыях і пастаноўках рамана. Прычым рэсурсы, неабходныя навучэнцам для праходжання квеста, сабраны на адпаведнай старонцы сайта.

Пры самаацэньванні і ўзаемаацэньванні Таццяна Іванаўна прапаноўвае навучэнцам выкарыстаць крытэрыі, якія ўключаюць ацэнку іх даследчай і творчай работы, якасці аргументацыі, глыбіні раскрыцця тэмы, арыгінальнасці работы і яе эстэтычнасці.

Другі этап падарожжа — рэальны — самы складаны, бо старшакласнікам неабходна абагульніць атрыманыя вынікі і ў рэжыме анлайн праверыць свае веды аб рамане. Заданні гэтага этапу немагчыма выканаць без вывучэння, сінтэзу і аналізу вынікаў віртуальнага этапу.

“Дарагія ўдзельнікі квеста, мы накіроўваемся ў рэальны шлях па старонках рамана М.Булгакава “Майстар і Маргарыта”, — звяртаецца да навучэнцаў Таццяна Іванаўна. — Яго можна назваць “самым прелестным сочинением” у рускай літаратуры XX стагоддзя. Праўда, успрымаць слова “прелесть” неабходна не толькі ў сучасным значэнні як чароўнасць, прывабнасць, прыгажосць, але і ў яго першапачатковым, старажытнарускім сэнсе: “прелесть” — гэта падман, хітрасць. А адправімся мы на булгакаўскім трамваі А (ці Аннушка). Ён, містычны, “…на Патриарших появился как “Летучий голландец”…, появился бесшумно, неожиданно…”.

Спачатку вучні прэзентуюць свае работы, выкананыя на віртуальным этапе, і знаёмяцца з вынікамі сама- і ўзаемаацэнкі. Старшакласнікі разгадваюць значэнне лагатыпу квеста (3М). Яны адзначаюць, што падчас работы над раманам М.Булгакаў вывучаў работы філасофскія, літаратурныя, гістарычныя. Сярод іх былі работы рэлігіёзнага дзеяча, філосафа і матэматыка П.А.Фларэнскага, які сцвярджаў, што лік “тры” ўяўляе сабой асноўную катэгорыю жыцця і мыслення. Слоўнік сімвалаў дае наступнае тлумачэнне лічбы: “Тры — гэта мінулае, цяперашняе і будучае, тры — сімвал трыадзінства і стварэння, востры і інтуітыўны розум, здольнасць хутка і лёгка засвойваць веды, тры — указвае на навуку, свет мастацтва, на ўсё, што служыць аддушынай чалавеку. Лічба тры — магічная лічба, яна ўвасабляе Святую Тройцу і звязана з цыклам нараджэння, жыцця і смерці. Літара М сімвалізуе “мир” (свет), а таксама ўнутранае “Я” чалавека, цэнтраімклівыя сілы, якія рухаюць свет да парадку.

Далей навучэнцы даведваюцца, што ў рамане мастацкае тлумачэнне рэчаіснасці па волі аўтара аформлена ў траістую структуру, якая стала асновай кампазіцыі рамана. Прычым настаўніца з каардынатара праекта пераўвасабляецца ў кандуктара трамвая, а веды вучняў становяцца аплатай за праезд. На кожным білеце напісана пытанне, на якое група павінна даць адказ. Вучні падарожнічаюць, прыпыняючыся на станцыях “Трыяда” (складаюць трыяду з 6 прапанаваных персанажаў, раскрываюць іх ідэйна-мастацкі змест, вызначаюць у тэксце іншыя паралелі), “Дэталь/вобраз” (даказваюць рад паралельных эпізодаў і апісанняў з дапамогай дэталі ці вобраза, такіх як лесвіца, натоўп, сонца/месяц, навальніца).

Заданне — расшыфраваць дары Воланда (сяброўка/квітнеючы вішнёвы сад/музыка Шуберта і гусінае пер’е/дом з венецыянскімі вокнамі) — удзельнікі квеста атрымліваюць на аднайменнай станцыі. Яны прыходзяць да высновы, што дары Воланда заўсёды маюць двайное дно: квітнеючы вішнёвы сад (май у рамане — агульны боль, кожны хоча штосьці забыць; вечна квітнеючы сад не пладаносіць — намёк на фізічнае бясплоддзе Маргарыты і на інтэлектуальнае бясплоддзе Майстра); музыка Шуберта і гусінае пер’е (гусінае пер’е — здзеклівасць, яно будзе драпаць пісьменніцкае сумленне, бо Майстар не зможа пісаць); дом з венецыянскімі вокнамі (у гатычных саборах вітражы становяцца крыніцай змроку, у сонечны дзень — радасці і святла. І для таго каб яны сталі другім, патрэбна святло. Пакой без святла — магіла)… Не варта зайздросціць долі Майстра. Той, хто ўсё жыццё сам сябе добраахвотна заключаў то ў музей, то ў падвал, то ў псіхушку, і пасля смерці не знойдзе свабоды. Можа быць, таму што Воландавы дары будуць не суцяшаць, а мучыць.

На станцыі “Інтэрв’ю ў літаратурнага героя” старшакласнікі адчуваюць сябе на месцы героя булгакаўскага рамана. Спачатку ім прапаноўваецца пазнаць саміх сябе (квестары атрымліваюць білеты, якія змяшчаюць слоўны партрэт свайго героя і, азнаёміўшыся з апісаннем, павінны сказаць, пра які персанаж ідзе гаворка). Надзеўшы маску таго ці іншага персанажа, вучні адказваюць на пытанні, звязаныя з жыццём гэтых персанажаў на старонках кнігі. Так, напрыклад, сярод пытанняў Майстру вучням прапаноўваецца наступнае: “Вы, безумоўна, памятаеце момант развітання з арбацкім падвальчыкам перад адпраўленнем у “вечны дом”, які вам “далі ва ўзнагароду”. “Но только роман, роман, роман возьми с собою, куда бы ты ни летел”, — пракрычала вам наўздагон Маргарыта. “Не надо”, — адказалі вы. Ваша дзецішча, галоўная праца ўсяго жыцця, была кінута вамі ў агонь, але літаральна адроджана з попелу дзякуючы Воланду, які сказаў, што рукапісы не гараць. Чаму ж вы не ўзялі раман з сабой у вечнае жыццё?” (“…Я помню его наизусть”.) Або пытанне да Маргарыты: “Самае падыходзячае для дамы пытанне — аб кветках. На стале ў вазах стая ць букеты. Выберыце там тры кветкі. Першую — тую, з пялёсткаў якой былі зроблены вашы бальныя туфлі. Далей знайдзіце тыя “отвратительные желтые цветы”, якія вы неслі ў руках, калі ўпершыню сустрэліся са сваім будучым каханым. Майстар прызнаўся вам, што ненавідзіць такія кветкі. А ці памятаеце вы, якія кветкі ён любіць больш за іншыя?” (Ружа, мімоза, ружа.)

Завяршаецца змястоўнае падарожжа падвядзеннем вынікаў, якое праходзіць у форме адкрытага мікрафона. Выкарыстоўваючы прыём “3+2+1” навучэнцам прапаноўваецца знайсці тры плюсы квеста, два мінусы і ўнесці адну прапанову па яго паляпшэнні.

Па словах Т.І.Саевіч, падарожнічаючы па старонках рамана, навучэнцы асвойваюць метады даследчай дзейнасці, развіваюць свае здольнасці і адкрываюць “прелесть” булгакаўскага сачынення. Навучэнец становіцца суб’ектам пазнавальнай дзейнасці, а не аб’ектам педагагічнага ўздзеяння. Вынікам работы становіцца актыўная творчая дзейнасць, далёкая ад простай рэпрадукцыі.

У рабоце па праекце прынялі ўд зел вучні з розных навучальных устаноў (каля 20 чалавек). Уражанні дзяцей дастаткова розныя, але ўсе навучэнцы былі здзіўлены тымі таямніцамі рамана, што раскрыліся перад імі. Раман нездарма стаў бестселерам сусветнай літаратуры. Вучні працавалі ў камандзе, мелі магчымасць пабудаваць сваю работу па прымальным для іх сцэнарыі. І хаця ўдзельнікам квеста былі рэкамендаваны для выкарыстання канкрэтныя праграмы, некаторыя з іх вырашылі прымяніць свае, якія найбольш былі па душы. Дзеці атрымалі магчымасць для натуральнага выяўлення сваіх жаданняў, пошуку. Акрамя таго, яны вельмі зацікавіліся спосабам работы. Некаторыя з іх прапанавалі распрацаваць вэб-квесты па раманах Л.Талстога “Вайна і мір”, М.Булгакава “Сабачае сэрца”.

— Вэб-квест “Прелестный роман” дазваляе аб’яднаць традыцыйныя і дыстанцыйныя формы навучання, садзейнічае павышэнню інтарэсу да чытання, інтэнсіфікацыі камунікацый і рэалізацыі крэатыўнага патэнцыялу. Гэтую форму работы неабходна працягнуць, зрабіць сістэматычнай. Ёсць задумка распрацаваць новы сеткавы праект з пяцікласнікамі, — гаворыць Таццяна Іванаўна.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.