Ведаць мову, каб мацней сябраваць

- 11:18Адукацыйная прастора

Першы ў Беларусі клас Канфуцыя на базе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі адкрыты ў сярэдняй школе № 44 Віцебска.

Школа з’яўляецца адной з першых у нашай краіне, дзе пачалося выкладанне кітайскай мовы. З 2016 года тут працуюць два лінгафонныя кабінеты, грант на набыццё абсталявання і мэблі для якога выдзеліла Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі. Сёння кітайскую мову як асноўную замежную, а таксама факультатыўна ва ўстанове адукацыі вывучаюць з 1 па 9 клас больш за 200 навучэнцаў. На працягу некалькіх гадоў прадстаўнікі школы становяцца пераможцамі заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па кітайскай мове і конкурсу “Мост кітайскай мовы”, які праводзіцца Пасольствам КНР. Сёлета скарбонка дасягненняў папоўнілася перамогай на І Рэспубліканскім дзіцячым музычным фестывалі “Кітайская зорка — 2018”.

Фота да матэрыялу: Ведаць мову, каб мацней сябраваць.— Супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кітаем у розных сферах бесперапынна расце. Актыўна пашыраюцца сувязі ў галіне культуры і адукацыі, і мы рады, што наша школа ў ліку перадавых у гэтым напрамку, — адзначыў дырэктар сярэдняй школы № 44 Сяргей Піталенка. — Перамовы аб адкрыцці ў нас кабінета Канфуцыя вяліся з 2016 года. Мы даволі доўга ішлі да ўзгаднення на ўзроўні штаб-кватэры інстытутаў Канфуцыя (Ханьбань). У сакавіку гэтага года было атрымана папярэдняе адабрэнне, пачаўся працэс збору дакументаў. Канчатковае рашэнне аб адкрыцці класа Канфуцыя было прынята 29 жніўня. Нам выдзелена фінансаванне ў памеры 30 тысяч долараў у эквіваленце на набыццё неабходнага абсталявання і вучэбных дапаможнікаў. Наведваць заняткі змогуць не толькі нашы навучэнцы, але і ўсе жадаючыя.

Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця класа Канфуцыя прынялі ўдзел прадстаўнікі Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, Пекінскага міжнароднага інстытута кітайскай мовы, 80-й міжнароднай сярэдняй школы Пекіна, рэгіянальных органаў кіравання адукацыяй і гарадской улады.

— Я ўпершыню прыехала ў Віцебск 8 верасня 2016 года і наведала сярэднюю школу № 44. Мяне ўзрушыла цёплая сустрэча і кранулі словы дырэктара, менавіта тады я прыняла рашэнне аб супрацоўніцтве з установай адукацыі і стварэнні класа Канфуцыя, — расказала віцэ-прэзідэнт Пекінскага міжнароднага інстытута кітайскай мовы Гуй Фань. — Пры адсутнасці прафесійных настаўнікаў у школе пачалі вывучэнне кітайскай мовы ў 2003 годзе, яе выкладалі кітайскія студэнты, якія вучыліся ў Беларусі; потым выкладаць прадмет сталі настаўнікі-валанцёры з Кітая. Такім чынам, наша партнёрства ажыццяўлялася больш за 10 гадоў. У нас ёсць выраз: “10 гадоў шліфавання — і жалезны прут ператворыцца ў іголку”. Гэта азначае, што калі вы старанна і настойліва робіце сваю справу, то абавязкова дасягнеце поспеху. Прыклад педагогаў і вучняў школы № 44 гэта пацвярджае.

Госця падзялілася ўражаннямі ад працягу знаёмства з абласным цэнтрам, наведвання музея-сядзібы І.Я.Рэпіна “Здраўнёва”, Дома-музея Марка Шагала і ўручыла Сяргею Піталенку сімвалічны падарунак — знак Канфуцыя.

— Віцебск — чысты, прыгожы, гасцінны горад. Людзі тут любяць мастацтва, — акцэнтавала ўвагу віцэ-прэзідэнт Пекінскага міжнароднага інстытута кітайскай мовы. — Мы спадзяёмся не толькі распаўсюджваць кітайскую мову і культуру праз стварэнне класа Канфуцыя, але і далучыць больш кітайскіх дзяцей і моладзі, каб яны прыязджалі сюды для вывучэння мастацтва, музыкі. Пасля таго як будзе завершана абсталяванне класа, мы накіруем сюды яшчэ аднаго настаўніка, што дазволіць павялічыць колькасць вучэбных гадзін. Таксама мы маем намер арганізаваць анлайн-навучанне, настаўнікі з Пекіна змогуць вучыць віцебскіх дзяцей праз інтэрнэт. У наступным годзе ў навучэнцаў з’явіцца магчымасць навучання ў летніх лагерах у Пекіне. Мы будзем старацца дапамагчы школе стварыць найлепшы клас Канфуцыя.

Дырэктар 80-й міжнароднай сярэдняй школы Пекіна Цянь Шулінь пазнаёміла са сваёй установай адукацыі і выказала ўпэўненасць у добрым плёне сумеснай работы з сярэдняй школай № 44 Віцебска.

— Наша школа вядомая ў Кітаі высокай якасцю падрыхтоўкі і дасягненнямі ў галіне навукі, спорту і інфарматыкі. У нас вучыцца амаль 4 тысячы навучэнцаў і працуюць 120 настаўнікаў, норма паступлення выпускнікоў ва ўстановы вышэйшай адукацыі складае 100 працэнтаў, — расказала Цянь Шулінь. — Мы міжнародная школа, у нас займаюцца навучэнцы са многіх краін; таксама мы маем сяброўскія адносіны з сярэднімі школамі больш як 20 краін свету. З 2010 года пачалі супрацоўніцтва з Пекінскім міжнародным інстытутам кітайскай мовы і адкрылі клас Канфуцыя ў Непале. Думаю, што ў супрацоўніцтве з Віцебскам мы атрымаем высокія вынікі, клас Канфуцыя будзе паспяховым, паспрыяе развіццю ўзаемаразумення паміж нашымі народамі і з’яўленню новых магчымасцей развіцця для моладзі абедзвюх краін.

Пра даўняе і цеснае сяброўства абласнога цэнтра і КНР праінфармаваў старшыня Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў Уладзімір Бялевіч. Па меркаванні кіраўніка гарадскога дэпутацкага корпуса, вывучэнне мовы той краіны, з якой ажыццяўляецца актыўнае ўзаемадзеянне, — надзейны падмурак далейшых і новых кантактаў. У перспектыве школы, у якіх будзе вывучацца кітайская мова, з’явяцца ў кожным раёне Віцебскай вобласці. У сувязі з гэтым адкрыццё класа Канфуцыя мае вялікае значэнне.

— На працягу больш чым двух гадоў я пастаянна адчуваю зацікаўленасць сваіх вучняў у вывучэнні кітайскай мовы ў школе, — заўважыла настаўнік-валанцёр Дун Інся. — Для кожнага вучня стала важным не толькі зразумець структуру і граматыку, але і адчуць унікальны характар кітайскай мовы і культуры. Клас Канфуцыя адкрыты, і я абяцаю, што заўсёды буду працаваць з поўнай самааддачай і энтузіязмам, перадаючы дзецям веды і прывіваючы ў іх любоў да прадмета.

Навучэнцы школы парадавалі гасцей сваімі творчымі талентамі. Самадзейныя спевакі ўразілі выкананнем знаёмай кожнаму беларусу “Чабурашкі” на кітайскай мове. Дарэчы, савецкія мультфільмы папулярныя ў Кітаі: яны не проста перакладаюцца — па іх здымаюцца рэмэйкі. У ліку прадэманстраваных танцавальных нумароў быў “Шэпт ветру”, з якім юныя артысты перамаглі на “Кітайскай зорцы — 2018”.

— Сёння ў горадзе ідзе першы снег, і ў такі прыгожы дзень мне асабліва прыемна ад імя Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Цуй Цыміна павіншаваць усіх прысутных са знакавай падзеяй і святам, — звярнулася да ўдзельнікаў урачыстасці першы сакратар Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь па справах адукацыі Лі Вэньхуа. — За апошнія гады супрацоўніцтва паміж Кітаем і Беларуссю ў сферы адукацыі дасягнулі значных поспехаў. Як мы ведаем, зараз у Беларусі дзейнічаюць 4 інстытуты Канфуцыя: пры Беларускім дзяржаўным універсітэце, Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце, Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, Гомельскім дзяржаўным універсітэце і адзін клас Канфуцыя пры Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры. Дзякуючы іх рабоце, пастаянна расце цікавасць людзей да вывучэння кітайскай мовы і культуры, пашыраюцца іх веды пра Кітай. У сярэдняй школе № 44 Віцебска выкладанне кітайскай мовы вядзецца больш за 15 гадоў. Клас Канфуцыя, на адкрыцці якога мы прысутнічаем, першы ў Беларусі на базе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі. Сённяшняе мерапрыемства— важная падзея для беларускіх школьнікаў і настаўнікаў, і мы, Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі, звяртаем на гэта вялікую ўвагу. Са свайго боку мы аказвалі, аказваем і акажам новаму класу Канфуцыя ўсебаковую падтрымку.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.