Старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Каранік сустрэўся са студэнтамі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.
У сустрэчы, якая прайшла ў фармаце дыялогавай пляцоўкі, прынялі ўдзел рэктар ГрДМУ Алена Краткова, прарэктары, дэканы факультэтаў, актыў студэнцкага самакіравання. Кожны меў магчымасць задаць сваё пытанне. Дарэчы, гэта ўжо не першая такая сустрэча. Студэнтаў цікавіла многае, пачынаючы ад развіцця эканомікі рэгіёна да праблем экалогіі. І ўсё ж большую частку часу размова датычылася медыцынскіх тэм. Будучыя медыкі хацелі пачуць адказы на пытанні, звязаныя з пандэміяй і вакцынацыяй насельніцтва, з удасканаленнем навучання ва ўніверсітэце, з перспектывамі размеркавання будучых выпускнікоў. Сустрэча насіла канструктыўны характар, была карыснай для моладзі і разам з тым атрымалася душэўнай.
— Дыялогавыя пляцоўкі — гэта ўжо традыцыйны фармат зносін з моладдзю. Калі з боку студэнтаў медыцынскага, аграрнага ўніверсітэтаў або ГрДУ імя Янкі Купалы ўзнікае патрэба задаць пытанні, пагутарыць, я заўсёды іду насустрач, — адзначыў Уладзімір Каранік. — Кожны жадаючы можа задаць пытанне, якое яго хвалюе. Папярэднія сустрэчы даказалі, што мы настроены на адкрытую размову і абмеркаванне любых тэм. Падкрэслю, асноўная задача органаў дзяржкіравання — накіраваць энергію моладзі ў рэчышча стварэння, не прымусіць нешта зрабіць, а даць вам інфармацыю, якая дазволіць зрабіць усвядомлены выбар.
Старшыня аблвыканкама пакрэсліў асноўныя напрамкі развіцця рэгіёна, у прыватнасці, сістэмы аховы працы. У вобласці працягваецца ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы медыцынскіх устаноў, напрыклад, закупка дыягнастычнага абсталявання для бальніц. Вопыт пандэміі паказаў, што ўзрастаюць патрабаванні да лабараторнай, інструментальнай дыягностыкі. Плануецца і будаўніцтва новай клінікі ў раёне 4-й гарадской бальніцы, што дазволіць ім аб’яднаць свае рэсурсы і стварыць медыцынскі міні-кластар. Працягваецца рэканструкцыя пад абласны анкадыспансер адной з бальніц.
Адказваючы на пытанне пра сітуацыю з каранавірусам і пра тое, якім чынам уратаваць сябе і сваіх блізкіх ад захворвання, Уладзімір Каранік сказаў:
— Самы эфектыўны спосаб барацьбы з пандэміяй — вакцынацыя. Але гэта не дае стапрацэнтнай гарантыі і не адмяняе неабходнасці выканання індывідуальных мер бяспекі — сацыяльнага дыстанцыявання і масачнага рэжыму. Усе мерапрыемствы, што праводзяцца на Гродзеншчыне, а гэта і кампанія па вакцынацыі, і выкананне мер бяспекі, дазволяць прайсці сезон пад’ёму рэспіраторных вірусных інфекцый з больш нізкімі паказчыкамі захворванняў і з меншай колькасцю цяжкіх выпадкаў.
У Гродзенскай вобласці першым кампанентам вакцынавана ў сярэднім 27,8 працэнта насельніцтва, і гэта трэці паказчык у рэспубліцы. Другім кампанентам — больш за 20 працэнтаў. Першапачаткова вялікую ўвагу ў рэгіёне ўдзялялі вакцынацыі работнікаў сістэмы аховы здароўя (сярод іх узровень прышчэпленых складае больш як 90 працэнтаў), сацыяльнай сферы, асабліва ва ўстановах з кругласутачным знаходжаннем людзей (больш як 92 працэнты), а таксама педагогаў, сярод якіх вакцынавана больш за 75 працэнтаў, а гэта ўжо перавышае той узровень, які фарміруе калектыўную абарону. Пад асаблівай увагай і пажылыя людзі, тыя, хто мае праблемы са здароўем. На сённяшні дзень у рэгіёне выйшлі на ўзровень вакцынацыі 7000 грамадзян у суткі.
Наколькі адказна адносяцца да вакцынацыі будучыя медыкі, расказала Алена Краткова. У ГрДМУ вакцынаваліся 84 працэнты студэнтаў, 75 працэнтаў супрацоўнікаў, а сярод прафесарска-выкладчыцкага складу гэты паказчык складае 86 працэнтаў. Прычым тэмпы растуць, кожны дзень тут робяць прышчэпкі практычна па 50 чалавек.
Старшыня аблвыканкама адказаў і на іншыя пытанні. А ў канцы сустрэчы, калі адзін са студэнтаў спытаўся, што моладзь можа зрабіць для свайго рэгіёна, параіў пасля заканчэння УВА застацца тут працаваць і накіраваць сваю энергію на карысць Радзімы.
Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.