Веліч гэтага праекта — у вялікай ідэі аб’яднання

- 9:45Інфармацыйная гадзіна

Праект па стварэнні Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка “Вялікі камень” з’яўляецца адкрытым для ўсіх партнёраў. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю Цэнтральнаму тэлебачанню Кітая (ССTV).

Прэзідэнт звярнуў увагу на той факт, што да праекта могуць далучацца і іншыя партнёры. “Пры стварэнні гэтага прамысловага кластара важна не дапусціць з’яўлення нейкіх раздзяляльных бар’ераў. Мы гэта ўлічвалі першапачаткова. Наш праект адкрыты для ўсіх і не накіраваны супраць каго б там ні было, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Веліч гэтага праекта — у вялікай ідэі аб’яднання (эканамічнага, гандлёвага), а следам за гэтым абавязкова прыйдзе аб’яднанне культур і людзей”.
Прэзідэнт Беларусі таксама падкрэсліў, што сама ініцыятыва стварэння эканамічнага пояса Шаўковага шляху — гэта вялікая ідэя ў імя аб’яднання і стварэння. І Кітайска-беларускі індустрыяльны парк “Вялікі камень”, які прызначаны стаць важным звяном на гэтым новым шляху, на думку кіраўнікоў дзвюх краін, можа стаць яго жамчужынай.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: “Мы чакаем (і пачалі ўжо ажыццяўляць гэтую ідэю) самых сур’ёзных інвестыцый у гэты праект на тэрыторыі Беларусі. Наша з Сі Цзіньпінам строгае патрабаванне — тут павінны быць створаны прадпрыемствы, якія выпускаюць прадукцыю новага пакалення”.
“Рэспубліка Беларусь — гэта цэнтр Еўропы, а ЕС — гэта высокатэхналагічны саюз, — прадоўжыў кіраўнік дзяржавы. — Ствараць тут прадукцыю мінулага стагоддзя і спрабаваць потым яе прадаць на гэтых рынках — бесперспектыўна. Таму трэба ствараць вельмі высокага ўзроўню прадукцыю, каб потым яе рэалізоўваць”.
На думку прэзідэнта, Беларусь як ніякая іншая краіна гатова і падыходзіць для гэтага. Асабліва з улікам развітой інфраструктуры — чыгункі, аўтамабільных дарог, паветранага транспарту, паколькі тут скрыжаванне гэтых шляхоў. Акрамя таго, новыя магчымасці адкрываюцца са стварэннем Еўразійскага эканамічнага саюза, актыўным членам якога з’яўляецца Беларусь.
Інтэрв’ю Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі Цэнтральнаму тэлебачанню Кітая ССTV увойдзе ў 6-серыйны дакументальны фільм пад назвай “Адзін пояс, адзін шлях”.
Фільм прысвечаны эканамічнаму поясу Шаўковага шляху. Аўтары кінакарціны плануюць у тым ліку асвятліць поспехі беларуска-кітайскага супрацоўніцтва. Фільм выйдзе ў эфір Цэнтральнага тэлебачання Кітая ў чэрвені 2016 года.
У ходзе інтэрв’ю Прэзідэнт Беларусі адказаў на шэраг пытанняў адносна найбольш значных вынікаў і перспектыў беларуска-кітайскага супрацоўніцтва. Акцэнт быў зроблены на ўдзеле нашай дзяржавы ў рэалізацыі кітайскай канцэпцыі па будаўніцтве эканамічнага пояса Шаўковага шляху.
ССTV — найбуйнейшая ў Кітаі дзяржаўная тэлекампанія, якая ажыццяўляе вяшчанне з 1958 года.