Людміла Браніславаўна ПАДЛУЖНАЯ, член Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы і культуры Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Аб краіне
Мая Радзіма — гэта і мой род (продкі, бабулі, дзядулі, бацькі, дзеці), і месца, дзе нарадзілася, жыву, люблю, працую. Гэта тое месца, куды адчайна хачу вярнуцца, дзе б я ні была.
Сёння ў святле падзей, якія адбываюцца ў нашай краіне і свеце, асабліва відавочна: патрыятызм выступаў і выступае галоўным аб’яднальным фактарам, які дапамагае нашаму беларускаму народу пераадолець нягоды, выстаяць у цяжкія перыяды гісторыі. Не можа лічыцца цывілізаваным грамадства, калі яго грамадзяне не будуць адчуваць патрэбу беражліва ставіцца да сваёй Айчыны, яе вытокаў, культурных і гістарычных каштоўнасцей, ганарыцца сваёй краінай.
Абсалютна пераканана, што галоўнае ў патрыятычным выхаванні — гэта асабісты прыклад дарослых грамадзян дзяржавы, калі дзеці ў штодзённым жыцці бачаць станоўчыя моманты беражлівых адносін да роднай прыроды, краю, да свайго блізкага, сваёй Айчыны. Я ўпэўнена, што ўсё пачынаецца з сям’і, але ў выхаванні грамадзяніна таксама вельмі важная роля школы і грамадства. Аднак сёння простыя гутаркі аб патрыятызме не даюць жаданага выніку. Патрэбны іншыя формы і метады работы з падрастаючым пакаленнем, такія як праекты “100 ідэй для Беларусі”, “Патрыёт.by”, “Падарожжа па малой радзіме”, “Збяры Беларусь у сваім сэрцы” і г.д. Дзеці ўключаны ў пошукава-даследчую і валанцёрскую дзейнасць, у работу пошукавых клубаў і ваенна-патрыятычных аб’яднанняў, у экскурсійную дзейнасць. Усё гэта садзейнічае выхаванню сапраўднага грамадзяніна і патрыёта сваёй краіны. Гэтаму ж будуць садзейнічаць і праект Праграмы патрыятычнага выхавання насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2022—2025 гады, які шырока абмяркоўваецца па ўсёй краіне, Стратэгія развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь на перыяд да 2030 года.
Аб адукацыі
Неабходна разумець, што, нягледзячы на крытыку, якая выказваецца часам, беларуская сістэма адукацыі працуе стабільна, і добрага ў ёй зроблена нямала. Міжнародныя адукацыйныя рэйтынгі сведчаць аб тым, што нашы УВА займаюць высокія пазіцыі. Напрыклад, БДУ займае пазіцыю вышэйшую, чым Маскоўскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя Баўмана. Не адстае і агульная сярэдняя адукацыя. Навучэнцы школ на міжнародных прадметных алімпіядах бяруць прызавыя месцы па хіміі, біялогіі, матэматыцы… Дзякуючы мэтанакіраванай дзяржаўнай палітыцы, у сферы дашкольнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь захавалася ўнікальная сетка дашкольных устаноў, якая да гэтага часу служыць прыкладам для краін постсавецкай прасторы. Значыць, сістэма адукацыі працуе!
Нягледзячы на тое, што адукацыя па сваёй сутнасці вельмі кансерватыўная сістэма, даўно наспела неабходнасць унесці змяненні ў так званую канстытуцыю сістэмы адукацыі — Кодэкс аб адукацыі. У час работы над праектам Кодэкса аб адукацыі вялася работа па вывучэнні меркаванняў педагагічнай грамадскасці. На сустрэчах у працоўных калектывах, у гутарках з педагогамі выказваліся розныя меркаванні і пажаданні. Размова ішла і аб матэрыяльным стымуляванні работы педагогаў дашкольнай адукацыі, і аб павышэнні кваліфікацыі педагагічных работнікаў у частцы работы з сучаснымі сродкамі камунікацыі, і аб аўтаматызаваным усенавучы, і аб памяншэнні дакументаабароту (напрыклад, пажаданне пакінуць або электронны журнал, або звычайны), і аб павышэнні адказнасці бацькоў за сваё дзіця, і аб абавязковым уключэнні ў адукацыйную праграму наведвання памятных месцаў навучэнцамі школы, і аб матэрыяльным аснашчэнні школьных кабінетаў. Прапаноўвалася нават увесці ў штат школы практыкуючага псіхолага-медыятара, які будзе займацца пытаннямі мікраклімату ў калектыве, праводзіць актыўныя трэнінгі сярод настаўнікаў па практычнай псіхалогіі.
Праект новага Кодэкса, які падрыхтаваны да разгляду ў другім чытанні, з’яўляецца доўгачаканым, запатрабаваным і нясе ў сабе мноства навацый.
Пра сябе
Для большасці з нас шляху прафесію невыпадковы. У мае школьныя гады аўтарытэт настаўніка быў вельмі высокі. Да гэтага часу памятаю сваю першую настаўніцу Зінаіду Міхайлаўну Карпіловіч, дзякуючы якой у мяне назаўсёды засталося жаданне быць настаўнікам. У любым выпадку мне шанцавала з настаўнікамі і ў школе, і ў прафесіі, і ў жыцці. Іх прыклад і стаў вызначальным у маім выбары.
Ганаруся тым, што з’яўляюся выпускніцай Сеніцкай сярэдняй школы Мінскага раёна, якая мае векавую гісторыю, якая славілася сваімі традыцыямі і трываласцю сувязей пакаленняў. Ганаруся, што ў ёй вучыліся мае дзеці, што ў нашай школе вучыўся Янка Купала. Але больш за ўсё ганаруся поспехамі цяперашняй, сучаснай школы, дырэктар якой, Алена Леанідаўна Буцэнка, з’яўляецца кіраўніком-лідарам Мінскай вобласці і пераможцай ХIII Рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года — 2020”.
Я ніколі не шкадавала, што выбрала работу з дзецьмі дашкольнага ўзросту. Пасля школы паступіла ў Мінскае педагагічнае вучылішча на факультэт дашкольнага выхавання. Скончыла факультэт псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка, атрымала дадатковую спецыяльнасць “Менеджар у адукацыі” ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Была кіраўніком ясляў-сада п.Юбілейны і дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Каласок”. Больш за 10 гадоў з’яўлялася кіраўніком метадычнага аб’яднання для кіраўнікоў устаноў дашкольнай адукацыі Мінскага раёна, членам Савета дырэктараў Мінскай вобласці, членам Рэспубліканскага савета кіраўнікоў устаноў дашкольнай адукацыі.
Паралельна займалася грамадскай работай. Двойчы выбіралася дэпутатам раённага Савета дэпутатаў, дэпутатам абласнога Савета дэпутатаў. І побач заўсёды былі людзі, якіх вельмі люблю і паважаю, з якімі можна і ў разведку, і ў агонь, і ў ваду. Людзі надзейныя, высокаінтэлектуальныя, прафесійныя.
Я прыйшла ў парламент з жаданнем працаваць і многаму вучыцца. Работа дэпутата шматвектарная, карпатлівая, складаная, адрозніваецца разнастайнасцю паўнамоцтваў. Складана было напачатку. Аднак я заўсёды гляджу на жыццё з аптымізмам. Веру ў сябе і свае сілы, у сваю сям’ю! Веру ў нашу моцную і незалежную дзяржаву! І спадзяюся, што і праз 10 гадоў буду карысная сваёй Радзіме!
Падрыхтавала Наталля КАСТЭНКА.