Віцебшчына інавацыйная: рэсурс развіцця дадатковай адукацыі

- 10:21Дадатковая адукацыя

У Віцебскай вобласці адбылося двухдзённае пасяджэнне рэспубліканскай навукова-метадычнай секцыі намеснікаў дырэктараў па вучэбна-метадычнай рабоце ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Інавацыйная дзейнасць як рэсурс развіцця дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”.

— Установы дадатковай адукацыі з’яўляюцца важным, запатрабаваным складнікам рэспубліканскай сістэмы адукацыі і арганічна спалучаюць у сабе выхаванне, навучанне і развіццё асобы дзіцяці, яго сацыяльнае і прафесійнае самавызначэнне, — зазначыла дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Надзея Васільчанка. — Сёлета Віцебшчына выступае як аб’ект вывучэння лепшага вопыту па рэалізацыі адукацыйных праграм павышанага ўзроўню. Калі глядзець гістарычна, першы ўзор метадычнай дзейнасці нам прадставіла метадыст Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Наталля Харытонава, і на яе прыкладзе вучыліся ўсе метадычныя службы краіны. На дадзены момант працу вобласці па арганізацыі метадычнай работы таксама ў пэўнай ступені можна назваць узорнай — гэта вельмі ганарова і адказна.

Надзея Васільчанка нагадала пра задачы, пастаўленыя перад сістэмай дадатковай адукацыі на найбліжэйшую перспектыву. Асобную ўвагу засяродзіла на неабходнасці актывізацыі ўзаемадзеяння з абласнымі інстытутамі развіцця адукацыі і больш эфектыўнай падрыхтоўкі да ўдзелу ў рэспубліканскіх і міжнародных мерапрыемствах, арганізацыі заняткаў у шосты школьны дзень, пытаннях маніторынгу метадычнага забеспячэння рэгіянальных устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, рэалізацыі праграмы дадатковай адукацыі ў галіне робататэхнікі.

— Малады Наваполацк і найстаражытнейшы ў Беларусі Полацк — адначасова дыяметральна супрацьлеглыя і вельмі падобныя, — адзначыў начальнік аддзела выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Валерый Кунашка. — У тым ліку і ў падыходзе да пытанняў рэалізацыі маладзёжнай палітыкі, якім тут надаецца выключнае значэнне. Нездарма Наваполацк першым у краіне ў 2013 годзе быў прызнаны горадам, дружалюбным да дзяцей, а праз год гэтае ганаровае званне атрымаў Полацк — сёлетняя маладзёжная сталіца нашай краіны. Установы дадатковай адукацыі Полаччыны і Наваполацка маюць выдатныя традыцыі і ўнікальны інавацыйны вопыт, вартыя вывучэння і пераймання.

Сістэмаўтваральным цэнтрам у развіцці дадатковай адукацыі на рэгіянальным узроўні з’яўляецца Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі, які ажыццяўляе сеткавае ўзаемадзеянне раённых і гарадскіх устаноў дадатковай адукацыі, арганізоўвае работу па павышэнні прафесійнай кампетэнтнасці педагагічных кадраў, навукова-метадычным суправаджэнні дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

— Паспяховаму вызначэнню стратэгіі развіцця, каардынацыі дзейнасці, стварэнню адзінай інфармацыйнай прасторы садзейнічае работа абласнога савета дырэктараў як калегіяльнага дарадчага органа, — падзялілася вопытам выконваючая абавязкі дырэктара Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Наталля Камінская. — З мэтай павышэння прафесійнай кампетэнтнасці кіруючых работнікаў на нашай базе арганізавана работа абласной школы кіраўніцкага майстэрства. На якасна новы ўзровень у арганізацыі ўзаемадзеяння з метадычнымі службамі вобласці дазволілі выйсці арганізацыя працы абласных стажорскай пляцоўкі “Прафесійнае станаўленне метадыста ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі” і вочна-завочнай навукова-метадычнай лабараторыі “Пошук”, у якой разам з дасведчанымі намеснікамі дырэктараў, загадчыкамі вучэбна-метадычных кабінетаў і метадыстамі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі нашых устаноў задзейнічаны вядучыя вучоныя ВДУ імя П.М.Машэрава.

У вобласці ўкараняецца больш за 30 лакальных інавацый і новых практык развіцця дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. На базе лепшых устаноў дзейнічаюць раённыя рэсурсныя цэнтры. У рамках рэспубліканскага інавацыйнага праекта НЦМТДіМ “Фарміраванне інавацыйна-актыўнага асяроддзя ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі як умова павышэння якасці дадатковай адукацыі” на базе 9 вядучых устаноў рэгіёна створаны і функцыянуюць апорныя метадычныя пляцоўкі па трох інавацыйных галінах.

Палац дзяцей і моладзі Наваполацка працуе з 1967 года.

— Нашы асноўныя заказчыкі — бацькі, якія жадаюць бачыць сваіх дзяцей паспяховымі, — сказала дырэктар Палаца дзяцей і моладзі Наваполацка Наталля Серакова. — Мы можам ім прапанаваць велізарны інтэлектуальны, творчы патэнцыял нашых педагогаў і вопыт работы ў сістэме дадатковай адукацыі, а таксама шырокі выбар заняткаў па інтарэсах і прыдатныя ўмовы для творчасці. З 2009 года мы ўдзельнічаем у семінарах праграмы ТАСІС ЕС, праграмы транснацыянальнага і трансгранічнага супрацоўніцтва, накіраваных на развіццё сяброўскіх сувязей паміж памежнымі рэгіёнамі розных краін, а з 2010 года прымаем актыўны ўдзел у распрацоўцы мясцовай павесткі 21, на цяперашні час рэалізавана 5 праектаў. Мэта новага глабальнага праекта “Ад інклюзіўнай школы — да інклюзіўнага горада”, у якім мы з’яўляемся партнёрамі, — інтэграцыя дзяцей-інвалідаў і дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў адукацыйнае асяроддзе і забеспячэнне для іх псіхолага-педагагічнай падтрымкі, даступнасці якасных адукацыйных паслуг. Яшчэ адна глабальная ініцыятыва, якую мы актыўна падтрымліваем, — “Горад, дружалюбны да дзяцей”.

Па выніках рэалізацыі міжнароднага даследчага праекта “Менеджмент выхаваўчага працэсу ў адукацыйнай установе” калектыў добра зарэкамендаваў сябе як удзельнік метадычнай кластарнай мадэлі. Работа па стварэнні інфармацыйна-адукацыйнай прасторы ў фармаце сеткавага ўзаемадзеяння працягвалася ў ходзе абласной метадычнай акцыі “Установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі: сумеснымі намаганнямі да новай якасці адукацыі”. З 2016 года ў рамках рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Фарміраванне інавацыйна-актыўнага асяроддзя ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі як умова павышэння якасці дадатковай адукацыі” на базе вучэбна-метадычнага комплексу палаца дзейнічае апорная метадычная пляцоўка.

У першы дзень гасцям Наваполацка прэзентавалі майстар-класы “Креатив.by”, галерэю творчасці і дасягненняў навучэнцаў аб’яднанняў па інтарэсах, выставу метадычных матэрыялаў і педагагічнага вопыту, творчую прэзентацыю мастацкіх калектываў навучэнцаў і педагогаў Палаца дзяцей і моладзі Наваполацка. На другі дзень мерапрыемства (на базе Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі) удзельнікі пасяджэння пазнаёміліся з інавацыйным вопытам раёнаў на прыкладзе дзейнасці ўстаноў дадатковай адукацыі Аршанскага, Лепельскага, Чашніцкага, Расонскага раёнаў. У завяршэнне адбыўся круглы стол па актуальных пытаннях сумеснай працы ў рамках рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі рэспубліканскага метадычнага кластара як рэсурсу развіцця дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”, у ходзе якога былі абмеркаваны пытанні стварэння адзінай інтэрнэт-пляцоўкі як інфармацыйнага рэсурсу развіцця рэспубліканскага метадычнага кластара, рэалізацыі кластарных ініцыятыў апорных метадычных пляцовак, а таксама падведзены вынікі работы навукова-метадычнай секцыі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.