Відэаролікі сталі галоўным прадуктам праекта шостага школьнага дня “Мы — беларусы!”. Ён пачаўся ў 2021 годзе і прадоўжыцца да 2026 года. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Хрысціна Генадзьеўна Прымакова-Пінчук, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, расказвае: “Наш праект рэалізуецца ў комплексе па пяці кірунках: “Ад роду да роду”, “Спадчына”, “Падарожжа па краіне беларусаў”, “Мой горад” і “Памяць і боль перажытага”. Кожны месяц адзначаецца тэматыкай аднаго з гэтых кірункаў, і з ёй сугучная кожная субота месяца. Усе кірункі паміж сабой пераплятаюцца і дапаўняюць адзін аднаго”.
Так, напрамак праекта “Ад роду да роду” падштурхоўвае дзяцей з дапамогай сваіх бацькоў і сваякоў вывучаць гісторыю свайго роду, паходжанне прозвішча і лёс прадзедаў. Школьнікі складаюць радаводы, прымаюць удзел у конкурсах малюнкаў “Мая сям’я” і фотаздымкаў “Адзін дзень з жыцця маёй мамы” і “Захапленне майго таты”, сустракаюцца з выпускнікамі школы, вывучаюць сямейныя і школьныя традыцыі. Каб падзяліцца сямейным цяплом з тымі, каму гэтага не хапае, школьнікі наведваюць тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, з міні-канцэртамі выязджаюць да пажылых людзей, якія знаходзяцца на сацыяльным забеспячэнні ў бальніцах. Сіламі навучэнцаў, педагогаў і выпускнікоў складаецца летапіс школы. Навучэнцы знялі відэа “Мы захаваем”, “Сучасны ўрок вачыма дзяцей”, “Настаўнік-наватар Усава Валянціна Іванаўна”, серыю відэаролікаў “Мая прафесія настаўнік”.
У межах кірунку “Спадчына” ў першую чаргу папулярызуецца родная мова, педагогі праводзяць тыдзень беларускай мовы і літаратуры, Міжнародны дзень роднай мовы. Дзеці ўжо знялі серыю відэаролікаў “Размаўляй са мной на роднай мове”, паўдзельнічалі ў акцыях “Перакладчык”, “Ў”, “Песні маёй краіны”, “Васілёк” і інш. Цяпер яны складаюць слоўнік дыялектаў калінкавіцкай зямлі, дзе адлюстроўваюць адметнасці гутарковай мовы. Каля трэці навучэнцаў школы — цыгане, таму далучэнне да іх культурных традыцый вылілася ў стварэнне цыганскага ансамбля “Бахталэ чая” (“Шчаслівыя дзяўчаты”).
Найбольшая колькасць відэаролікаў была знята ў межах кірункаў “Падарожжа па краіне беларусаў” і “Мой горад”, якія дазволілі школьнікам павандраваць па родным краі. Дзеці зманціравалі яркія сюжэты з усіх абласных цэнтраў, з шэрага музеяў, прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў горада і раёна і інш. А яшчэ стварылі інтэрактыўную гульню “Калінкавічы — месца на карце Беларусі” і пачалі распрацоўку сайта “Гомельшчына ўнікальная”. У школе праводзіцца конкурс турыстычных маршрутаў па калінкавіцкай зямлі. Навучэнцы вывучаюць памятныя мясціны горада і раёна, а затым прэзентуюць свае праекты і выпускаюць буклеты.
Суботы па тэме “Памяць і боль перажытага” прысвечаны памяці аб войнах XX стагоддзя. На відэа дзеці захоўваюць успаміны тых, у чыім жыцці была Вялікая Айчынная вайна, вайна ў Афганістане, разважаюць пра войны ў лёсах людзей, а таксама аказваюць пасільную дапамогу іх удзельнікам.
“Усе нашы відэаматэрыялы размяшчаюцца на сайце школы і на яе YouTube-канале, каб іх маглі выкарыстоўваць падчас урокаў і выхаваўчых мерапрыемстваў педагогі не толькі нашай школы, але і іншых”, — адзначаюць аўтары праекта.
Святлана НІКІФАРАВА