Відэасюжэты пра байцоў 251-й стралковай дывізіі створаць у Віцебскім індустрыяльна-тэхналагічным каледжы

- 16:06Новости

Новы пошукава-даследчы праект Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа прысвечаны воінам 251-й стралковай дывізіі, якая вызваляла Віцебск ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Праект працягвае вялікую музейную работу, што пад кіраўніцтвам выкладчыка Анатоля Бурдо вядуць навучэнцы каледжа. Анатоль Аляксеевіч удзельнічаў у самым першым усесаюзным зборы пошукавікаў  у 1988 г.  Лёс гэтага чалавека — яркі прыклад служэння Радзіме і прафесійнаму прызванню, у якім галоўным складнікам ён лічыць выхаванне моладзі.

Анатоль Бурдо — адзін з заснавальнікаў і на працягу чатырох дзесяцігоддзяў нязменны кіраўнік Віцебскага маладзёжнага грамадскага аб’яднання «Ваенна-патрыятычны клуб «Пошук». Вытокі захаплення пошукавай справай — у пасляваенным юнацтве педагога. У 7-м класе ен узяўся даследаваць гісторыю камсамольскай арганізацыі Асіповіцкага раёна, якая, дарэчы, па часе ўзнікнення — з ліку першых на тэрыторыі Беларусі. Школьнік сустракаўся з яе ўдзельнікамі, занатоўваў матэрыялы ў альбом.

— Там практычна ўсе былі франтавікі, — успамінае Анатоль Бурдо. — Прыкіпеў да тэмы, бо мне гэта блізкае з дзяцінства. Бацька мой ваяваў: камандаваў узводам падрыўнікоў у партызанскай брыгадзе імя Аляксея Брагіна, змагаўся з ворагам у дзеючай арміі. Ведаю, што на баявым рахунку бацькі тры ўзарваныя фашысцкія эшалоны. Пра вайну ён не любіў расказваць. Вяртаючыся да маёй першай даследчыцкай работы: альбом насамрэч змястоўны атрымаўся, яго потым забраў у архіў Нацыянальны мастацкі музей.

У Беларусі і далёка за яе межамі майго суразмоўніка ведаюць як стваральніка і дырэктара Народнага музея баявой славы Віцебскай Чырванасцяжнай ордэна Суворава 251-й стралковай дывізіі, адкрытага на базе прафесійна-тэхнічнага вучылішча № 19 (цяпер гэта Віцебскі дзяржаўны індустрыяльна-тэхналагічны каледж) у 1988 г.

— Калі пачаў працаваць у вучылішчы, яшчэ больш паглыбіўся ў пошук. Тады за ўстановамі адукацыі замацоўвалі вайсковыя часці, якія вызвалялі горад. Мы з навучэнцамі наладзілі шэфскія кантакты з 251-й стралковай дывізіяй, — кажа педагог. — На 40-годдзе Перамогі мяне запрасілі ў Маскву, на сустрэчу з ветэранамі. Адзін з іх вазьмі ды запытайся, ці ёсць у Віцебску музей, прысвечаны дывізіі. Здаецца, простае пытанне — аднак зачапіла за жывое. Прызнаўся, што пакуль няма. І паабяцаў: абавязкова будзе!

У вучылішчы прапанова стварыць музей знайшла гарачы водгук. Выкладчыкі і моладзь актыўна далучыліся да пошуку, перапіскі, збору матэрыялаў. Спіс франтавікоў і іх блізкіх, з кім наладзілі сувязь, за невялікі час вырас з пятнаццаці да паўтысячы чалавек. Праз тры гады напружанай працы музей адкрылі. Наколькі важнай была падзея для ветэранаў дывізіі, сведчыць статыстыка: каля 250 з іх прысутнічалі на ўрачыстасці, а прыехалі ж яшчэ родныя, сябры! Многія прывезлі ў падарунак музею асабістыя рэчы, дакументы і фотаздымкі. Музейныя фонды з кожным годам папаўняліся, у тым ліку дзякуючы пошукавым экспедыцыям. Здаралася, экспанаты знаходзілі літаральна на вуліцы. Напрыклад, пачак сатырычных газет «Раздавім фашысцкую гадзіну» навучэнцы заўважылі ля смеццевага бака. Прыбеглі да Анатоля Аляксеевіча з выратаванай каштоўнасцю, у вачах радасць ад знаходкі напалам з абурэннем: «Як жа ў некага рукі падняліся выкінуць?!»

— У 1991-м наш музей атрымаў званне «народны» і некалькі разоў яго пацвярджаў, — працягвае Анатоль Аляксеевіч. — Сабрана велізарная колькасць матэрыялаў: на сёння асноўны фонд прыблізна каля трох тысяч, дапаможны — каля васьмі. Раней экспазіцыі размяшчаліся ў калідоры на 4-м паверсе асноўнага будынка. Цяпер, дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва каледжа і гранту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у нас асобнае памяшканне з сучасным рамонтам і афармленнем. Душа радуецца, бо фактычна музей атрымаў другое нараджэнне. Засталося ўстанавіць вітрыны для экспанатаў, на гэта зноў жа трэба сродкі.

Гранта Кіраўніка дзяржавы ў галіне маладзёжнай палітыкі Анатоль Бурдо быў удастоены летась за распрацоўку і ўкараненне праекта «Жывая памяць», які ўключаў таксама пошукава-архіўныя мерапрыемствы, стварэнне навучэнскага пошукавага атрада «Памяць пакаленняў», падрыхтоўку валанцёраў-экскурсаводаў. У ходзе ажыццяўлення ініцыятывы істотна папоўнены музейныя фонды, арганізаваны акцыі памяці і конкурсы па ваенна-патрыятычнай тэматыцы. Экскурсіі за перыяд рэалізацыі праекта праведзены для амаль 5 тыс. навучэнцаў і студэнтаў. Сярод тых, хто за гэты час наведаў музей, — дзясяткі ўдзельнікаў пошукавых аб’яднанняў з нашай краіны і замежжа, прадстаўнікоў сем’яў воінаў 251 стралковай дывізіі, 65 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Вынікі даследаванняў, інавацыйныя музейныя распрацоўкі па матэрыялах праекта ўжо знайшлі ўкараненне як у адукацыйным працэсе каледжа, віцебскіх школ і ваенна-патрыятычных клубаў на іх базе, так і ў дзейнасці дзяржаўнага ваенна-гістарычнага музея-запаведніка «Прохараўскае поле» (Расійская Федэрацыя).

Між тым з гэтага навучальнага года каледж прыступіў да рэалізацыі новага буйнога праекта на базе музея, зараз ідзе падрыхтоўчы этап. Ініцыятыўная група плануе стварыць шэраг відэасюжэтаў пра байцоў і камандзіраў дывізіі з выкарыстаннем сабраных у музеі матэрыялаў, уключаючы вынікі даследаванняў, фотаздымкі, дакументальную хроніку. Да здымак мяркуюць запрасіць прафесійнага рэжысёра. Разам з музейным актывам да работы далучацца навучэнцы і педагогі каледжа. У выніку эскпазіцыі стануць інтэрактыўнымі. Наведвальнікі змогуць больш поўна паглыбіцца ў ваенныя падзеі, пачуць галасы воінаў-вызваліцеляў, уявіць сябе на іх месцы. Таксама будзе расказана пра пасляваеннае жыццё герояў.   

У выхаванні моладзі надаецца вялікае значэнне ваенна-патрыятычнаму напрамку. Музейная і пошукавая дзейнасць тут важная асабліва, — упэўнены А. Бурдо. —  Калі малады чалавек прачытае пра мінулае ў падручніку і калі ён жа патрымае ў руках прабітую куляй каску абаронцы Айчыны, пабудзе ў экспедыцыі — зусім розныя ўзроўні ўспрымання падзей. Тым больш, калі ён сам па інфармацыі з архіваў установіць імя невядомага салдата, а потым адшукае месца, дзе ён ляжыць, паўдзельнічае ў перапахаванні, пагаворыць з яго роднымі і аднапалчанамі. Выдатна, калі навучэнцы бяруць шэфства і дапамагаюць ветэранам, людзям шаноўнага ўзросту. А пошукавікі яшчэ і адчуваюць звышкаштоўнасць такіх сустрэч для сябе і сваёй справы, у іх абвострана пачуццё сувязі пакаленняў. Калі мы з навучэнцамі вядзём перапіску, адпраўляем святочныя віншаванні ветэранам — гэта не фармальнасць, а найперш велізарныя павага і ўдзячнасць. Бо за прозвішчамі дзеці бачаць лёсы людзей, якія для іх пасля ўдзелу ў пошуку не чужыя. Яны разумеюць, што знаёмыя і незнаёмыя лёсы складваюцца і абумоўліваюць падзеі, маштабныя гістарычныя працэсы. І адчуваюць уласную адказнасць за будучыню Радзімы. Калі будзе трэба — стануць на яе абарону. Пошук выхоўвае патрыётаў.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара