Віктар Чэрнік: «У школе як у футболе. Галоўнае — гэта каманда аднадумцаў»

- 16:10Персона

Для Лунненскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета, што ў Мастоўскім раёне, Год міру і стварэння праходзіць пад знакам лідарства. Па выніках 2022 года школа была прызнана лепшай у вобласці і краіне сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якія размешчаны ў сельскай мясцовасці. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Пра шлях да такой вышыні дырэктар установы Віктар Мечыслававіч Чэрнік расказваў з рэдкімі паўзамі-прыпынкамі ў размове. Кіруе зладжаным калектывам ён ужо 36 гадоў. За гэты час вывеў сваю формулу поспеху і ўпэўнены, што да такіх жа дасягненняў яна можа прывесці кожнага сапраўды ў гэтым зацікаўленага.

Пра свой шлях у педагогіку дырэктар расказвае, перабіраючы ў памяці дзясяткі цёплых успамінаў. Яго жыццёвы вопыт — гэта прыклад, калі жыхар абласнога цэнтра трапіў у раён і стаў лепшым у справе, якую выбраў.

— Нарадзіўся і вырас у Гродне, але калі ў 1985 годзе скончыў рэгіянальны ўніверсітэт, як настаўнік матэматыкі пачаў працаваць на Мастоўшчыне — у Малькавіцкай сярэдняй школе. Праз год таксама настаўніцай матэматыкі па размеркаванні сюды прыйшла мая тады толькі будучая жонка Алена Міхайлаўна. Атрымліваецца, што нават галоўнаму поспеху — пошуку спадарожніцы на ўсё жыццё — я абавязаны выбранай прафесіі, — з усмешкай гаворыць суразмоўнік.

Аксіёма Чэрніка

Малады настаўнік Віктар Чэрнік заўсёды ўмеў заахво­ціць і прывабіць да сябе дзяцей. Да таго ж вылучаўся яшчэ і шырокім колам інтарэсаў. У свой час Віктар Мечыслававіч скончыў музычную школу, віртуозна іграў на акардэоне і добра спяваў, а вольны ад заняткаў час прысвячаў яшчэ і прафесійным гульням у футбол. Хутка слава пра неардынарнага педагога разляцелася вельмі далёка. Менавіта з гэтай нагоды па цікавы матэрыял спяшаўся да яго карэспандэнт рэспубліканскай газеты “Чырвоная змена”. Вынікам іх сустрэчы стаў матэрыял “Аксіёма Чэрніка”, які Віктар Мечыслававіч шмат гадоў (з 1986 года!) захоўвае сярод важных дакументаў і грамат.

— Ужо ў 1988 годзе мне прапанавалі ўзначаліць адну з самых вялікіх школ раёна — Лунненскую. Памятаю, па параду тады звярнуўся да баць­кі, які сказаў: “Паспрабуй, сынок, усё атрымаецца”, — успамінае Віктар Чэрнік і дадае, што ўпершыню пераступаў парог школы як дырэктар не без хваляванняў.

Задачы для маладога кіраўніка

Прычын для гэтага было шмат. Ужо ў той час Лунненская школа была вядомай навучальнай установай, аб поспехах якой ведалі не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім Савецкім Саюзе. Многія гады ўзначальваў педагагічны калектыў заслужаны настаўнік БССР Мсціслаў Уладзіміравіч Cямак. Да таго ж большасць працуючых у школе настаўнікаў былі старэйшымі за маладога дырэктара.

— Перада мной, тады яшчэ маладым дырэктарам, стаяла складаная задача: захаваць традыцыі, не знізіць эфектыў­насць і выніковасць работы школы, дасягнуць новых поспехаў, а галоўнае — знайсці паразуменне з настаўнікамі і вучнямі, бацькамі і грамадскасцю.

Атрымалася. Лунненская школа сёння — пастаянная ўдзель­ніца інавацыйных і эксперы­ментальных праектаў. Вопыт педагогаў запатрабаваны: ва ўстанове адукацыі часта право­дзяцца семінары рознага ўзроўню — ад раённага да рэспуб­ліканскага. Навучэнцы школы ўзнагароджаны стыпендыяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта ­
Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, абласной прэміяй імя А.І.Дубко, стыпендыяй абласнога аддзялення Беларускага фонду міру, прэміямі Мастоўскага райвыканкама.

Школа і футбол

Віктар Мечыслававіч часта параўноўвае школу з футболам, бо кожны поспех тут — вынік калектыўнай справы. У мінулым прафесійны футбаліст і суддзя нацыянальнай катэгорыі, ён і сёння ідзе поруч са спортам. Віктар Мечыслававіч таленавіта спалучае дырэктарскую справу з работай інспектара Беларускай федэрацыі футбола, а спартыўныя прынцыпы, азарт і пачуццё каманднага духу дапамагаюць яму паспяхова кіраваць установай адукацыі.

З футболам у яго жыцці звязана вельмі шмат. Як гэта часта здараецца, бацькоўскае захапленне прадвызначыла і цікавасці дзяцей. З сур’ёзнымі заяўкамі на футбольны поспех у гэты спорт прыйшлі абодва яго сыны.

— Калі пачаў сур’ёзна зай­мацца са старэйшым сынам Міхаілам, малодшага Сяргея — на той момант жвавага шасцігадовага хлапчука — паставіў у вароты з адной мэтай: каб для яго ж бяспекі не бегаў пад нагамі. Дарэчы, Міхаіл выступае ў Другой лізе чэмпіянату Рэспублікі Беларусь.

Вызначальная выпадковасць

Так сталася, што гэтая выпадковасць вызначыла прафесійнае месца Сяргея на полі. Аб поспехах малодшага сына дырэктар Лунненскай школы гаворыць так захоплена і з гордасцю, што ў яго маналогу рэдка здараюцца паўзы. І тыя толькі для таго, каб перавесці дух і пачаць аповед з яшчэ аднаго эпізоду, які штораз дыктуюць успаміны.

Матчы з удзелам сына — ­адзіныя гульні Вышэйшай футбольнай лігі, якія не інспектуе наш суразмоўнік. Але калі ёсць магчымасць, ён заўсёды на іх прысутнічае.

— Вядома, кампанію ў гэтай справе складае Алена Міхайлаўна. І тут мы заўсёды вельмі розныя гледачы. Кожнае падзенне сына пасля варатарскага скачка яна суправаджае матчыным спачувальным уздыхам. Я ж за ходам гульні сачу хутчэй як аналітык, толькі з папраўкай на бацькоўства. Але, вядома, таксама вельмі хвалююся, — дзеліцца Віктар Мечыслававіч.

Наракае дырэктар школы — спартыўны інспектар, што з ліку навучэнцаў Лунненскай школы сёння нельга скласці каманду па футболе — сярод старшакласнікаў усяго некалькі хлопцаў. І з нейкай асаблівай цеплынёй у голасе ўспамінае часы, калі сітуацыя выглядала інакш.

Тым часам галоўная спартыўная зорачка з Лунна — Сяргей Чэрнік, бываючы ў бацькоўскай хаце, знахо­дзіць час і для сустрэчы са школьнікамі. Сваім прыкладам ён матывуе яшчэ зусім юных дзяцей на вялікія спартыўныя дасягненні і планы. Прычым бывае тут ён заўсёды не з пустымі рукамі. У арсенале спартыўнага інвентару школы падораныя ім мячы, форма.

Яго бацька Віктар Ме­чыслававіч, гаворачы во­бразна, кожным ударам абавязкова трапляе “ў дзявятку” як дырэктар школы. Безумоўна, такія галы ён здзяйсняе дзякуючы камандзе адказных і адданых справе педагогаў. За прыкладамі далёка хадзіць не будзем. У лістапа­дзе Лунненская сярэдняя школа імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета стала пераможцай ІХ Рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня. Праекту “Нельга забыць! Нельга маўчаць!” прысуджаны спецыяльны прыз конкурсу і перамога ў намінацыі “У імя міру і стварэння”.

Формула поспеху Віктара Чэрніка

Стратэгія кіравання

Дасягнуць поспеху можна пры выкананні трох умоў. Першае — веданне ўзроўню, на якім знаходзіцца калектыў сёння. Другое — дакладнае ўяўленне аб узроўні, на які павінна быць узнята работа. Трэцяе — выбар эфектыўных шляхоў і сродкаў дасягнення мэты.

Калектыў

Кадры — галоўны рэсурс поспеху. Перад калектывам трэба не проста ставіць задачу працаваць лепш, а фарміраваць станоўчыя адносіны да сваёй дзейнасці. Амаль ­трэць нашага педкалектыву сёння ўзнагароджана граматамі Міністэрства адукацыі.

Выхаванне

Якасць адукацыі вымяраецца не толькі адзнакамі навучэнцаў. Наша задача — выхаваць асобу з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Гордасцю школы з’яўляецца народны музей баявой славы, які ўзнагароджаны дыпломам І ступені Міністэрства адукацыі. Матэрыялы з вопыту работы былі прадстаўлены на VII Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

Супрацоўніцтва

Цесна ўзаемадзейнічаем з папячыцельскім і бацькоўскім камітэтамі, вучнёўскім самакіраваннем і выпускнікамі, сярод якіх таксама ёсць дырэктары школ. Да таго ж сельская школа — культурны цэнтр аграгарадка.

Умовы

Працаваць школьнаму калектыву важна ва ўмовах, максімальна блізкіх да камфортных. Матэрыяльна-тэхнічная база адпавядае сучасным патрабаванням.

Сям’я

Гэта галоўны адрас падтрымкі ва ўсіх пачынаннях.

Перспектыва

Дрэнны той кіраўнік, які, дасягаючы поспеху, не будуе планаў на будучыню. На дасягнутым спыняцца нельга.

Кацярына МАЦЕВІЧ