Віктар Васюцёнак: «Урач ветэрынарнай медыцыны — прафесія неабыякавых людзей, тых, хто душы не чуе ў жывёлах»

- 13:18Абитуриент, Персона

У прафесіі ўрача (не важна, лечыць ён чалавека ці жывёлу) не можа быць месца раўнадушшу і абыякавасці, бо абавязкова трэба калі не любіць свайго пацыента, то хаця б спагадліва ставіцца да яго. Такога меркавання прытрымліваецца і Віктар Васюцёнак, начальнік аддзела выхаваўчай работы з моладдзю ВДАВМ, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Лёсавызначальны выпадак

Як у 17 гадоў зрабіць правільны прафесійны выбар, каб пасля не шкада­ваць пра яго ні ў студэнцкія гады, ні на працоўным месцы? Гэта рытарычнае пытанне для многіх адзінаццацікласнікаў, якія да апошняга сумняваюцца, куды паступаць.Так было і ў нашага героя — Віктара Васюцёнка, але яго вялікасць выпадак дапамог яму зразумець, дзе атрымліваць вышэйшую адукацыю.

Віктар вучыўся ў міёрскай сярэдняй школе № 2. Да трэцяй чвэрці выпускнога класа ніяк не мог вызначыцца, якія прадметы здаваць на ЦТ. Аднак спраўна хадзіў на факультатывы па хіміі і фізіцы, матэматыцы, беларускай і рускай мовах, а гэта зусім не сумежныя прадметы.

— А пасля знайсці адказ на пытанне “Куды ісці далей?” дапамагла маміна сяб­роўка. Яна ў той час працавала выкладчыцай на адной з кафедр ветэрынарнай акадэміі і падрабязна расказала мне пра студэнцкі гарадок, сталовую, спартыўныя залы, Дом культуры, інтэрнаты — пра ўсё, што цікава чалавеку, які едзе ў чужы горад. І мне спадабаўся яе аповед, — прыгадаў В.І.Васюцёнак.

У 2010 годзе ён паступіў на факультэт ветэрынарнай медыцыны. Іншыя спецыяльнасці не разглядаў, бо з дзяцінства вельмі любіў жывёл. І якім жа было яго здзіў­ленне, калі аказалася, што хваробы ў свіней і птушак розныя, анатомія і фізіялогія — таксама, прычым усе гэтыя тонкасці ветурач павінен ведаць.

— Медыцына вывучае толькі чалавека, а ветэрынарыя — кожны від жывёлы. Чатыры віды лічацца асноўнымі: буйная рагатая жывёла, коні, свінні і сабакі. Да таго ж давайце не забываць пра хваробы дзікіх жывёл і пра модны сёння напрамак — хваробы трапічных жывёл, якія таксама вывучаюцца ў акадэміі, — дадаў Віктар Іосіфавіч.

Сапраўды, каб лячыць жывёл, трэба ведаць іх анатомію, фізіялогію, разбірацца ў відавых, акушэрска-гінекалагічных, хірургічных і клінічных асаблівасцях.

— А яшчэ ветурач у першую чаргу павінен быць псіхолагам-следчым і толькі ў другую — Айбалітам. Бо супакоіць неабходна спачатку гаспадара, пагаварыць з ім, вывучыць анамнез, устанавіць прычынна-выніковую сувязь звароту да ветэрынара і толькі потым пераходзіць да агляду і тэрапіі гадаванца. Вось таму ў акадэміі і вывучаецца вялікая колькасць дысцыплін, каб без праблем спраўляцца са складанымі і непрадказальнымі задачамі, бо такія пацыенты не могуць сказаць аб сваіх праблемах, — патлумачыў герой.

Выпускнікі ветэрынарнай акадэміі настолькі запатрабаваныя, што могуць дазволіць сабе выбіраць першае месца работы, прычым даволі часта з 10 і больш прапаноў работадаўцаў.

У час вучобы ў ВДАВМ Віктар ніколі не сядзеў на месцы. Часам па некалькі дзён не з’яўляўся на занятках, бо рыхтаваўся да чарговага конкурсу альбо мерапрыемства. І хоць перыядычна з-за такога актыўнага жыцця пакутавала вучоба, затое ён набыў шмат сяброў. З многімі з іх сябруе і сёння. Нядзіўна, што яго жыццёвы дэвіз — радок з песні Алега Газманава “Вымярэнне жыцця”, якая пачынаецца са слоў “Я вымяраю жыццё колькасцю сяброў”.

У 2018 годзе наш суразмоўнік паступіў у магістратуру, дзе вывучаў прафілактычную эфектыўнасць вакцыны супраць інфекцыйных захворванняў цялят. Праз два гады яму была прысвоена ступень магістра ветэрынарных навук. А ў 2021-м ён стаў аспірантам кафедры паталагічнай анатоміі і гісталогіі, дзе вывучае палавую сістэму птушак.

Прыемнае з карысным

Поспехі В.І.Васюцёнка ў студэнцкія гады былі звязаны ў тым ліку з грамадскай дзейнасцю. Ён быў дыпламантам конкурсу “Ёсць ідэя — ёсць праект” у намінацыі “Лепшае мерапрыемства творчай накіраванасці”, прызёрам конкурсу “Моладзь за чысціню гарадоў і вёсак” у намінацыі “Лепшы добраахвотніцкі атрад сярод студэнцкай мола­дзі”, арганізатарам дабрачынных акцый па зборы грашовых сродкаў на лячэнне цяжкахворых дзяцей “Дзякуй за жыццё”, пераможцам рэспубліканскага конкурсу “Валанцёр года — Добрае сэрца” ў намінацыі “Лепшае масавае мерапрыемства” і г.д.

— Я і зараз не забываю вопыт грамадскай дзейнасці, назапашаны ў студэнцкія гады. Працуючы начальнікам спартыўнага клуба акадэміі, неаднаразова станавіўся прызёрам круглагадовых спартакіяд навучэнцаў устаноў Віцебска. Затым, працуючы в.а. сакратара і сакратаром БРСМ акадэміі, быў лідарам па працаўладкаванні моладзі і арганізацыі часовай працоўнай занятасці ў Віцебску, Віцебскай вобласці, краіне. У 2017-м быў адзначаны як лепшы сакратар на гарадскім і абласным узроўнях, — расказаў начальнік аддзела выхаваўчай работы з моладдзю ВДАВМ.

Віктар Іосіфавіч мае шэраг узнагарод Віцебскага аблвыканкама і Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў. Да таго ж ён аўтар даведачнага дапаможніка для студэнтаў першага курса акадэміі, галоўны рэдактар студэнцкай газеты акадэміі “Акадэмtimes”. Па яго ініцыятыве з 2019 года ў акадэміі праходзіць рэспубліканскі адукацыйны форум “Студэнцкі тыдзень”. У кастрычніку 2022 года ён ініцыіраваў правядзенне рэспубліканскага адукацыйнага інтэнсіву “Я_у_камандзе”.

Дарэчы, В.І.Васюцёнак у свае 30 гадоў мае істотны працоўны вопыт. Так, спачатку ён быў на пасадзе галоўнага спецыяліста БРСМ акадэміі, пасля — сакратара арганізацыі, затым стаў начальнікам спартыўнага клуба, старшынёй пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў ВДАВМ, а потым яго назначылі галоўным спецыялістам аддзела грамадскай і арганізацыйнай работы Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў. У лістападзе 2020 года вярнуўся ў родную альма-матар на пасаду педагога-арганізатара, а праз паўгода ўзначаліў аддзел выхаваўчай работы з моладдзю.

На пытанне, што самае цікавае і самае складанае ў сённяшняй дзейнасці, Віктар Іосіфавіч адказвае так:

— Моладзь! З ёй вельмі цікава і адначасова складана. Цікавасць заключаецца ў падборы форм, метадаў і падыходаў у рабоце з ёй. Я не згодны з некаторымі педагогамі, якія прапаноўваюць выбудоўваць зносіны са студэнтамі “сухой мовай фактаў”. Ёсць розныя студэнты: нехта адразу разумее і прымае інфармацыю, а ёсць такія, да якіх патрэбны індывідуальны падыход. Увогуле задача нашага аддзела выхаваўчай работы з моладдзю — зносіны на роўных, тады і ты разумееш студэнцтва, і яно — цябе. Ніколі на сустрэчу з навучэнцамі не апранаю дзелавы касцюм, бо гэта адштурхвае іх. Каб стаць “сваім”, трэба стаць як яны.

Найбольш папулярныя спецыяльнасці акадэміі — “Ветэрынарная санітарыя і экспертыза” і “Ветэрынарная фармацыя”.

Служыць чалавецтву

— Урач ветэрынарнай медыцыны — прафесія неабыякавых людзей, тых, хто душы не чуе ў жывёлах і заўсёды гатовы ім дапамагаць. Тут няма месца выпадковым людзям. Калі гэтая прафесія выбіраецца з душой, то і спецыяліст атрымаецца добры. Галоўнае — паважаць сябе і сваю працу і любіць жывёл, — перакананы В.І.Васюцёнак.

Па яго словах, сёння Віцебская ордэна “Знак Пашаны” дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны — адзін з найбуйнейшых адукацыйных і навуковых цэнтраў СНД па падрыхтоўцы высока­кваліфікаваных кадраў для аграпрамысловага комплексу. Тут адкрываюцца новыя напрамкі падрыхтоўкі спецыялістаў, развіваюцца навукова-даследчыя праграмы і міжнародныя праекты, умацоўваецца партнёрства адукацыі і навукі. Не застаецца без увагі выхаванне моладзі з выкарыс­таннем сучасных форм і метадаў, а таксама ідэалагічны складнік.

Калі начальнік аддзела выхаваўчай работы з моладдзю выступае перад старшакласнікамі, то заўсёды падкрэслівае, што, выбраўшы акадэмію, яны трапяць у вялікую сям’ю спецыялістаў, чыёй працай забяспеч­ваецца харчовая бяспека краіны, а таксама прафілактыка, лячэнне і папярэджанне распаўсюджвання небяспечных захворванняў не толькі жывёл, але і чалавека.

За стагоддзе ў ВДАВМ падрыхтавана больш за 36 тысяч спецыялістаў.

— Паступаючы ў акадэмію, вы вызначаеце сваё прызванне і становіцеся на шлях служэння чалавецтву! Гэта ганаровая, паважаная, але разам з тым вельмі адказная і нялёгкая праца. Ад вас спатрэбіцца нямала намаганняў, а галоўнае — жаданне кожны дзень даказваць сапраўдную адданасць выбранай прафесіі. Гэты этап у вашым жыцці будзе новым, займальным і адначасова цяжкім. Тыя, хто не пабаіцца прайсці яго, атрымае прэстыжную і запатрабаваную спецыяльнасць. Станавіцеся выдатнікамі ў вучобе, пераможцамі ў навуковым, спартыўным і грамадскім жыцці і з гонарам нясіце званне студэнта акадэміі! І вы не заўважыце, як сцены ВДАВМ ста­нуць для вас роднымі, а вучоба — адной з самых важных вех у біяграфіі. Не сумняваюся, што, прайшоўшы свой прафесійны шлях, вы не раз успомніце, што менавіта тут, у Віцебскай ветэрынарнай акадэміі, кожны з вас атрымаў пуцёўку ў самастойнае жыццё, — рэзюмаваў Віктар Васюцёнак.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота з архіва героя