“Я дазваляю сваім вучням абдымацца са мной і імкнуся да таго, каб клас стаў для іх домам, дзе кожнага паважаюць і цэняць”. Вікторыя Палявода — адна з самых маладых удзельніц конкурсу, якой невялікі педагагічны вопыт не перашкодзіў апынуцца ў ліку фіналістаў і прадстаўляць сталіцу ў намінацыі “Пачатковыя класы”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Максімальна важная асоба
— Для мяне такой асобай з’ўляецца мой бацька Сцяпан Рыгоравіч Палявода. Ён усё жыццё працуе настаўнікам фізічнай культуры і здароўя ў Лагазінскай сярэдняй школе. Яго адданасць прафесіі, павага і любоў да дзяцей сталі для мяне прыкладам і паўплывалі на мой выбар, — расказвае Вікторыя Сцяпанаўна.
Школьніцай яна прыбягала пасля ўрокаў да таты і назірала, як ён узаемадзейнічае з дзецьмі, як аб’ядноўвае клас, як дэманструе вучням фізічныя практыкаванні. А дома бачыла, як ён піша планы-канспекты, вывучае дакументы, рыхтуецца да пазакласных мерапрыемстваў. Ужо тады яна была пераканана, што знойдзе сябе ў школе, праўда, не ў ролі настаўніка фізічнай культуры і здароўя, бо пры паступленні не адолее нарматывы. А вось працаваць з самымі маленькімі вучнямі — тое што трэба.
— Калі я вучылася ў пачатковай школе, настаўніца дзяліла наш клас на любімчыкаў і нелюбімчыкаў. Той горкі вопыт пераканаў мяне, што так не павінна быць. І я вырашыла даказаць, перш за ўсё сабе, што змагу па-іншаму пабудаваць узаемаадносіны са сваімі вучнямі. Таму ў мяне няма любімчыкаў, да ўсіх адношуся з павагай. Нават калі дзіця сябе дрэнна паводзіць ці вучыцца не на выдатна, я бачу ў ім перш за ўсё асобу. Таму самы непаседлівы вучань можа падысці да мяне, абняцца, падзяліцца сваімі сакрэтамі, — расказвае суразмоўніца.
Пасля заканчэння БДПУ Вікторыя два гады працавала ў сталічнай школе № 69. Яна з цеплынёй прыгадвае педагагічны калектыў, які заўсёды падтрымліваў маладога спецыяліста, падказваў, даваў слушныя парады. Адна з іх гучыць так: першым чынам трэба наладзіць кантакт з вучнямі, а потым пажынаць плады.
“Каб быць добрым выкладчыкам, трэба любіць тое, што выкладаеш, і любіць тых, каму выкладаеш” — гэтыя словы В.Ключэўскага сталі для маладой настаўніцы педагагічным крэда.
— Пяць гадоў назад я перайшла працаваць у школу № 67. Мой першы клас быў інтэграваным: чацвёра дзетак мелі асаблівасці псіхафізічнага развіцця. Каб згуртаваць вучняў, я прыводзіла шмат прыкладаў і тлумачыла, што ўсе мы розныя, у кожнага ёсць свае асаблівасці. Памятаю, калі быў выпускны, мы доўга сядзелі на школьным двары з бацькамі маіх вучняў, размаўлялі, успаміналі, смяяліся, плакалі. Цяжка было развітвацца з дзецьмі, кожнаму я аддала часцінку сваёй душы, але яны не забыліся пра мяне. Падыходзяць на калідоры, калі сустракаюць у школе, а часам і да мяне ў кабінет наведваюцца, дзеляцца сваімі поспехамі, перажываннямі, — прыгадвае настаўніца.
Сакрэты матывацыі
— Дзіця, якое падрыхтавана да школы, больш упэўнена сябе адчувае, яму прасцей. Аднак тут ёсць падвох: настаўніку неабходна паклапаціцца, каб такому вучню было таксама цікава, каб ён атрымліваў новыя веды. Калі бачу, што вучань добра спраўляецца, лёгка засвойвае праграму першага класа, даю яму, напрыклад, чытаць большыя тэксты. З тымі, хто слабейшы, разам чытаем. Імкнуся прыдумляць розныя прыёмы, каб матываваць дзетак да чытання: малюем на дошцы табліцу, дзе адзначаем новыя поспехі кожнага. У сшытках выбіраю самыя прыгожыя элементы ці літары. Трэба, скажам, пяць, а я выберу шэсць, і тады дзеці яшчэ больш стараюцца, — апісвае методыку работы настаўніца.
Узровень вучэбнай матывацыі ў кожнага дзіцяці свой, розны падыход і бацькоў. Усё гэта ў далейшым уплывае на паспяховасць школьніка. На думку Вікторыі Сцяпанаўны, задача настаўніка пачатковых класаў заключаецца не толькі ў фарміраванні ведаў, уменняў і навыкаў, але і ў забеспячэнні далейшага станаўлення асобы дзіцяці, навучанні творчаму і самастойнаму мысленню. Настаўнік павінен не толькі разумець, чаму і як вучыць, але і арганізоўваць працэс такім чынам, каб навучэнцы задаваліся пытаннямі: “Чаму трэба навучыцца?”, “Як гэтаму навучыцца?”.

— Я з’яўляюся адначасова выкладчыкам, выхавальнікам, арганізатарам, псіхолагам, мамай і сябрам для сваіх вучняў. Але такая шматфункцыянальнасць мяне не пужае! Удзячныя вочы дзяцей цешаць і натхняюць мяне на пошук чагосьці новага і цікавага. Энергія, якой яны мяне зараджаюць, дае сілы тварыць, праводзіць цікавыя ўрокі і пазакласныя мерапрыемствы. А падтрымка бацькоў вучняў паказвае, што я ўсё раблю правільна, — пераканана суразмоўніца.
Памыляцца — гэта нармальна
Вікторыі Палявода камфортна з дзецьмі. Яны для яе нібы кураняты, якім яшчэ так патрэбны цяпло і ласка. Гэтага яна не шкадуе для сваіх вучняў. Заўсёды выслухоўвае, на перапынку можа разам з імі патанцаваць пад музыку, сардэчна сустракае іх кожную раніцу, а ўзамен атрымлівае ад дзяцей шчырыя пачуцці і эмоцыі, якія, у сваю чаргу, натхняюць іх на кранальныя ўчынкі.
— У першым класе дзеці толькі навучыліся пісаць, і адзін хлопчык на перапынку паклаў мне на стол лісток паперы. Потым падышоў і спытаў, ці прачытала я запіску. Я разгарнула лісток, а там напісана: “Я вас люблю, Виктория Степановна”. Тую запіску я захавала і берагу як талісман. (Усміхаецца.) А яшчэ ў нашым кабінеце на сцяне ёсць цудоўны плакат, які намалявалі дзяўчынкі. На ім анёл і подпіс: “Вы сёння наш анёлачак!”. Калі бывае жаданне пасварыцца на сваіх вучняў, гляджу на плакат і станаўлюся тым самым анёлачкам. У маім трэцім класе ёсць дзяўчынка, якая любіць абдымацца. І варта ёй падысці да мяне абняцца, як і іншыя далучаюцца. Я не адпіхваю дзяцей ад сябе, лічу, што абдымкі дапушчальныя. А калі вяртаемся са школьнага мерапрыемства ці з заняткаў фізічнай культуры ў клас, то яны гавораць: “Мы ідзём дамоў!”, — смяецца Вікторыя Сцяпанаўна.
Педагог лічыць, што да аднаго ўзроўню ўсіх навучэнцаў падцягнуць немагчыма.
— Як і мае калегі, у сваёй рабоце я выкарыстоўваю дыферэнцыраваны падыход, які дазваляе кожнаму вучню працаваць у сваім аптымальным тэмпе, дае магчымасць справіцца з заданнем, садзейнічае павышэнню цікавасці да вучэбнай дзейнасці, фарміруе матывацыю да вучобы. На ўроках вучні не баяцца дапускаць памылкі і паведамляць, што ў іх нешта не атрымліваецца. Я тлумачу дзецям, што памылкі, якія яны дапускаюць, — гэта нармальна. Галоўнае — вызначыць правільны шлях выпраўлення іх, — тлумачыць Вікторыя Сцяпанаўна.
Сама яна таксама не баіцца памылак і цяжкасцей, без якіх не абыходзіцца настаўніцкая дзейнасць. З вопытам прыходзяць навыкі работы з дакументамі і ўменне будаваць канструктыўныя ўзаемаадносіны з бацькамі дзяцей.
Паглядзець на сябе збоку
У 2018 годзе настаўніца прымала ўдзел у конкурсе “Педагагічны дэбют”: атрымала дыплом ІІ ступені на раённым узроўні. І калі завуч прапанавала паспрабаваць свае сілы ў прафесійным спаборніцтве найвышэйшага ўзроўню, Вікторыя Сцяпанаўна адразу пагадзілася.
— Канечне, хацелася перамагчы на раённым узроўні. Але тое, што я выйшла на горад, стала сапраўднай нечаканасцю. Улічваючы, што маімі саперніцамі былі вопытныя педагогі, марыла ўвайсці ў тройку лідараў. І калі агучылі, што я выйшла на рэспубліканскі ўзровень, плакала разам з завучам ад радасці. Дарэчы, мая перамога — гэта перамога цэлай каманды, — адзначыла суразмоўніца.
Мой сакрэт прафесійнага майстэрства — любоў і павага да сваіх навучэнцаў. Для мяне кожнае дзіця ў першую чаргу асоба, якую трэба паважаць.
Для Вікторыі Сцяпанаўны ўдзел у конкурсе — гэта магчымасць павышэння ўзроўню педагагічнай кампетэнтнасці. Яна прарабіла каласальную працу над сабой, перамагла страх публічнага выступлення.
— Удзел у конкурсе садзейнічае майму самавызначэнню не толькі з пункту гледжання прафесійнай дзейнасці, але і адносна асобасных якасцей. Я ўсвядоміла, што любая праца прыносіць плён. А старанная праца — бясцэнны плён: станоўчыя эмоцыі, самаразвіццё, радасць блізкіх, — дзеліцца разважаннямі настаўніца. — Конкурс дазволіў мне паглядзець на сябе збоку, апынуцца ў непрывычнай сітуацыі і зразумець свае слабыя і моцныя бакі, пачуць каментарыі прафесійнага журы і даведацца, над чым варта папрацаваць, каб стаць лепшай. Наперадзе інтэнсіўная падрыхтоўка да фіналу. Палова верасня будзе прысвечана конкурсу, а значыць, я буду сумаваць па сваіх вучнях і старацца вярнуцца да іх з перамогай. Як жартуе бацька, нездарма ж мяне назвалі Вікторыяй!
Марына ЖДАНАВА





