Вілейскай школе №3 прысвоена імя Вячаслава Сасонкі, які загінуў на пажары, выконваючы службовыя абавязкі

- 16:08Новости

Вілейскай сярэдняй школе № 3 прысвоена імя Вячаслава Сасонкі, які загінуў на пажары, выконваючы службовыя абавязкі, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Подзвіг маладога чалавека ў сярэдняй школе № 3, дзе ён вучыўся, увекавечылі яшчэ некалькі гадоў назад: імем Вячаслава назвалі піянерскую дружыну, а на будынку ўстановы адукацыі размясцілі памятную дошку.

“Наша школа пачынаючы з 9 сакавіка афіцыйна носіць імя Вячаслава Сасонкі, і гэта адзіная ў горадзе пераназваная ўстанова, — расказвае дырэктар сярэдняй школы № 3 Вілейкі Мікалай Гіро. — Вячаслаў Сасонка вядомы ў нашым горадзе і раёне сваім подзвігам. 23-гадовы ратавальнік загінуў у жніўні 1999 года падчас тушэння пажару ў вёсцы Карпавічы, выконваючы службовы абавязак. Малады чалавек атрымаў мноства не сумяшчальных з жыццём апёкаў. Урачы доўга змагаліся за яго жыццё, але выратаваць не змаглі”.

На мерапрыемстве таксама прысутнічалі першая настаўніца В.Сасонкі Валянціна Чур і Марыя Кеўліч, якая была класным кіраўніком Вячаслава з 5 па 11 клас.

“З успамінаў настаўніц, Вячаслаў быў вельмі добрым вучнем, фізічна падрыхтаваным і адказным, — працягвае М.Гіро. — Ён паважаў дарослых, бацькоў і настаўнікаў. Мы ганарымся тым, што выхавалі такога навучэнца, і лічым сваім абавязкам захоўваць памяць пра яго. Сёння на будынку нашай навучальнай установы ўсталявана мемарыяльная дошка. У гонар Вячаслава таксама назавуць завулак у будучым мікрараёне Вілейкі. Дарэчы, акрамя нашай школы, у Вілейскім раёне ў гонар землякоў у апошнія гады названы і іншыя ўстановы адукацыі. Так, Даўгінаўская сярэдняя школа носіць імя вядомага скульптара Уладзіміра Слабодчыкава, Вілейская раённая цэнтральная бібліятэка названа ў гонар паэтэсы Ганны Новік, а дзіцячая школа мастац­тваў — у гонар народнага артыста Беларусі Міхаіла Казінца”.

Наталля САХНО