Вітаем сяброў: 30 гадоў у рытме фестывалю

- 9:00Актуально, Апошнія запісы

XXX Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” аб’яднаў прадстаўнікоў 33 краін і каля 5 тысяч артыстаў.

Узорны харэаграфічны калектыў “Акцэнт” Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі (кіраўнік Настасся Панова) прадставіць 14 творчых нумароў у рознаўзроставых групах на ХІ Міжнародным фестывалі дзіцячай і маладзёжнай творчасці “Вясёлка над Віцебскам”, а таксама будзе задзейнічаны ў суправаджэнні выступленняў удзельнікаў ХІХ Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу.

Абрысы фестывальнага Віцебска заўсёды пазнавальныя і ўнікальныя. На працягу дзесяцігоддзяў “Славянскі базар” аб’ядноўвае народы розных краін праз мастацтва і творчасць. Гэта значыць акрамя вядомых і прызнаных, раз за разам нас чака­юць новыя знаёмствы, праекты, адкрыцці, бо фестываль пастаянна развіваецца і пашырае межы, у тым ліку і ў плане традыцыйных праграм. Заўсёды ў цэнтры ўвагі падзеі на галоўных сцэнічных пляцоўках. Праграма асноўных мерапрыемстваў разлічана на 15—18 ліпеня, але фактычна форум уключае яшчэ 14 і 19 ліпеня. Сюр­прызамі для гледачоў учора сталі выступленне арт-групы “Хор Турэцкага” ў Канцэртнай зале “Віцебск”, сімфанічная рок-феерыя “Уверцюра да фестывалю. Агонь і лёд” у Летнім амфітэатры і канцэрт Грыгорыя Лепса на плошчы Перамогі. Равеснік “Славянскага базару”— знакаміты “Хор Турэцкага” — паспяхова заваёўвае сімпатыі публікі жывым гукам і цудоўнымі галасамі артыстаў, неверагоднай энергетыкай, нясумнай класікай і цікавымі музычнымі навінкамі. Першы ў свеце танцуючы сімфанічны аркестр Concord Orchestra пад кіраўніцтвам італьянскага дырыжора Фабіа Пірола і Санкт-Пецярбургскі балет на лёдзе пакарылі гледачоў фантастычнай песняй лёду і полымя — шоу з удзелам пераможцаў і прызёраў сусветных спартыўных першынстваў па фігурным катанні.

Знакавым для юбілейнага форуму мастацтваў стала адкрыццё 14 ліпеня памятнай дошкі яго заснавальніка — заслужанага дзея­ча культуры Рэспублікі Беларусь, Ганаровага грама­дзяніна Віцебска, дырэктара фестываляў, пра­дзюсара, рэжысёра, генеральнага дырэктара Цэнтра культуры “Віцебск”, віцэ-прэзідэнта FIDOF Радзівона Міхайлавіча Баса.

Галоўная інтрыга “Славянскага базару” — дарослы і дзіцячы песенныя конкурсы “Віцебск-2021”. Беларусь на ХХХ Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні рыхтуецца прадставіць выпускнік Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў (клас Дзяніса Ліса) Данііл Мышкавец. На ХІХ Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе ў творчае спаборніцтва за гран-пры і “Залатую ліру” ўступіць навучэнец гімназіі № 192 Мінска і аб’яднання па інтарэсах Likestudio (педагог Марыя Абасава) Канстанцін Мазуркевіч. Сёння ў 20.30 у Летнім амфітэатры мы станем сведкамі ўрачыстага адкрыцця фестывалю і ўручэння спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення”. На святочным гала-канцэрце чакаюцца зоркі сусветнай велічыні з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Казахстана, Малдовы, Сербіі і Францыі.

Дзясяткі адметных творчых, адукацыйных, культурных і спартыўных пляцовак разгорнуты па ўсім горадзе: фактычна Віцебск ператварыўся ў адзіную фестывальную прастору. Дні моладзі і турнір нацыянальных танцаў, фэст вулічнага мастацтва “На сямі вятрах”, фестываль-конкурс барабаншчыц і мажарэтак, кірмаш народных рамёстваў у “Горадзе майстроў”, Dream Dance Fest, конкурс аркестраў народных інструментаў і лялечны квартал, вулічныя фуд-корты, фестываль фарбаў і свята сямейнага адпачынку, шматлікія выставы, вернісажы, прэзентацыі і майстар-класы, свята-конкурс народнай цацкі і лялькі, выстава-кірмаш “Малы бізнес у фестывальным Віцебску” і ўніверсальны кірмаш “Славянскі калейдаскоп”, спектаклі, тэатральныя і музычныя сустрэчы, экскурсіі — кожны знойдзе лакацыю сабе па душы, а ўваходным білетам з’яўляецца толькі жаданне. Увага аматараў спорту сфакусіравана на плошчы Перамогі, культурна-спартыўным комплексе Летняга амфітэатра і пляцоўцы ў пойме Віцьбы — менавіта тут правядуць масавую “Народную зарадку” ў рамках рэспубліканскага праекта БРСМ “Роднае-народнае”, вызначаць пераможцаў маладзёжнага забегу, адкрытых кубкаў Віцебска па пляжным валейболе і стрытболе (сярод мужчынскіх і жаночых каманд), Кубка Віцебска па пляжным футболе, матчавай сустрэчы па боксе паміж зборнымі камандамі Беларусі і Расіі, турніру Саюзнай дзяржавы і “Кубка губернатара” па гіравым спорце.

Адзінаццаты раз прамяністай рэчкай у вялікі “Славянскі базар” увальецца Міжнародны фестываль дзіцячай і маладзёжнай творчасці “Вясёлка над Віцебскам”, у якім прымуць удзел больш за 500 прадстаўнікоў Беларусі, Расіі, Арменіі, Германіі, Ізраіля, Малдовы і Турцыі. За час свайго існавання ён арганічна ўпісаўся ў багатую палітру фестывальных падзей, прыўносячы ў іх каларыт і шчырасць, ствараючы асаблівую атмасферу, уласцівую менавіта дзіцячай творчасці. На жаль, у мінулым го­дзе фестываль вымушана стаў на паўзу, аднак сёлета “Вясёлка над Віцебскам” зноў заззяе яркімі фарбамі пазітыву, радасці і творчага натхнення! Арганізатары — Віцебскі гарадскі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, Віцебская ордэна “Знак Пашаны” дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны, турысцка-інфармацыйны цэнтр “Ілва” — прынялі рашэнне вярнуцца да традыцыйнага фармату з улікам усіх супрацьэпідэмічных норм і правіл. У­дзельнікі праявяць свае талент і майстэрства ў такіх намінацыях, як інструментальная, вакальна-харавая, фальклорна-этнаграфічная, харэаграфічная, тэатральная творчасц­ь, арыгінальны жанр, цыркавое, в­ыяўленчае, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і мастацкія рамёствы, фота і журналістыка (блогерства). Адметнай асаблівасцю будзе далучэнне да “Вясёлкі над Віцебскам” Міжнароднага фестывалю-конкурсу рускай культуры “Вытокі”. У склад журы фестывалю-конкурсу запрошаны заслужаныя дзеячы культуры і мастацтваў, прафесійныя педагогі. Узначаліць журы Наталля Баннава — народная артыстка Расіі, прафесар кафедры эстрадна-джазавых спеваў Інстытута сучаснага мастацтва (Масква). Старт святу дзіцячай і маладзёжнай творчасці будзе дадзены 17 ліпеня, заключныя пазыўныя прагучаць 19 ліпеня падчас гала-канцэрта лаўрэатаў. Фестываль-конкурс праводзіцца пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыя­нальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы, Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў. Лепшых юных артыстаў чакаюць спецыяльныя прызы ад Прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь — Расійскага цэнтра навукі і культуры ў Мінску.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.